Гениюш Лариса Антоновна
Шрифт:
1942
Моладзі
Гэй, збірайцесь, крывіцкія дзеці, пад народны, пад горды наш сцяг! Воля Краю нам зоркаю свеціць, яго шчасце — у нашых руках! Мы за волю крывіцкіх прастораў, мы за спадчыну нашых дзядоў аддамо, каб насыціўся вораг, жыццё наша і нашую кроў. Але Краю, што Нёман галубіць, гэтых сэрцаў, што воляй гараць, — ўжо не будзе арол крывадзюбы да крыві пазурамі здзіраць! Нам не страшны сібірскі больш холад, нам не страшны маскаль або лях, чужы серп непатрэбны, ні молат — мы разгорнем крывіцкі наш сцяг! Нашы сэрцы гімн родны зайграюць!.. Адгукнецеся, сёлы, ў адказ! Мы нясём жыццё наша для Краю, мы нясём жыццё наша для вас! Станем дружна ўсе брат каля брата, абаронім Краіну грудзьмі, воля будзе вялікай заплатай за нягоды цяжкой барацьбы! 1941
Ужо даволі
Ўжо даволі нам стагоддзі адну горыч піць! Боль і гора сваё годзе ў Нёмане тапіць! Ўстанем, крыўды нагародзім, запяём мы аб свабодзе, станем вольна жыць! Доўга мучыў вораг люты ў капцюрох сваіх... Голас волі ў сэрцах скутых ўсё ж ды не заціх! Ўжо мінае час пакуты, паржавелі нашы путы, сёння скінем іх! Гэй, паслухайце з курганаў, рыцары-браты! Ўжо не сцелюцца туманы палассём густым, — толькі сонца рве кайданы, асвячае, гоіць раны, залаціць куты! Што было — навукай будзе, мы ж пайдзём ўпярод! Нашых сэрцаў не астудзіць нат сібірскі лёд! Воля сілай б’е у грудзі, звонам веча кліча, будзіць цэлы наш народ! Хто з нас верным Краю сынам — кажны ўздыме сцяг! Для крывавых каляінаў мала пачуцця! — мы з узлётам сакаліным ахвяруем для Краіны дар свайго жыцця! 1942
Рукапісны зборнік “Вершы (1945—1947)”
Кусочак неба
Мяне свет ласкі не сустрэў — апошні блеск пагас учора, а сэрца тысячамі стрэл зноў злосна пранізала гора. Б’юць хвалі ў грудзі мне із дна. Паміж запененых прыбояў стаю прад бурамі адна з глыбокай верай, што устою. Навісла цяжасць чорных хмар, шалее бура, сіл мне трэба... Ўздымаю з болем ўгору твар — там ў цьме бліснуў кусочак неба. Удар
Учора сурова падбілі мой лёт, песні паранілі ясныя крыллі, гэтак часамі вясною галлё бура шалёная глуміць і хіліць. Заўтра мо большы, страшнейшы удар целам маім страсяне чалавечным. Потам пакрыецца змораны твар, гледзячы сумна у вір небяспечны... Толькі мой вольны не зломіцца дух, Божая іскра у целе бязрадным. Голаву ўзняўшы, у цемень пайду, сэрцам у небе пытаючы праўды. Чужыя хвоі
Пад чужым небам шапочуць хвоі, дзіўную песню штодня тут чую, пытаюць ціха: скуль я і хто я? Адкуль прыходжу, па чым сумую? Стрункія хвоі чужога краю, добра мне голаў аб вас аперці. Вецер аб долі ж хай не пытае, словам не скажаш таго, што ў сэрцы. Словам не скажаш аб тых цярпеннях, што сум на душы пластамі сцеле, што сонца крые магільным ценем, а расказаць вам — вы пасівелі б... Лепш загудзеце, сумныя хвоі, вольна, свабодна, вы жа не людзі... Зялёным шумам сэрца ўспакою, ад вольнай песні лягчэй мне будзе... У асенні дзень
Йду ціхім, асумелым садам, шмат лісця вецер ўжо аднёс, толькі, як жменя буйных слёз, вісіць галінка вінаграду. Над траў зялёным вадападам не чэшуць вербы сваіх кос, не вабіць ліпа мёдам кроз, не кліча груша сесці радам. Не белы бэз пахучым чадам, а на кустох зацвіў мароз, і градам буйных горкіх слёз звісае жменя вінаграду. Цуд
Весяліўся, смяяўся агонь, чырванеў, як зара-зараніца, і згараў на ім белы мой конь, і згараў на ім мужны мой рыцар. Як з паганскіх курганных часоў, ішлі ўдовы на вогнішча смерці, я, найболей няшчасная з ўдоў, свайму рыцару кінула сэрца. Ўзняўся ў неба ахвярны мой дым, рос із сэрца майго агнявіцай, і скрозь слёзы я бачыла ў ім, як ажыў зноў конь белы і рыцар. І сярод найцяжэйшых пакут я паверыла сэрцам гаротным, што з ахвяраў нам зродзіцца цуд, што наш Рыцар і Край — несмяротны. Б’юць хвалі
Б’юць хвалі прыбоем з радзімых крыніц, ажыўшыя воды ракочуць, задорныя, і вольная песня не знае граніц, б’е звонам у небе з грудзей непакорных. Хто спутае хмары і зменіць іх бег, хто воблакам плысці іначай раскажа і, глянуўшы ў душу людскую глыбей, хто дум пераніжа натхнёную пражу? Шляхотныя рукі магчыма скаваць, сумленне, бывае, грашамі заплацяць, а думаў арліных нам смерцю стрымаць найбольшы у свеце тыран не патрапіць. Іх вольнаму лёту — бязмежны прастор, ля хат разальюцца, як рэкаў разводдзе, з прыземных нізінаў імкнуцца да зор, то сонцу насустрач ў расплаўлены поўдзень. І вольнае песні, што служыць багом, ніхто не зняволіць, ніхто не заплаціць; захоча — шле словаў караючы гром, захоча — лялее сумуючых браццяў. А крыллі параніць ля дротаў чужых — памостам рассцеле міражныя гоні. Йдзе звонка палём зарунелым служыць і ласкаю вернаю любых агорне. То — быццам бы бура, то — лёгенькі ўздох, а сэрцы людскія і гоіць, і раніць, разжаліцца просьбаю — слухае Бог, раззвоніцца праўдай — баяцца тыраны.