Манн Клаус
Шрифт:
Ён павольна падняў галаву, на скронях пакутлівая рыса паглыбілася. На бледным твары зеленавата-блакітныя вочы расшырыліся ад асалоды альбо ад страху. Ён моўчкі ўтаропіўся на прынцэсу Тэбаб, на Чорную Венеру.
Негрыцянкай яна была толькі па маці — бацька быў гамбургскі інжынер, — але цёмная раса сталася мацнейшай за белую: прынцэса выглядала не паўкроўкай, а без малога чыстакроўнай. Колер грубай, месцамі патрэсканай скуры быў цёмна-карычневы, на нізкім пукатым лобе і на вузкіх жылістых руках амаль чорны, толькі далоні прырода пафарбавала святлей, а колер верху шчок Джульета пафарбавала сама з дапамогаю шмінак і свайго густу: на моцных брутальных скуляках былі пакладзены штучныя, быццам сухотныя плямы. Вочы таксама былі касметычна апрацаваныя: бровы паголены і заменены тоненькімі палоскамі, нанесенымі вугалем, вейкі штучна падоўжаныя, на верхнія да самых брывоў накладзены чырванавата-блакітныя цені. Затое тоўстым губам яна пакінула іх натуральны колер. Фіялетавыя губы над беласнежнымі зубамі, якія адкрываліся пры смеху і лаянцы, былі грубыя, цёмныя, як і рукі і шыя, але з гэтым змрочным тонам адмыслова кантраставала здаровая чырвань дзяснаў і языка. Увесь твар асвятляўся рухавымі, калючымі і разумнымі вачыма і бліскучымі зубамі, а нос быў пляскаты, прыплюснуты, але гэта можна было заўважыць, толькі пільненька прыгледзеўшыся. Інакш здавалася, быццам ніякага носа не было ўвогуле. Ён не рабіў уражання пагорка сярод распуслівай і злавесна-прыцягальнай маскі; хутчэй ён здаваўся ўпадзінай.
Варварскай галаве Джульеты куды лепш падышоў бы фон дрымучага лесу, чым мяшчанскага пакоя з плюшавай мэбляй, бразготкамі і шаўковымі абажурамі. Зрэшты, расчароўваў не толкі фон, але і тое, што ўвенчвала галаву, — валасы. То была не чорная кучаравая грыва, якая так упасавала б да гэтага лоба, да гэтых губоў. Здзіўляла якраз гладкая цьмяная русявасць валасоў, прычоска была вельмі простая, з прадзелам пасярэдзіне. Цёмная дама любілау нагадваць, што колер іх яна ўспадкавала ад бацькі — гамбургскага інжынера Мартэнса.
Тое, што існаваў чалавек з такім прозвішчам, такой прафесіі і быў яе бацькам, нікім не аспрэчвалася і не ставілася пад сумненне. Зрэшты Мартэнс ужо колькі гадоў як памёр. Праца ў Афрыцы аніяк не паспрыяла ўмацаванню яго здароўя. Змучаны малярыяй, зруйнаваўшы сэрца ўколамі хініну і алкагольнымі эксцэсамі, ён вярнуўся ў Гамбург, каб там, без адкладу і не прыцягваючы лішняй увагі, сканаць. Каханку-негрыцянку пакінуў у Конга, як і маленькае цёмнаскурае стварэнне, якое нібыта магло быць яго дачкою. Вестка пра смерць інжынера не дайшла да Афрыкі. Прайшлі гады, Джульета страціла і маці; і вось яна выправілася ў далёкую і, напэўна ж, поўную дзівосаў Германію. Яна спадзявалася, што там яе ахіне бацькоўская любоў. Але ёй нават не змаглі паказаць інжынераву магілу; парэшткі беднага бацькі зніклі, як і памяць пра яго.
Шчасце юнай Джульеты, што яна ўмела прыстойна танцаваць стэп, яна гэтага навучылася яшчэ дома. Ёй удалося атрымаць месца ў адной з самых лепшых устаноў Сант-Паўлі. Там яна напэўна ж yтрымалася б, і, магчыма, разумнай і энергічнай асобе была б наканавана пачэсная кар'ера, калі б яе бурны тэмперамент і неадольная схільнасць да моцных напояў самым фатальным чынам не перакрэслілі яе разлікаў. Яна любіла хадзіць з плёткай і не магла адмовіцца ад пахібнай звычкі кідацца на тых сваіх знаёмых і калегаў, з кім сыходзілася не па ўсіх пунктах, альбо не супадала ў настраёвасці; спачатку з гэтай прыдуры ў Сант-Паўлі весела пакепвалі, як з вельмі мілага смешнага бзікy, пасля, аднак, гэты бзік пачаў ужо бзычаць ці не залішне арыгінальна і, бадай, проста шкодна.
