Вход/Регистрация
Мая Іліяда
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Бахайская чарапаха

Янку Брылю

Я - Бахайская чарапаха. Я - на чэраве сонна ляжу. Я - каменная. Маё царства ўпала лавінаю праху Пад пятою кітайцаў, Чжурчжэняў, Кіданяў, Манголаў, Маньчжур. Я спазнала дарэмнасць І тленнасць: Дзе ляжалі дарогі ваенныя, Там сягоння На сопках сярод парудзелай травы Толькі мы засталіся, Чарапахі каменныя, І каменныя малпы, І каменныя львы. Роўна восем стагоддзяў Я ляжу сярод праху. Усурыйскія тыгры адны Да мяне падыходзяць ўначы І глядзяць залатымі вачыма На мяне, Чарапаху, Што адна умудрылася Ў вечнасць з агню уцячы. Ў навальнічныя ночы, Калі неба сякуць бліскавіцы, Мне здаецца, што зноў Забівае аратаяў гром, І грукочуць праз ноч Залатыя і пурпурныя Калясніцы, І гепарды імкнуцца, І падаюць стрэлы дажджом. Я ляжу тут, каб людзі Памяталі аб ханах пахмурых, Аб бязлітасных войнах, Што знішчылі родны мой край. Я іду - Толькі людзі сляпыя не бачаць, - Чарапаха гісторыі, Я павольна да сонца іду... Я дайду. Усё роўна дайду. 

Легкаважная песенька, якую я спяваў, ідучы да каханай цераз хрыбет Мангугай

Паветра п'янае, бы Цынандалі. Крочу я проста ў дзень, І рытм па скалах чаканяць сандалі, І кунгасы спяць на вадзе. Успудзіў кайру. Яна наракае, Што іду без дарог, І языкамі капуста марская Ліжа сцежку ля самых ног. На вуснах свіст, як матыль, трапеча. Доўгі шлях. За гарой гара. І ў моры рыфаў магутныя свечы Ў сонцы раннім гараць. 

V. Таўрыда

Дрэва на Чатырдагу

Васілю Быкаву

Буран над уцёсамі чорнымі На мёртвых травах іграе, А ўнізе, а ў прорве - мора... Без дна, без канца, без краю. Там жвір пад прыбоем марыць, Пчолы гудуць закахана, А тут, дзе маланкі і хмары І орды вандроўных туманаў, У пекла прысенні, пад спевы Хаўтурныя траў з вятрамі - Расце каравае дрэва, Абпаленае перунамі. Стаіць і ў цвіценне верыць - Адно супраць сцюж і абвалаў, - Смерць хаваючы ў сэрцы, Жыццё - ў каранях між скалаў. 

Чатырдаг

Ўстаў Чатырдаг і ўзнёс агонь і дым, І цвердзь зямлі прагнулася пад ім, І ў чашу рынуў і каціўся год З усіх марэй патоп шалёных вод. І стала мора люстра для Яго І толькі потым для усіх багоў, Якія разам з царствамі прайшлі За час яго маўчання на зямлі. Прастол багоў? Прастол Хрыста? Алы?
–
Іх не было, а ўжо снягі з Яйлы Раўлі вясной. А замаўчаць яны Ў той самы дзень, як змоўкне шар зямны. Ты сніш той дзень. Ты сам той дзень, уцёс. Ты зараз цень яго. Ты вечнасць, лёс. І ў сне чакаюць мірна духі гор: Снягі ім - коўдра, туманы - шацёр, Як сэрца падае! Нібы лязо, Мне рэжа зрок агонь халодных зор. Мой кожны крок - блюзнерства. Кожны ўздых - Замах на грозны сон ільвоў тваіх. Пан вечнасці, ты пашкадуй, малю, Імгненне цёплае, маю зямлю, Слязу любові на тваёй шчацэ, Крывінку лепшую ў тваёй руцэ, Святую іскру ў вечнасці ільдах... Глядзі, цябе пільнуе прорваў жах І ўверсе зорак лёд, як кроплі слёз, Закатаваных вечнасцю нябёс. Смерць пад нагой і смерць над галавой. Ў мігценні зор, ільдоў, парчы сівой - Нішто чакае і глядзіць на нас: Стой, веліч, і спыніся, грозны час! 

Спуск з гор

Набягае на колы заснежаны шлях, Ля дарогі дубняк адубеў, Але рукі твае у маіх руках, Але ў сэрцы - гарачыя - радасць і жах, Што знайшоў, што страчу цябе. Кожны звіў дарогі ў абдымкі мне Так уладна, з пяшчотай такой Пасылае цябе. І, здаецца, канец, І здаецца, памрэш ад шчасця, бы ў сне, Калі неба кранеш рукой. Побач ты. І не дзіва, што чэзне туман, Што народжаная ўначы, З павароткаю кожнай адходзіць зіма, Пасля студзеня ўладна прыходзіць май, Гучна звонячы ў сонечны шчыт. Вырываецца сэрца з вузкіх цяснін, І раптоўны абшар, нібы ўдар. О, якое мора гарачыні Сінім сном аж да самага неба сніць У нірване любоўных мар! Што такое? Хто гімны сонцу пяе, Хто хістае ружовую даль? Мо салодкі вецер у сэрца б'е, Можа, лебедзі ўскінулі крылы свае Або проста цвіце міндаль? Або проста цвіце кізіл залаты, - Дыхні і бяссмерце прыдбай! О, якое шчасце, што побач ты! Што каханне!.. Мора!.. Водар густы!.. Май!.. Май!.. Май!.. 

Генуэзская крэпасць

Колькі ж вынесла ты перастрэлак такіх?.. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Сіні вечар глядзеў праз імглу, Наплывалі хмары, і сонца на іх Дзіды кідала на зямлю. І яны, сіне-белыя, падалі ўніз І дымелі сярод пустаты... . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Быў бліжэй за ўсіх густа-сіні мыс, А далей, за ім, быў блакітны мыс, А за ім - туманна-жамчужны мыс, А на ім - сілуэтам бязважкім - Ты. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . А на ім - пад стрэламі - Ты. 

Лебедзь

Ў старажытным парку графскім, Над цяністаю затокай Лебедзь чорны ў дрэме плача Аб Аўстраліі далёкай. Тут спакой, любоў і радасць, Сонца ззяе ў добрым небе. Што ж табе ў тым дальнім краі? Што ты ўспомінў, дэман-лебедзь? Эўкаліптаў лёгкіх пер'е? Дынга? Лёт бяроз прыгожых? Стой... Якія ж там бярозкі?! Тфу ты... пане ты мой божа! Але ты, няўцешны, плачаш, Бо далёка рай твой мілы, Эўкаліпты... і асіны... І асіны на магілах. 

Вадаспад Учан-су

Як страшная з нябёс пагрозных кара... Як звоны срэбных крылаў у агні... Як быццам сотні, тысячы Ікараў З пачатку дзён... З зеніту... Аб граніт. Якая веліч, сіла і... журбота! Як добра, ўзняўшы дымны, зорны смерч, Ў імгненне найвышэйшага узлёту У лікаванні раптпм стрэнуць смерць. 
  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: