Дунин-Марцинкевич Винцент
Шрифт:
З’ява VIII
Тыя самыя, апрача Куторгі
Кручкоў. Ну, пане Пісулькін, пакінь ваша заляцанне, а бярыся за дзела. Тут, брат, нам харошае жніво!.. Гэй, дзесяцкі! (Той уваходзіць.) Пастаў тут пасярэдзіне стол ды накрый яго судовым сукном. (Дзесяцкі выпаўняе прыказанне.) Харошая пагода, можна і на дварэ папрацаваць. Садзіся, пане Пісулькін, ды прыбяры бумагі. (Пісулькін важна садзіцца, вымае корак з чарніліцы, разбірае паперы і іншыя падае станавому, каторы садзіцца таксама пры стале, задам да Пісулькіна, а потым гаворыць да Марысі.) Ну, Марыся, хадзі сюды, пабліжэ, дык кажы мне шчырую праўду, – ты ж бачыш, што ў мяне вусы не натапыраны, дык я не сярдзіты, – кажы: любіш ты Грышку Ліпскага?
Марыся (саромячыся і перабіраючы фартушок). Ну, дык што?..
Кручкоў. За што ж ты яго палюбіла?
Марыся. Сама не ведаю, – вот так штось прыпаў к сэрцу. Ды як жа яго не любіць, калі ён малады, прыгожы хлопец, а сэрца ў яго залатое.
Кручкоў. Дык хош за яго замуж выйсці?
Марыся (з сарамлівасцю). Але, хочу... калі за яго не пайду, то ўжо век мне, беднай, гараваці дзеўкай. Найяснейшая карона! Злітуйцеся над намі ды сатварыце наша шчасце! (Кланяецца яму.)
Кручкоў. Чаго ж ты хочаш ад мяне?
Марыся. Найяснейшая карона! Скончыце дзела няшчаснае між нашымі бацькамі не па-судоваму, а па хрысціянскаму абычаю: пагадзіце іх з сабою, – няхай больш не індычацца, ды прымусьце, каб яны нас з Грышкам злучылі. Найяснейшая карона! (Кланяецца яшчэ ніжэй і жаласліва кажа далей.) Ты ж такі, хоць чалавек судовы, чыноўны, ды, пэўна, верыш у Бога, – дык дзеля ласкі Божай сатвары ты нам ласку, зладзь нашае шчасце, а мы век будзем за цябе, тваіх дзетак і ўнучкаў Бога прасіць.
Кручкоў. Но, но, мілая, будзь спакойна! Я хоць чалавек, як кажаш, судовы, але ўсё зраблю па-хрысціянску ды яшчэ на тваім вяселлі паскачу... Гэй, дзесяцкі! (Той уваходзіць.) А чы сабралася шляхта з ваколіцы?
Дзесяцкі. Усе сабраліся, хто з курыцаю, хто з кадобчыкам мёду, а хто з сушонай рыбай. Чакаюць, што ваша міласць ім прыкажа.
Кручкоў. Добра! Няхай усе аддадуць хурману, ды спакуйце там харашэнька ў возе... Ты пакліч сюды Ціхона Пратасавіцкага з кабетаю. А Цюхай-Ліпскі з сынам ёсць?
Дзесяцкі. Цюхай, апроч мёду і рыбы, прыцяг дзесяць вянкоў сушаных баравікоў, а сын яго – капу ражынкаў-уюноў.
Кручкоў. Добра, добра! Усё ўпакаваць асцярожна! Ды кліч усіх сюды!
Дзесяцкі выходзіць. Кручкоў строіць сур’ёзную фізіяномію: адзін вус ставіць угору, другі ўніз. З глыбіні сцэны выходзіць шляхта, баіцца, кланяецца нізка і хаваючыся адзін за другога. З бакавых дзвярэй выходзіць Ціхон Пратасавіцкі з жонкаю. Марыся зыходзіцца ў глыбіні сцэны з Грышкам і ціха шэпчуцца паміж сабою.
З’ява IX
Тыя самыя і Ціхон Пратасавіцкі, яго жонка, Цюхай-Ліпскі, яго сын Грышка, Цімох Альпенскі і іншая шляхта
Ціхон. Жонка, а жонка! Будзе бяда! Паглядзі, як у найяснейшай кароны вус адзін уніз, а другі ўгору задраўся. Ідзі ты наперад ды пакланіся яму, хрэн яму ў вочы.
Куліна. Што ты мяне пасылаеш! Ты сам наварыў піва, сам і папівай здароў, я баюся.
Ціхон. Ты – кабета, хрэн табе ў вочы, – ён жа цябе не з’есць! Вазьмі гэтыя грошы, – тут іх пяць дзесятак, – пакланіся ў ногі ды палажы на стол; ён жа юрыста, не адцураецца грошай, – тады і дзела пойдзе, як па салу.
Куліна. Ну, што рабіць, – папытаю. (Яна боязна падыходзіць, кладзе грошы на стол, пасля нізка кланяецца станавому.) Найяснейшая карона...
Кручкоў. Цішэ! (Куліна са страху адыходзіць ад стала ды хаваецца за мужа; Кручкоў, трымаючы паперу, устаў ды, не пазіраючы на шляхту, гаворыцъ.) Па ўказу Пінскага земскага суда от 23-го мая сего года за № 2312 прыбыл я в околіцу для расследованія уголовного дзела о побоях, нанесенных Ціхоном Протосавіцкім Івану Цюхаю-Ліпскому... Ліпскі, маеш сведкаў?
Ліпскі. Маю, найяснейшая карона.
Кручкоў. Пусць выступят вперед! (Трое шляхтаў выходзяць наперад.) Пратасавіцкі, за што ты яго біў?
Ціхон. Дык ён жа назваў мяне мужыком, – хрэн яму ў вочы.
Кручкоў. Маеш сведкаў?
Ціхон. Маю, Куторгу.
Кручкоў. Яго няможна ставіць, – ён пад судом. (Абярнуўшыся да сведкаў Ліпскага.) Вы бачылі, як Пратасавіцкі біў Ліпскага?