Шрифт:
– Не ўсё яшчэ, - сказаў Гнат, падыходзячы да Кецкі.
Ён запанібрата паляпаў па плячы збялелага, без крывіначкі ў худым, няголеным твары рэўкамаўца, падштурхнуў бліжэй да ганка. Пасміхнуўся з'едліва:
– Ну што, Косцік? І ўеўся ж ты тут у пячонкі ўсім... Маліся цяпер свайму карлу-марлу барадатаму, у Бога ж не верыш, прадаў Бога!
– Відаць, яны з Кецкам даўнія былі знаёмыя, добра ведалі адзін аднаго.
Кецка зглынуў камяк у горле, хрыпата выціснуў:
– Бога я не прадаваў... і людзям не ўядаўся...
– Яшчэ і не баіцца! Пагавары мне тут!
– Зброя ёсць?
– лагодна спытаў Чуб, падступаючыся. Як і ва ўсіх мажных, высокіх, з моцным фізічным здароўем людзей яго рухі ды і словы здаваліся нейкімі як бы расцягнутымі, задужа марудлівымі.
– Ёсць...
– Дык аддай нам, - працягнуў Чуб руку.
– Яшчэ пальнеш са страху, бяды толькі наробіш.
– Са страху не пальну...
– Пагавары мне яшчэ!
Нязграбна, непаслухмянымі пальцамі левай рукі ў рукавіцы Кецка пачаў адшпільваць гузікі на палітоне.
Гнат з нянавісцю глядзеў на яго.
– Хутчэй, чорт бязрукі!
– не вытрымаў, сам залез яму за пазуху, выцягнуў з унутранай кішэні наган з барабанчыкам, падаў Чубу.
Той абыякава апусціў зброю ў глыбокую кішэню шыняля.
– Што, прымерзлі рукавіцы?
– не адчапляўся Гнат.
– Ану, здымай! Ды варушыся трохі!..
Крывячыся ад болю, рэўкамавец сцягнуў рукавіцы, выдаўжыў рукі - маўляў, наце, любуйцеся... І правая, з кульцямі замест двух пальцаў, і левая - не на рукі больш падобныя, а на гусіныя лапы, былі пасечаны трэшчынкамі, пакрытыя нейкімі шнарамі, крывянілі, з белымі крохкімі пазногцямі, што не адраслі яшчэ заместа сагнаных, скура лушчылася, злазіла проста шматкамі з далоняў і з пальцаў, а новая, свежая была ружовая і тонкая, не дзіва, што не зажывала, балела і трэскалася.
Чуб з Гнатам пераглянуліся.
– Аддай назад, ну яго на...
– сказаў Чуб.
– Яшчэ заразу якую схопіш.
– А яны яму ўжо не спанадабяцца!
– умяшаўся Мікола, які пільнаваў палонных і ў адначас паспяваў слухаць і глядзець, што тут робяць з Кецкам.
– На тым свеце цёпла!
– і зарагатаў па-дурному.
Кецку, як ні дзіўна, сцэна гэтая памагла, ён справіўся з сабою. Быццам гэты здзек з яго, палоннага, зараз узвысіў яго, а мучыцеляў прынізіў.
– Дурань, - павярнуўся да Міколы, сказаў даволі смела: - Ды я б адно захацеў, дык і левай паспеў бы адправіць цябе туды, куды ты мяне адпраўляеш! Быў момант, вы ж усе спінамі да мяне стаялі!..
– Глянь ты на яго - герой!
– здзівіўся Гнат і тут жа, заўважыўшы Кецкаў міжвольны рух, закрычаў: - Я табе дам рукі хаваць!! Хай праветрацца трохі - палезна!
– Наваюеце вы так...
– А ты за нас не перажывай, - прамовіў Чуб, аднак і яму, мабыць, зрабілася крыху ніякавата - на самай справе, за што здзекавацца з чалавека, ён жа не ўцякае, не абараняецца, без зброі... Чуб падумаў трохі і дадаў з важным выглядам, нават за вус узяўся і падкруціў: - Мы табе не балахоўцы і не нейкія там «зялёныя», мы - армія Беларускай Народнай Рэспублікі, чуў пра такую? І радуйся, што на нас напаў. З палонных мы не здзекуемся, а па правілах ваеннага часу здаём у контрразведку.
– Дык здавайце, а не...
– Ты што, Чуб?!
– абарваў Кецку Гнат, вылупіўся на Чуба сваімі пукатымі і ўсё адно прыгожымі вачыма.
– Перапіў? Ці не дапіў? Якая контрразведка?! Ты не адсюль, не ведаеш, што за ён, затое мы добра ведаем!.. Ды па ім самая сухая асіна ў тым вунь лесе плача і вяроўка вось гэтая вось!
– Аддай, аддай, кажу, рукавіцы палоннаму, - усё адно распарадзіўся строга Чуб.
Гнат хоць і не вельмі ахвотна, але паслухаўся. Не падаў, а кінуў рукавіцы Кецку пад ногі. Той падняў; калі насоўваў на рукі, скасавурыўся на чырвонаармейцаў пры сцяне. Не даючы ўвагі Гнату, ціха прамовіў да аднаго Чуба - як бы ў падзяку за тое, што заступіўся:
– Мне трэба да вашага камандзіра, да Чайкі... Ёсць што сказаць яму. Ён мяне добра ведае.
– Во-во! Такіх ён і ведае, - усміхнуўся Гнат.
– Пачакай, - сказаў Чуб, - да Чайкі дык да Чайкі. Можна і да Чайкі... А пакуль - тварам да сцяны, як і ўсе!
І калі Кецка-рэўкамавец паслухмяна і хуценька, нібы збавенне яму было ў тым, што ставяць яго «да сценкі», выканаў загад, Чуб нагнуўся, бо быў на паўтары галавы вышэйшы за Гната, штось шапнуў таму на вуха...
Гнат ашчэрыўся ва ўсмешцы:
– Хіба што так!
На ганак вылецеў задыханы Дзяніс, з драўляным заступам у адной руцэ, з венікам у другой, усім сваім выглядам паказваючы, што зараз жа гатовы да любых новых даручэнняў - толькі каб не стаяць на месцы, не глядзець на гэтага забітага... А за Дзянісам асцярожліва высунуўся з сянец і неяк бокам злез з ганка мажны, хоць згорблены ўжо гадамі дзядзька, у высокіх, да каленяў, валёнках, у кароценькім кажушку з адрэзанымі чамусьці рукавамі, на галаве - аблавушка... Гэта быў гаспадар, той самы дзядзька Карпа, які толькі што пазіраў, прыплюснуўшыся да шыбіны, з хаты на двор. Адразу ж вочы яго самі сабою стрэлілі, мімаходзь ухапілі каля ганка скурчаны труп, пад якім распаўзлася на снезе цёмная бураковая пляміна... І тады - хоць, вядома ж, ён чакаў убачыць тое, што ўбачыў, - на твары яго адбіліся перш недаўменне, затым разгубленасць і страх, акурат як у яго сына, гэтага вось Дзяніса... Ён раптам заморгаў пакрыўджана, нібы вось-вось сабраўся заплакаць, затым сарваў з галавы аблавушку і захрысціўся, хутка крыжуючы сабе лоб і грудзі вялікай рукою, што здавалася занадта доўгаю, як і ва ўсіх прыгорбленых людзей.