Дунин-Марцинкевич Винцент
Шрифт:
Грышка. Што хочаце, тое рабіце, а ўсё-такі Марыся будзе мая! (Да Марысі.) Бывай здарова! (Выходзячы, спатыкаецца з Куторгам і збівае таго з ног, Марыся ўцякае ў хату.)
З’ява IV
Тыя ж і Куторга
Куторга. Ах, ты, паганец! (Устаючы.) Татарын ты нехрышчоны! Вот збіў мяне, як шведаў Хадкевіч пад Кіргольмам. Пачакай жа, я ж табе не дарую гэтай штукі, - не цяпер, то ў чацвер. (Вітаецца.) Дзень добры, пане Пратасавіцкі! Здарова, пані Пратасавіцкая! (Цалуе яе ў руку.) Відна, відна, - дзякуй богу! Здаровы, як рыжкі баровы... А я к вам з вялікаю навіною. Не ведаеце? Толькі што пан асэсар прыехаў, а такі сярдзіты, не дапускай госпад! Як ліхі татарын. Як толькі ўехаў у ваколіцу ды стаў каля Бэркі, дык зараз і закрычаў - дзесяцкіх, соцкіх! Сабраць усю шляхту да Ціхона Пратасавіцкага, ды каб Іван Цюхай-Ліпскі прыйшоў з сынам туды ж.
Ціхон. Хрэн яму ў вочы, - будзе бяда, будзе! Гэты сабака Ліпскі падаў на мяне ў суд, што я яго адлупцаваў, дык вот і асэсара прыслалі. Ну, абдзярэ, як ліпку!
Куторга. Вот дзіва, - на тое ён і асэсар! Заўваж толькі - у яго і рукі даўжэй, як у другіх людзей. Ты ведаеш яго прыпавесць: чырвонае - белае ўсё перадзелае.
Гдзе унадзіцца юрыста, Вымеце хату дачыста, Такіх дзіваў нагаворыць, Так многа кручкоў натворыць, Што, пачасаўшы затылак, Не рассупоніш памылак. Не дасі, - цябе замучыць. Добра стара казка вучыць: Дзярэ каза ў лесе лозу, Воўк дзярэ у лесе козу, А ваўка - мужык Іван, А Івана - ясны пан, Пана ўжо дзярэ юрыста, А юрысту - д’яблаў трыста!Ціхон. Хрэн табе ў вочы! Добра табе прастарэкаваць, калі няма на шыі бяды. Ось скажы лепш, што рабіць? Пане Куторга, ты ж такі пісьменны чалавек, - можаш падаць разумную раду.
Куторга. А прымеце ж чэсна маіх сватоў да вашай Марысі?
Куліна. Бойся Бога, пане Куторга, - яна ж яшчэ маладзенькая! Гэта ж дзіця горкае.
Ціхон. Які чорт дзіця, калі з хлопцамі цалуецца!
Куторга. Дык чаго ж чакаць! Гэта, кажуць, кепскі тавар: мый ды чашы, потым спяшы, - заплаці каму, каб вывез з даму.
Ціхон. Добра, пане Куторга, - бяры сабе дачку, і пасаг дам, толькі зрабі ласку: выцягні з бяды.
Куторга. Як чорта з балота.
Куліна. Парадзъ, пане Куторга, - ты ж такі чалавек бывалы і па судах цягаўся.
Куторга. Ну, я гатоў вам удружыць, толькі як ваша дачка захімерычыцца ды адцураецца ад мяне, то што тады? Вы ж ведаеце прыпавесць: даганяючы не нацалавацца.
Ціхон. Ратуй, ратуй, пане Куторга! Марысю ты ладам угамоніш, - чалавек ты разумны. Як падпусціш лёстачак, як падплывеш селезнем, дык яна і расплывецца.
Куторга. То ведаеце што, пане Пратасавіцкі? Як прыйдзе к вам асэсар, то стаўляйце мяне ў сведкі; хоць я і не бачыў, але буду сведчыць, што ён цябе біў, а ты толькі бараніўся. Не жаль для Марысі скрывіць душою. Толькі ж, пані Пратасавіцкая, прышліце сюды Марысю, каб я мог з ёю пагаварыць ды ўгаманіць дурную, бач, каб не цуралася разумнага чалавека.
Куліна. Памагайце толькі майму Ціхону, а ўжо Марыся будзе ваша; я ёй сама ладам напілую вушы... Пойдзем, Ціхон, прыгатуемся, каб па-гаспадарску прыняць найяснейшую карону. А ты, пане Куторга, пачакай, - зараз прышлю Марысю. (Выходзіць з Ціхонам.)
З’ява V
Куторга (адзін)
Куторга. Ну, хвала Богу, бацькоў удалося атуманіць! Цяпер трэба пайсці ў галаву па розум, каб дзеўку амарочыць. Прынадны, бач, кусочак. (Цалуе пальцы, як бы смакуючы.) Тварык - як сонейка яснае, шчочкі - як малінкі красныя, губкі - моў тыя каралі, а як засмяецца срэбным галасочкам ды вышчарыць зубкі - то, здаецца, бачыш два перлавыя шнурочкі. Ды і пасаг мае гаспадарскі: адна ў бацькоў, а стары грошы асьмінаю мерыць; у гумне поўна, у хаце дастатак, і абора багата. Добра гутарка кажа: калі абора цячэ, - гаспадыня бліны пячэ, а калі гумно цячэ, - гаспадар з хаты ўцячэ. Дык няхай жа дзень у дзень блінамі гасцей прымае. Праўда, век не схожы: я ўжо шосты дзесятак дажываю, а яна - семнаццаты гадок. Будзе клопату нямала, - о-ёй! Не раз пачашу патыліцу, - моладзь, як пчолы ў вуллі, будуць аблягаць маю хату; прыяцеляў копамі лічыць буду. Дык што ж рабіць? Не я першы, не я апошні, - дурных дзядоў нямала на Божым свеце. Каб сарваць такую прыгожую і багатую кветачку, не шкода і ў балоце пакачацца.
Хто на старасць парыскуе, Той хоць часам бяду чуе. А пры маладзенькай жонцы, Пры руплівай гаспадыньцы Быць філосафам – то значыць: Не бач, што не трэба бачыць.(Выцягвае над галавою пальцы, паказваючы рогі.)
Вырастуць над галавой грушы, Думай, што даўгія вушы. Гуляе жонка паночы, - Ты мэрам спіш, зажмур і вочы. Тады табе - жыццё небам: Ўсялякім тваім патрэбам Жонка рада дагадзіці; Стане крэпка ця любіці. Скажа: муж мой, хоць старэнькі, Ды разумны і міленькі!Так, так! У цяперашнім разумным веку хочаш спакойна жыць? Будзь філосафам: бачыш - не бачыш, чуеш - не чуеш, - ба, ба, бы! Ды вось і Марыся ідзе сюды. Якая красачка! Гледзячы на яе, аж слінка па губах цячэ. Ану, Куторга, падпусці ёй лёстачкі...
З’ява VI
Марыся і Куторга
Куторга (салодка пасміхаючыся, заляцаецца). Дабрыдзень, панна Мар’яна!