Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Галасы выбухнулі смехам: ад дзвярэй iшoў Моршч, маленькі, смешны, з памятым тварам. Кінарэжысёр махнуў яму рукою, запрашаючы за стол. Моршч усміхнуўся, сеў.
– Дзе ты быў, стары?
– спытаўся Грабоўскі.
– У Мінск ездзіў на тры дні, справы былі.
– Хо, душа цёмная, дык, значыцца, ты нічога не ведаеш? Мы тут добра пазабаўляліся, напэўна ўвесь Miнcк смяяцца будзе.
– Вось Вінцук яшчэ не чуў, раскажы яму, - пaпpaciў "грыбазвон".
– Смяяцца будзеш, сэрца маё.
Грабоўскага не трэба было прасіць. Ён зручна сеў, паглядзеў на памяты твар Моршча i закурыў:
– М-ну, сынок, ты памятаеш нашу спрэчку наконт Лявона. Мы тады вельмі раззлаваліся на цябе. Памятаеш, як ты казаў пра каханне, што як удар бліскавіцы, пра казачных прынцэс i пра тое, што ў Касачэўскага асаблівы зрок на казку ў жыцці, а мы з тобою каратказорыя, бо не бачым гэтага, незвычайнага, у кожнай рэчы.
– Так, - сказаў Моршч.
– Магу напомніць: "Выпадак, які для нас проста смешны, для яго паўстае ў такім павароце, што ён бачыць: гэта казка, гэта паэзія... Таму што ён жыве. А мы..."
– Ну хопіць, хопіць. Скажы яшчэ, што мы толькі жывацеем. Вось мы i вырашылі разыграць яго, каб стаў твар у твар з жорсткай рэчаіснасцю, афарбаванай пад казку. Я ж кажу: мара заўжды разаб'ецца аб жыццё, як шклянка аб .чыгун.
– Ну, - непрыхільна прабурчаў Моршч.
– Ну i вырашылі стварыць яму такія умовы i паглядзець, што з гэтага будзе. Ты ведаеш, мы з гэтай старой пасудзіны зрабілі цудоўнае судна, сапраўдны даўні брыг. Для кіназдымак проста ідэальны: прыгожы, рухлівы, імпэтны. Аж у маім сэрцы нешта варухнулася, як пабачыў... А ідэю я ўзяў з той кнігі, што ляжала ў яго на стале: "Лятучы Галандзец" часам перадае на бераг лісты да людзей, якія даўно памерлі. Мы ведалі, дзе паддоследны бывае па начах.
Касачэўскі спуджана паглядзеў на Марыю. Вось нечакана нарваліся.
Яна сядзела ў белай сукенцы і жакеце, у белых туфліках, сядзела вельмі спакойна. Слухала. Лявон падумаў, што пайсці зараз адсюль нядобра, атрымаецца, што ён спудзіўся размоў аб сабе. Таму змаўчаў.
А Грабоўскі вёў размову далей. Кіўнуў на "грыбазвона".
– Валодзя вось звярнуўся да бутафора, i яму адбухалі геніяльную пісульку, цалкам натуральную. І бутэльку далі старую. Вырашылі мы падпільнаваць нашага хлопца ў моры i паглядзець, што будзе.
І ён прачытаў крытыку тэкст ліста. Моршч пажаваў вуснамі. Пасля каротка спытаў:
– Да каго быў ліст?
Грабоўскі ўсміхнуўся, юнак з канадкай пырснуў:
– Да Марыйкі Якубовіч. У дом ля вежы.
– Чаму да яе?
– Ну-у так, бо гэта чалавек рэзкі. Вось.у кім я ўжо рамантыкі ані на шэлег не бачу. Цікава было ix звесці.
– А я ведаю, хлопча, чаму ты да яе яго направiў, - падазрона спакойна сказаў Моршч.
– Аскандаліўся ты тады з ёю, непераможны кавалер, як дарэчы і яшчэ той-сёй. І вось за адсцябаную годнасць помсціш. Эх ты, не ў гэтым мужчынскае самалюбства, не ў тым яно.
– Ідзі ты...
– кіўнуў Грабоўскі.
– Многа ты разумееш. Проста гонару залішне, уяўляе сябе прынцэсай. А я ўпэўнены, каб захацеў - была б яна маёй жонкай. Толькі не такі я дурань, каб столькі сіл на гэта траціць. Ну ты надумай: ніякай жаночай прывабнасці, рэзкая, пырхае на ўcix, як дзікая кошка. Твар каменны. У рэстаран пайсці, на чаўне паехаць - ані-ні! Ды яшчэ i адчытае, абрэжа.
Касачэўскі вельмі спакойна сказаў:
– Зараз я пайду, наб'ю яму морду.
Хацеў устаць - яна ўладна паклала яму далонь на руку.
– Не трэба, мілы вы чалавек. Такую насалоду вы можаце дазволіць сабе другім разам, калі захочаце. Слухайце, яны ж нічога дрэннага пра мяне не скажуць, нічога рэальнага. Няхай лаюцца. А адносна таго, ці падобна я на "дзікую кошку", калі бываю з сапраўднымі людзьмі, мяркуйце самі. Слухайце. Гэта цікава.
– Не падабаецца яна мне, - гуляў голасам Грабоўскі.
– Дасціпная жанчына - гэта нядрэнна, але дасціпная дзяўчына - жахлівая рэч. Словам, не падступіся. Вырашылі мы, значыцца, звесці рэзкую, незразумелую і ганарлівую асобу з нашым "пуэтам". А тут якраз пробны рэйс нашых начовак. І якраз раніцай. Легендарны туман вісіць. На другім заходзе налезлі проста на яго, ляжыць у чаўне. Я пачынаю вярзці розную лухту, абы было надобна на галандскую мову. Мёртвым такім голасам.
Малады чалавек з канадкай засмяяўся:
– А я таксама падрыхтаваў ролю. Чуў, што нямецкую ён ведае...
Грабоўскі падхапіў:
– І вось Васюк пачынае благаць і стагнаць: "нявеста", "пусціце", "яна тут". Я яму буркаю рознае глупства. Гляджу, чалавек у чаўне ўстаў і крычыць: "Пусціце яго". Зусім ашалеў хлопец.
– Не ад жаху ашалеў, - спакойна заўважыў Моршч.
– Усё адно. Тут Васюк шпурляе бутэльку - яна падае ў ваду. Мы праплываем далей. Я ўжо бачу, што Васюк ад смеху курчыцца, але нічога, вытрымка ёсць, iгpae ролю. Дурасць нейкая на яго найшла. Калісьці грэкі плылі ля берагоў Сірыі i пачулі на беразе крыкі: "Тамуз! Тамуз! Бог Пан вялікі памёр!" Не ведаю, што Васюку забрыло ў галаву, толькі i ён пачынае крычаць тое самае: "Тамуз! Тамуз! Панмегас тэфнеке!" Смяецца нутром, а крычыць так, што валасы дыбам устаюць.