Вход/Регистрация
Мая Іліяда
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Балада аб нашэсцях

Між Дняпром і крыкам жураўліным, Наўздалёк ад дымнага сяла Ў прадзедам пакінутай хаціне З козлікам Алёначка жыла. Травы залацістыя дымелі, Ноччу поўз вугор гарох крануць; Як страла ў кальчугу, стронг на мелях Упіваўся ў рабізну. І аднойчы, як страла ў кальчугу, Раць аднекуль з-за лясоў прыйшла, Каб усё забраць: людзей за плугам, Хлеб і дым ад дымнага сяла. Чорныя, рагатыя, як здані, Ў золаце й каменнях, бы ў агні. Сэрцы іх забылі аб каханні, Рукі - аб звычайнай дабрыні. Іх багі удзячнасці чакалі, І Алёнку - ў дар вадзяніку - Вывелі з хаціны і звязалі, І на дзідах кінулі ў раку. Сонца ўніз схілялася сурова. А калі далей пайшлі палкі - Белы козлік выбраўся са сховаў І - чуйдух!
– пацокаў да ракі.
І замэкаў, застагнаў, заплакаў, Высунуўшы шэры язычок: . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . "Пашкадуй, Алёначка, сястрыца, Выйдзі да мяне на беражок". 

Скарына пакідае радзіму

Ў сялянскіх крывулях-хатах Зноў сушылі кару. Знову конік пузаты Месіць нагамі бруд. У доктарскай шапцы дзіўнай - Адзінай на гэтай зямлі - Коннік мокне пад ліўнем, Што зноў як з сіта паліў. Выгнанне. Выгнанне. Выгнанне. Па волі зямных багоў Спалілі браты-хрысціяне Кнігі пра бога свайго. З адчаем упартым, пахмурым Людзі ў жорсткіх баях За цемру сваю і дурасць Знішчаюць друзі свая, Зрабілі з Сіная малпоўню, Й не хочуць бачыць яны, Што справу іхнюю кроўную Хаўтурна адплачуць званы. Яны не даждуць, што Скарына Зямлю сваю пракляне: Страціў не я Афіны, Хутчэй Афіны - мяне. І горш за пакуты крывавыя, Што будуць думаць рабы, Нібыта ў шчасці і славе Я разам з моцнымі быў. 

III. Калі памірае каханне

"О каханне маё бясконцае..."

О каханне маё бясконцае, Не ўцякай ад мяне, пашкадуй! За табой, як за светлым сонцам, Па штодзённай дрыгве іду. Чарада нада мной жураўліная, Пада мною - балот віры. Журавінамі, журавінамі Кроў мая на куп'і гарыць. На шляху толькі чорная лотаць, А за мной, ад маёй крыві, Утрапёна квітнеюць балоты Смолкай песень, пярэснай любві. Кроў сплывае. Няма спакою. І калі ўпаду нежывы, Красаванне кветак жывое Застанецца на месцы дрыгвы. 

"Я iду лугавою дарогай..."

Я іду лугавою дарогай, Пакручастай і цёмнай, як лёс. Над ракой азярод шматногі Барадою сена зарос. Галавою прынікшы да сена, Ў ноч гляджу на рачное шкло... Глуха так, так цяжка і дрэнна Мне ніколі яшчэ не было. Ўсё было: пацалункі світаннем, Над ракою туман залаты, Бедны прывід майго кахання, Што здушыла разважліва ты. Сэрцам ведаю: так не трэба. І ніколі халодны разлік Не заменіць дарогі пад небам, На якім ледзяны маладзік. Нельга жыць з незгасальным болем, І ўсё роўна да схілу год Памажы мне - ніколі, ніколі Не забыць пра яе, азярод! 

Чырвоны шар

Калматае сонца зямлю пячэ. Ў душы ні надзей, ні мар. Да шчакі маёй, да маіх вачэй Чырвоны лашчыцца шар. Ніткай прывязаны за кяліх, Ён палае чырвоным агнём, Ляціць ад маіх валасоў да тваіх Над рэстаранным сталом, Быццам хоча суцешыць, звязаць, прымірыць, Мяне з гаспадыняй сваёй, Што зараз насупраць мяне сядзіць І ўсё ж не са мной. Не са мной. Адбівае чырвонага шара палёт Дрэвы, кветкі, паўлінаў з вальер, Адбівае непрымірымы рот, Сумныя вочы твае. Давай, давай адпусцім яго, Іначай сэрца кране І раптам памірыць. І раптам ты Зноў пакахаеш мяне. Слова праўды маёй, што прынесла канец, Я хацеў бы забіць, забыць, Бо жанчыны панствуюць і ў мане, А мужчыны і ў праўдзе - рабы. Немагчыма. Ляці. Сустракай свой лёс Далей ад зямных берагоў: Сумны ў халодным ззянні нябёс, Як смерць кахання майго. 

Фантазiя

Знову блукаю па вуліцах сініх. Сэрца кудысьці мяне завяло. Шыльда над вокнамі: "Клуб адрынутых". З вокнаў на снег - скупое святло. Ноччу ў таемныя гэтыя сховы З блытанай сеці завулкаў глухіх Часта прыходзіць Людвіг Бетховен, Здраджаны дбаннем кабет зямных. Лермантаў тут. І таго не кахалі, Хто ж тады варты гэтага больш? Вось ён сядзіць ля каміна ў зале І ўспамінае свой першы боль. Геній, каханне, сэрца свабоднае, Вершы алмазныя з-пад пяра - Ўсё прамяняла яна на злодзея, Слаўнага тым, што каштоўнасці краў. І не рука, што "Мцыры" стварыла, А пяцярня, што рубіны ўзяла, Песціла рукі адзінай і мілай, Доўгія косы яе распляла... Грукаюць дзверы, і госці новыя Йдуць у пакой праз халодны туман: Дантэ, Петрарка, Катул, Багдановіч... Столькі гасцей, што й ліку няма. Проста да зорак халодных упарта З комінаў выбіваецца дым, Сумныя цені Джульеты Гвічардзі, Лоты і Лесбіі рэюць над ім. Іскры лятуць і лятуць да світання Ў цемру і снег, як жывыя чмялі. Тыя, што варты стакрот кахання, - Тыя не маюць яго на зямлі. Потым, як пойдуць ў зямлю сырую, Сотні прыгожых дзяўчат і дам Статуям іхнім рукі цалуюць, Быццам лягчэй ад таго касцям. 

"Ўкруг месяца туманнае гало..."

Ўкруг месяца туманнае гало. Мароз ступае адубелым садам. Самотным дрэвам сняцца май і радасць, А мне - маё забытае святло. Ты чуеш? Ноччу кожнаю яшчэ, Самотай зрынута нечалавечай, Цалую я твой горды лоб і плечы І светаў сотні ў бездані вачэй. Цалую рукі - люльку добрых сноў І да грудзей-сумётаў прыпадаю, І гіну ў полымі. І паміраю, Бо згаснула ў снягах даўно яно. Што мне да тысячы начных свяціл? Ў дарэмным маранні аб згаслым сонцы Начным ваўком гляджу ў тваё ваконца, - Яно - за трыста міль. Яно - ў былым жыцці. 

Нямыя дрэвы

Над лютаўскім горадам такое грувасткае неба, Што яно насядае на дым і гне яго да зямлі. На лютаўскіх вуліцах такія пахмурныя твары, Пахмурныя, як хмары, як ноч у міліцыі, Што не хочацца лезці ў аўтобус, а хочацца ўзяць таксі. На лютаўскіх бульварах такія нямыя дрэвы, Што вароны і тыя неахвотна сядаюць на іх, Не жадаючы пустую сваю сварлівасць Цяжка саджаць на сусветную дрэў тугу. Ах, нямыя дрэвы, нямыя, як мёртвыя рыбы, Нямыя, як паэты ў ліхалецце, ў гады мярзоты, Нямыя, як я, што бязмэтна іду пад імі, Бо Яна забарону паклала на словы кахання. Аб чым мне яшчэ? Я нямею, нямею, нямею, Але ўсё ж безнадзейныя крокі, адбіваючыся ў завулках, Безнадзейна і нема лямантуюць супраць немага неба, Супраць твараў пахмурых, супраць гэтых дрэваў маўклівых, Маўклівых і голых, як даўні шкілет дыназаўра. Кожны крок - гэта крык аб высокім і сонечным небе, Што блішчыць, як Элады блакіт між калон Парфенона, Аб усмешках, дзіцячых і шчырых, бліскучых, як лёд агнявы, Аб дубах, што спяваюць зялёную, звонкую песню. Аб дазволеных спевах, што ў неба ўзвіваюцца гімнам, Каб, мінуўшы сусвет, ціха ўпасці каханай да ног. 
  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: