Вход/Регистрация
Мэфіста. Раман аб адной кар'еры
вернуться

Манн Клаус

Шрифт:

Прафесар спытаўся пра гэта так, быццам ім кіравала чыста тэарэтычная цікаўнасць. Гендрык паспяшаўся запэўніць:

— Грошы мяне абсалютна не цікавяць. Праўда, зусім не цікавяць, — паўтарыў ён вельмі праўдападобным тонам, бо заўважыў, што Прафесар скруціў скептычную грымасу. — Я зусім не раздураны. Мне трэба няшмат — свежая кашуля ды флакон адэкалону на тумбачцы.

Прафесар яшчэ раз засмяяўся.

— Дэталі абмяркуеце з Кацам. Я яму ўсё скажу. — І аўдыенцыя закончылася, Гендрыка адпусцілі кіўком рукі.

— Калі ласка, кланяйцеся ад мяне вашаму цесцю, — сказаў Прафесар, зноў заклаўшы рукі за спіну, каржакаваты, шчыльны, і напалеонаўскім крокам пайшоў па тоўстым кабінетным дыване.

Гер Кац быў за генеральнага сакратара ў Прафесара. Ён вёў справы і фінансы маэстра, засвоіў такі самы рыпучы голас, гэтак сама ж прыцмокваў языком. Перагаворы паміж ім і акторам Гёфгенам адбыліся таго ж дня. Гендрык цалкам прыняў умовы дагавору, пра якія дырэктар Шміц не адважыўся б нават заікнуцца. Умовы былі самыя жахлівыя: семсот марак месячна за мінусам падаткy. Прычым ніякіх роляў не гарантавалася. І ён гэта стрываў? Так, калі ж так трэба, раз ён хоча ў Берлін, а ў Берліне ён нікому не вядомы. Зноў усё спачатку! Гэта нялёгка, але трэба, кyды ж ты дзенешся. Ідзі на ахвяры, калі хочаш славы.

Гендрык паслаў Доры Марцін вялізны букет чайных ружаў. Да прыгожых кветак ён прыклаў паперку, на якой буйнымі каравымі літарамі напісаў толькі адно слова: "Дзякую". А дырэктарам Шміцу і Кроге паслаў ліст. Коратка і суха ставіў іх да ведаму, што, будучы дужа многім абавязаным ім абодвум, на жаль, не можа ўзнавіць кантракт з Мастацкім тэатрам, бо Прафесар запрасіў яго на бліскучых умовах. Кладyчы ліст у канверт, ён на некалькі імгненняў уявіў сабе ўражаныя твары ў гамбургскім тэатры. Пры думцы пра заліты слязьмі твар фраў фон Гэрцфэльд ён захіхікаў. І вельмі развяселены паехаў у тэатр.

Ён далажыў пра сябе ў грымёрнай Доры Марцін, але пакаёўка намякнула яму, што актрыса якраз прымае Прафесара.

— Так, я зрабіў вам гэтую дзіўную паслугу, — сказаў Прафесар, задуменна гледзячы на худыя плечы Доры Марцін, схаваныя пад хусткай. — Я ўзяў гэтага хлопца. Як бо там яго завуць?

— Гёфген, — засмяялася Марцін. — Гендрык Гёфген. Вы яшчэ запомніце гэта імя, дарагі.

Прафесар ганарыста перасмыкнуў плячмі, пацмокаў языком і выціснуў некалькі рыпучых гукаў.

— Ён мне не падабаецца, — сказаў ён у заключэнне. — Камедыянт.

— А вы супроць камедыянтаў? — Марцін паказала ва ўсмешцы зубы.

— Я супроць кепскіх камедыянтаў. — Прафесар, здавалася, гневаўся. — Супроць правінцыных камедыянтаў, — сказаў ён злосна.

Марцін раптам пасур'ёзнела, позірк яе пацямнеў.

— Ён мне цікавы, — сказала яна ціха. — Такі бессаромны. — Яна пяшчотна ўсміхнулася. — Ён абсалютна нягодны чалавек. — Яна пацягнулася амаль палка і адкінула назад дзіцячую разумную галоўку. — Ён яшчэ няраз насюрпрызіць нам, — сказала яна, летуценна ўтаропіўшыся ў столь.

Праз некалькі секунд яна рэзка ўстала і замахала на Прафесара рукамі, праганяючы яго за дзверы.

— Хопіць! — сказала яна смеючыся. — Ідзіце! Ідзіце прэч! Мне пара надзяваць парык!

Прафесар ужо ў дзвярах паспеў спытацца:

— А чаму нельга паглязець, як вы надзяваеце парык? — І вочы ў яго загарэліся.

— Не, не, нізавошта! — Марцін затрэслася ад гневу. — Пра гэта і гаворкі быць не можа. Раптам хустка з плячэй спаўзе! — і яна шчыльней захуталася ў стракатую хустку.

Голас Прафесара гучаў здушана.

— Шкада! — выдыхнуў ён.

Калі славуты чарадзей, якому амаль усе жанчыны яго атачэння абрыдлі надта вялікай саступлівасцю, пакідаў грымёрную, у яго было пачуццё, што, як толькі ён пакіне Дору Марцін, яна за яго плячыма ператворыцца ў русалку, альбо у гнома, альбо яшчэ ў якую істоту, ужо такyю незвычайнyю, што ніхто нават не ведае, як яна называецца. Рафінаваная і дзіўная цнатлівасць вялікай актрысы наставіла Прафесара на задумлівы лад, і ён не адразу пазнаў наструненага хлопца, які, усміхаючыся, зняў перад ім стракаты капялюш з пяром. Толькі пасля зразумеў, што гэта Гёфген вітаў яго з такім дагодлівым какецтвам.

Новая, ашаламляльная сітуацыя рэзка амаладжае Гендрыка Гёфгена. Правінцыйная слава, даволі-такі ўтульная, засталася ззаду. Ён зноў пачатковец, трэба зноў заявіць пра сябе. Каб дастацца да вярхоў, трэба натужыць усю сілу. Гендрык з прыемнасцю заўважае, што сіла ў яго ёсць, яна гатовая да ўжытку. Ён падабраўся, скінуў амаль увесь лішні тлушч, яго рухі — рухі воіна і танцора. Хто ўмее так усміхацца, хто ўмее так прамяніць вачыма, той даб'ецца поспеху. У яго голасе ўжо гучыць радасць перамог, якіх пакуль што няма, але яны не забавяцца.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: