Вход/Регистрация
Нічые
вернуться

Федоренко Андрей Михайлович

Шрифт:

Мішка каленам піхнуў незашчэпленыя веснічкі, пайшоў на двор. За ім пацягнуліся астатнія, пакінуўшы каля падводы аднаго Мікіціна.

У двары, акружаным хлявамі і хлеўчыкамі, дрывотняй і пуняю, не было ні душы. Толькі сабака, не зразумець дзе, скавытаў і шкробся лапамі аб дошку - прасіўся на волю.

Ідучы паўз вокны, Мішка па чарзе пастукаў пугаўём у шыбіны, крыкнуў знарок, як часта любіў, ламаючыся пад паляка:

– Матка, яйкі, млека нясі!

Ён узбег на ганак і ўжо працягнуў руку, каб націснуць на клямку, як нечакана дзверы расчыніліся самі.

– Далёка сабраўся?
– спытаў чыйсьці ціхі, страшначужы голас.

З цёмных сенцаў на Мішку глянула круглая, як вока, дзірка рулі абрэза.

– Стой!!!
– хапаючыся за кабуру імяннога маўзера, адзінае, што паспеў крыкнуць Мішка, ці то чалавеку з абрэзам, ці каб папярэдзіць сваіх.

Лопнуў стрэл, у адначассе з сянец выбліснуў да сляпучага яркі агеньчык, які навылёт прабіў Мішку грудзі, і ён адразу асеў, дзе й стаяў, на ганку, а тады скаціўся долу, пад сцяну, затрымцеў у сутаргах, заграбаючы рукамі гразкі снег. І апошняе, што ўхапілі рэшткі яго свядомасці, было адчуванне гэтага снегу пад шчакою і млявы, прыкры пах уласнае крыві.

II

У першы міг ашаломленыя чырвонаармейцы апамяталіся і чамусьці не ўрассыпную, а што тыя куры - усе разам - замітусіліся па двары, шчэрачыся вінтоўкамі ва ўсе пабудовы, адкуль маглі прагучаць новыя стрэлы. Толькі вопытны Кецка рвануўся быў назад, на вуліцу, але напярэймы яму з-за сцяны дрывотні выскачылі двое, у світках і са стрэльбамі, равучы ў дзве глоткі нямым крыкам, ад якога закладала вушы: «Вінты ўсім пад ногі!!! Быстра!!!» - і навялі зброю адзін на Кецку, другі - на чырвонаармейцаў, нібы сабраўшыся «зрэзаць» іх усіх адным стрэлам.

З сянец, трымаючы руляю ўніз абрэз, абачліва прыгнуўшыся ў дзвярах, вынырнуў метры пад два ростам велікан - у накінутым на шырозныя плечы і сцягнутым на грудзях двума гузікамі шынялі, у ссунутай на патыліцу папасе з жоўтым верхам, на якім выпукляўся самаробны знак конніка з шабляю, а за веліканам высунулася з дзвярэй перш руля вінтоўкі з прымкнутым штыком, а затым паказаўся малады зусім хлапчына, у гімназісцкім шыняльку, без шапкі, белагаловы і з палахлівай, узбуджанай цікаўнасцю ў сініх вачах.

Велікан зірнуў перш на нерухомага Мішку пад сцяною, затым на чырвонаармейцаў. Тыя са спалатнелымі тварамі збіліся ў кучу, стаялі, кінуўшы пад ногі вінтоўкі і задраўшы над галовамі рукі.

– Стой!
– паўтарыў велікан да іх Мішкава апошняе слова, толькі з іншай інтанацыяй - без адчаю, як у Мішкі, а спакойна, нават весела, нават з нейкай зухаватасцю; атрымалася, як у падпітага дзядзькі на вяселлі, што стаміўся гуляць і вось, выйшаўшы ў круг да танцораў, дае музыкам каманду: «стой!» - А то страляць буду!
– прыгразіў, хоць чырвонаармейцы і так стаялі ні жывыя ні мёртвыя і не збіраліся нікуды ўцякаць.
– Мікола - таго, каля падводы!
– паказаў ён руляю абрэза, і адзін з дзецюкоў адразу ж кінуўся на вуліцу.
– Гнат - з гэтымі разбярыся! Дзяніс, - да маладога, - вяроўку!..

Дзяніс бы толькі гэтага і чакаў - з паспешлівай ахвотнасцю, стараючыся нават выпадкова неяк не глянуць на забітага, знік у сенцах.

– Ану, к сцяне!.. Ды варушыся!..

Гнат, падпіхваючы палонных прыкладам у спіны і падцягваючы за каўняры шынялёў, пастроіў усіх у рад, тварамі да сцяны.

– Ногі шырэй, рукі вышэй!..

Кецка, які стаяў збоку таксама з паднятымі рукамі, памкнуўся быў сам да чырвонаармейцаў, каб стаць побач, але веліканаў вокрык спыніў яго:

– А ты куды прэшся?! Стаяць, рук не апускаць!..

Велікан няспешна сабраў вінтоўкі, склаў каля ганка, нагнуўся над забітым, перавярнуў яго наўзніч, адшморгнуў партупею з кабурою маўзера, пачаў шнырыць у кішэнях...

З трафейнай вінтоўкаю на плячы, Мікола тым часам увагнаў перад сабою ў двор маленькага Мікіціна, які ад страху спатыкаўся і ледзь перастаўляў ногі. Падштурхнуў яго да сцяны, да ўсіх.

– Ыч, шчанюкі, - прагудзеў здзіўлена. На яго шырокім, сялянскім, пабітым у чорныя кропкі вугроў твары, яшчэ чырвоным ад хатняга цяпла і выпіўкі, быў тупы выраз нейкага як бы расчаравання, што ўсё скончылася так хутка і таму нецікава... Ён цыркнуў пад ногі жоўтай слінаю курца, расцёр плявок ботам.
– Ваякі - голыя сракі!

У бліжнім да сянец акне раптам узнік прыліплы да шыбіны спалоханы мужчынскі твар.

Мікола засмяяўся і паказаў на акно велікану з Гнатам, крыкнуў:

– Вылазь на двор, дзядзька Карпа! Усё ўжо, вылазь!..

З сянец выбег Дзяніс са скручанай вяроўкаю ў руках.

– Каму, Чуб?
– задыхана, бы невядома адкуль прыбег, спытаў у велікана.

– Дай сюды...
– Чуб перавесіў вяроўку на плячо.
– А ты збегай яшчэ, Дзяніска, прынясі заступ ды венік... і бацьку пакліч, скажы, хай не баіцца... Скажы, усё тут скончана.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: