Гениюш Лариса Антоновна
Шрифт:
Брату Расціславу
Ты казаў калісьці: не сумуй, сястронка, над пакутным Краем злітуецца Бог. Барані і цеш ты родную старонку, а я буду бацькаў сцерагчы парог. Ты казаў: пяі нам соладка і звонка, раскідай праменні жменямі наўкруг, я ж з усходам сонца роднай баразёнкай весела сталёвы пакірую плуг. Да Радзімы-маці разбудзі каханне, запалі ты сэрцы вольнасці агнём. Хай народ прачнецца, хай з няволі ўстане, я ж засею гоні залатым зярнём. Ты гары натхненнем для братоў, для Краю, ахвяруй ім душу палкую сваю, я ж з дзікой Сібіры сэрцам прычакаю і сустрэну хлебам родную сям’ю. Не згадаў ты долі, наймілейшы браце, горыччу бязмернай пакараў нас Бог — не вярнецца бацька, не вярнецца маці із зямлі сырое на пусты парог... Не уціх над светам здзек пакутаў люты, ў збураных руінах не спыніўся бой, мне на душу ўчора налажылі путы, а цябе прыкрылі чорнаю зямлёй. Не змаглі мы гора, сокале, з табою, плача маё сэрца, стогне цэлы Край. Паплыве у Нёман кроў яшчэ струёю із народных ранаў... Ах, бывай, бывай! Ударыў вецер
Ударыў вецер халоднай завеяй проста ў вочы, у сэрца, у твар, спарахнела навекі надзея, пахіснуўся святы мой алтар. Мілы Божа, дык я ж не устою, глянь — заместа зялёнай мяжы, места роднай сям’і прада мною, як распяцці, адныя крыжы. І над доляй пакутных субраццяў не галосяць свабодай званы, а народ зноў ідзе на распяцце, і гучаць ў цішыні кайданы; ў безнадзеі пакутных часін, грозных ўзрываў нягоднага болю цяжкі жаль расплываецца ў сінь, ў хмары слёзаў цярпенняў бяздольных. Каб у пору апасці далоў звонкім градам адплаты і смерці на убогасць туманных галоў, што паранілі людскасці сэрца. Каб прыпомнілі злым і слабым, што ёсць моцы людское граніцы і што зло не развеецца ў дым, а вярнецца назад навальніцай. Дзень і ноч, і жыццё ёсць і смерць, жар і холад, і восень і лета, ёсць тыраны пакрыўджаных сэрц — ёсць і помста страшная за гэта. Дзве Маці
Брату Расціславу
Як два промні юначых гадоў, дзве матулі дало яму неба. Меў жыццё ад адной, ласку любую слоў, ад другой – кусок чорнага хлеба. Ад адной – мілы спеў, жар кахання ў грудзёх, дотык гладзячых рук па чупрыне, ад другой – пах вясны на бязбрэжных палёх, пояс Нёмана шоўковы, сіні. Із адною ішоў бездарожжам жыцця, у далоні збіраючы слёзы. Із другою валок закрываўлены сцяг, як Хрыстос колісь крыж па дарозе. Дарагую адну адарвалі ўначы, зацягнулі ў сібірскія далі, Бог малітваў не ўчуў і не даў памагчы тым грудзём, што жыццё даравалі. З белай смерцю яна ў іншы сьвет адышла, анямела ў мучэннях прадчасна, з незагоеных ран адляцела душа, як апошняя зорачка згасла. Не падаў ёй вады, не пагладзіў рукі у гарачцы цяжкой, на прашчанне, і не ведаў, што труп адкапалі ваўкі із зямлі ледзяной прад світаннем. Дзве матулі ён меў, дзве сардэчна кахаў, кожна з іх дзецюка гадавала, калі з болем адну у жыцці пахаваў, дык другая яго пахавала. Не глядзела яна, што на свеце не жыў, не кахаў, не смяяўся да зораў, дзесь на грудзі вясной голаў ёй палажыў, ясны сноп у крыві на разорах... Прыгарнула яго, з ранаў выцерла кроў, скрыла цела магутнае ў нетрах, там часамі з слязьмі над насыпаны роў нагінаецца вербачка з ветрам. I замерла сама пад ударам чужым, мест вянкоў апранулася кірам, і чакае адна, сярод мук на крыжы, тых дзяцей, што зляцелі у вырай. Брат мой Аркадзь
Брат мой, кажуць, ад кулі памёр, доляй гнаны, ў чужыне загінуў. Ўсё ж ён строгаму свету ў дакор ясны смех свой званочкам пакінуў, сінь вачэй адказаў васількам, мілы голас — жывым ручайкам. Нёс надзею і радасць для нас... Вастрыё засталося ўспамінаў і адзіны, крывавы адказ: медалі із-пад Монтэ-Касіна і кашуля з засохшай крывёй, і кусочак зямелькі чужой. Лёг у дваццаць вясняных гадоў сярод красак цвітучай Італіі, бы ў пахучых учадзеў садох, бы расплыўся ў чаруючых далях, ў кіпарысах трагічна-сумных абарванай надзеяй заціх. Сэрца
На разрытай аружжам зямлі, на скрываўленых шэрых загонах раны йзноў зараслі, зажылі пад кашуляю траваў зялёных. Із шматлікіх магільных капцоў, із прасяклых крывёю разораў вырас мак пурпуровы ізноў, прыгажэйшы, буйнейшы, як ўчора. Толькі сэрца не можа ажыць, як вясною загон ажывае, калі ўсенька пад крыжам ляжыць, а зямля сцеражэ, не вяртае. І бацькоў, і братоў ўжо няма, сэрцы вырвалі ім перадчасна. Ўжо жыцця не раз’іскрыцца май над магіламі полымем ясным. Із руінаў падымецца дом, на пажарышчы вырасце топаль, толькі ў сэрцы, у сэрцы людском застанецца боль вечны і попел... Чайкі
Прыляцелі чайкі на вэлтаўскі бераг, раннім вішняцветам нізенька апалі. Хочацца так з імі ў вяснянай веры разам прытуліцца да шумлівых хваляў. Ці лунаць свабодна над палі і рэкі, і ўзляцець насустрач сонцу веснавому. Гэдак надаела быць мне чалавекам – скованым стварэннем, без зямлі, без дому... Учора
Учора праз сіні кусочак аконца на сумныя вочы, на рукі як з воску сонца паслала маленькую коску. А мо не было гэта яснае сонца? Мо з даляў, мо з гробу аж поглядам мілым матуліны вочы сюды заблудзілі? Як водгулле шчасця, прыйшлі нечакана да родных, да мілых, да сэрцам каханых, каб жарам нязгаслым ад болю і плачу уцеху пасеяць у сэрцы дзіцячым? А мо то не матчыны мілыя вочы, што бачаць праз далі, праз цемрыва ночы? То, можа, край родны, крывёю абліты, прыслаў прывітанні дачцэ незабытай? А мо то не край мой, як святасць, каханы, заўсёды прыветны, заўсёды чаканы? Мо Бог пасылае мне променьчык мілы, каб выстаяць ў буру хапіла мне сілаў? Учора праз сіні кусочак аконца, мо промень пяшчотны ласкавага сонца, мо край мой, мо іскра з каханага вока – штось глянула ў душу глыбока, глыбока. Малы перапынак
Вачамі да воблакаў сініх прыпаўшы, п’ю кволасць прамення ў парыве вясняным, нат заўтра здрадлівым ударам не страшыць, і голкамі сэрца ўспаміны не раняць. То проста ў дарозе малы перапынак. Усё, што дадзела, убок адкладаю, любуюся беллю вішнёвых галінаў, запененай рунню, чакаючай даллю. Гляджу, як гуляюць вятры на свабодзе, як рэкі на хвалях калышуць праменні, як дзень замірае, як ноч надыходзе з балотных лагчынаў трывожачым ценем. Праз плечы ёй месяц на золаце зораў, бліскучы і ясны, ляніва звісае. Штурмуючы хмары адважным напорам, з выццём і адчаем вятры пралятаюць. Ды часу няма мне ваколле галубіць, бяру сваё гора, дарога чакае... Ноч доўга, трывожна ў рог месяца трубіць, і зоры вятрамі ў засекі зганяе.