Джульету звольнілі, і яна ў бестурботна шпарка-борздкім тэмпе перажыла тое, што звычайна называюць "падзеннем з прыступкі на прыступку згары лесвіцы данізу", кажучы інакш, свой "скочны куншт" яна мусіла ад разу да разу дэманстраваць ва ўсё горшых, ва ўсё больш захлюпаных забягалаўках. Яе зборы на гэтым прыхілішчы зноў жа ад разу да разу ўсё больш мізарнелі, аж яна мусіла нарэшце шукаць пабочнага заробку. Што ж яшчэ пабочнага яна магла знайсці, апрача вечаровых шпацыровак па Рэпербане і суседніх вулках? Прыгожае цёмнае цела, якое яна з гордай годнасцю праносіла па тратуарах, было куды як не самым заляжалым таварам на велізарным кірмашовым распродажы целаў, выстаўленых на начную патрэбу заезнай матрасні і знуджаным пачэсным мужам горада Гамбурга.
Артыст Гендрык Гёфген, зрэшты, пазнаёміўся з Чорнай Венерай зусім не на панелі; зусім не, гэта адбылося ў цесным, пракураным і прамацюканым п'янай бражняй кабаку, дзе яна за вечаровы ганарар у тры маркі дэманстравала сваё цёмнае, гладкае цела ў віртуозных рухах рытмічнага стэпу. У праграме змрочнага кабарэ чорная танцорка Джульета Мартэнс значылася як прынцэса Тэбаб — імя, якое яна магла насіць толькі ў якасці сцэнічнага псеўданіма, але на якое прэтэндавала і ў будным жыцці. Калі верыць ёй, яе нябожчыца маці, пакінутая каханка гамбургскага інжынера, была чыстай княскай крыві: была дачкою сапраўднага, бясконца багатага, шчырадушнага, але, на жаль, у самым далікатным узросце з'едзенага ворагамі негрыцянскага правадыра. Што да Гендрыка Гёфгена, дык яго ўражваў не так яе тытул, — хоць і гэта яму было не абы што, — як рухавыя калючыя вочы і мускулы шакаладных ног. Пасля таго як скончыўся нумар прынцэсы Тэбаб, ён зайшоў да яе ў грымёрную, каб выказаць сваё — спачатку, можа, крыху і нечаканае — пажаданне: менавіта — браць у яе ўрокі танцy.
— Сёння актор павінен быць трэніраваны, як акрабат, — патлумачыў ён ёй.
Але прынцэса не вельмі цікавілася яго тлумачэннямі. Зусім не здзівіўшыся, яна тут жа дамовілася з ім пра цану і першую сустрэчу.
Так завязаліся адносіны паміж Гендрыкам Гёфгенам і Джульетай Мартэнс. Цёмнаскурая дзяўчына была "настаўніцай", інакш кажучы, валадаркай, а перад ёю стаяў бледны мужчына, "вучань" — паслухмянец, прыніжаны, які прымаў кару гэтак сама пакорліва, як і рэдкія скупыя пахвалы.
— Глядзі на мяне! — загадала прынцэса Тэбаб, вылупіўшы вочы, тым часам як ягоныя вочы, поўныя пажады і страху, не адрываліся ад яе ўладарнага твару.
— Якая ты прыгожая сёння! — вымавіў ён нарэшце, ледзь варушачы губамі.
— Не вярзі дyрноты! — накінулася яна на яго. — Я не прыгажэй звычайнага!
Пры гэтым яна правяла рукою па грудзях і абцягнула на сабе вузкую плісераваную спаднічку, якая адкрывала калені ў чорных шаўковых панчохах, бо зялёныя боцікі з мяккай лакіраванай скуры даходзілі вышэй сярэдзіны лытак. Пад прыгожыя боцікі і кароткую спаднічку яна насіла яшчэ і шэры футраны жакецік, падняўшы каўнерык да самай патыліцы. На цёмных жылістых запясцях брынчалі шырокія бляшаныя бранзалеты. Самым элегантным атрыбутам яе туалетy была плётка — Гендрыкаў падарунак. Бліскуча чырвоная, з плеценай скуры. Джульета ў пагрозліва рэзкім рытме паляпвала ёю па зялёных боціках.