Вход/Регистрация
Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія
вернуться

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:

1943

* * *
Блукаю сёння па родным краі збалелым ценем. Хачу быць кропляй, што перапаўняе чару цярпення. Хачу быць словам, што напраўляе на шлях сапраўдны, сілай, якая перамагае ў баі за праўду. Пад тваім небам, чыстым і сінім, быць канапелькай, быць тваім гордым, вечным ўспамінам, мая зямелька.

1943

Бацька мой
Бацька мой родны, родзіч мой мілы. Глядзеў ты ўслед мне, здаецца, учора. Сёння не знаю нават магілы, дзе твае косці злажыла гора. Бацька мой сільны, табе б спакойна сеяць пшаніцу на родных гонях, у дзень кірмашны вокам нямыльным ацэньваць коні. Табе б на плечы сыноў-асілкаў пакласці рукі ў гадоў змярканні і ўнукам баяць пра ўсе памылкі, пра ўсе уцехі юнасці ранняй. Табе б ад маці лепшы кусочак, табе б з сябрамі чарка ў бясёдзе, пашана ўнукаў, апека дочак, пачэсны гонар у нашым родзе. Бацька мой родны, даруй, што старасць тваю я сэрцам не даглядзела. Несла ў далонях сваю ахвярнасць, несла і раптам асірацела. Дзе твае косці сёння? Не знаю. Апошніх спеваў ужо не пачую. Хмары навіслі над нашым краем, на родных гнёздах вораг лютуе.

1943

Залатая сонца калясніца
Ноч крылом пастукала у дзверы, вецер сілай тузае прабой, застанецца ўсё, што на паперы, ўсё, што ў сэрцы,— забяру з сабой. Заўтра залунае снег вішнёвы, зацвіце на сонцы бэзаў куст. Ёсць такое казачнае слова, вырванае з рэбраў: Беларусь. Вораг далі не аддасць затанна, гордасць выбілі ў паніжаных рабоў, паляглі айчынныя тытаны недзе за пярэплаццю дратоў. Недасказана, нязроблена так многа, неадпомшчана за слёзы і за кроў. Я пакіну вам мае трывогі, я пакіну вам маю любоў. Няхай сэрцу змучанаму сніцца пах вясны, вішнёвы белы дым, залатая сонца калясніца, вольны сцяг і пераможны гімн.

1943

Старажытная сага
Градам слоў б’еш у сэрца маё, нат вясняных не слухаеш казак, толькі ў маршы ідзеш праз жыццё, знаеш слова адно: абавязак. Быццам панцыр на сэрца ўзлажыў — не прабіць яго нават вачыма. Не ад шэптаў кахання дрыжыш, а ад яснага слова: Айчына. Места ў вочы — глядзіш на курган, места рук маіх — меч абдымаеш. Нат не бачыш, як гнуткі мой стан, нат не чуеш, як шчыра кахаю... Тваё сэрца рашуча так б’е... Толькі сіла, нязломная сіла... Ці не чуеш, што травень пяе, што чароўная ноч гаманіла? Цябе, знаю, нішто не сагне, ты жывеш толькі, моцны, для краю. Ўсё ж ты казачны сон для мяне, ўсё ж цябе я бязмежна кахаю. Шчасце колісь, як птах, адляціць, нат каханне згарыць, як лучына,— сонцам толькі не згасне ў жыцці несмяротнае слова — Айчына!

1943

* * *
Душа мая — ніт, пераплецены з лёсам зялёных палеткаў і вёсак ў далінах, душа мая — кветкі і сум на пакосах, і ястраба шпоны, і ўзлёт галубіны. Душа мая — голас забытых, бяздольных, што рвецца да сонца з калечаных путаў, душа мая — з песняў шырокіх і вольных, душа мая — з бою, а шлях мой — з пакутаў.

1943

Егіпет? Егіпет!

Досыць! Алах ўжо губляе пакорных.

Болей не страшны крывавы капрыз.

Ля пірамідаў народнага гора

будучыня ўстае, як сфінкс.

Пад святлом іскрамётных надзеяў

рассыпаецца ў попел страх,

ажывае, ўстае, маладзее

на зямлі сваіх продкаў фелах.

Каб не стала зямля пустыняй,

каб не плакаў фелах ля магіл,

Праметэі ўстаюць маладыя,

разліваецца шчодра Ніл.

1956

* * *
Вымыў дожджык вербам косы над ракою, шумны іх палошча вецер малады, міла гладзіць сонца ласкавай рукою — сушыць на галінках мокрыя сляды. Ля ракі крутое сцежачка, як змейка, ураджаем вісяць росы на траве, мые сонца ў хвалях залатыя вейкі, жаўручок згубіўся ў яснай сіняве. Вось, здаецца б, рукі расцягнуць над полем, быццам сёстры — вербы стройныя абняць, так ісці дарогай, роднаю да болю, над крутою рэчкай новы дзень вітаць.

1958

* * *
Неба сягоння цвіло, быццам мак, Вясёлкаю фарбаў зямлю малявала, можаш вярнуцца дамоў, як жабрак, якому капейкі ў жыцці не хапала. Не запытаем падаркаў ў цябе. Не збаімося дзіравай кішэні. Грошы, як лісце на зжоўклай вярбе, іх не збярэш, не ўтрымаеш у жмені. Многа тут бачылі розных паноў, за нас з табою грашыма багатшых... Ты з сэрцам кахаючым рвіся дамоў, яго ў нашых сёлах так мала хто бачыў., Ты волю да чынаў з сабой прынясі, розум, і знанні, і яснасць сумлення. Няхай жа народу ўсё гэта дасць сын, калі ужо маці замоўкла ў цярпенні. Калі б неба макамі зноў зацвіло і мне захацелася заўтра памерці, хачу, каб, як макі, кахала, жыло маё у табе беларускае сэрца.
  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: