Шрифт:
– Сагні ў лакцях трохі, цягнеш тут...
– Дзелавіта агледзеў палонных, прыкінуў, які інтэрвал трэба даць, ці хопіць вяроўкі на ўсіх. Націснуўшы Кецку на жывот, адцягнуў рэмень, сілком прапіхнуў пад яго звітак вяроўкі.
– Наступны!
Наступны быў Мікіцін. Зусім не адчуваючы болю, з якім упівалася ў настылую скуру скручаная ў тры столкі вяроўка, ён толькі падумаў: навошта ўсё гэта, хіба яны ўцякаюць ці збіраюцца ўцякаць, хіба мала ім навукі?..
– Іх бы саміх упрэгчы, заместа коней, - зларадна прашамкаў дзядок, абуты ў белыя валёнкі; ён стаяў паперадзе ўсіх, абапіраючыся на сукаватую неакораную крывуліну.
– Асабліва гэтага вось, чорта бяспалага, - паказаў на Кецку.
– Хай бы цягнулі!
Адзін малы Васілько, у якога, відаць, уяўленне ўміг стварыла малюнак - чырвоныя цягнуць воз, а коні спаважна йдуць сабе збоку, - зайшоўся нервовым смехам, больш ніхто, нават рагатун Мікола, не падтрымаў дзеда. Гнат, які ўвязаў адной вяроўкаю палонных, выставіў іх цугам і цяпер, сагнуўшыся, намотваў канец вяроўкі на кручкі пад задком, сярдзіта зіркнуў на старога знізу ўверх.
Людзі маўчалі. І маўчанне іх гаварыла аб той адвечнай шкадобе ахвяры да свайго ж ката, калі сам ён апынаецца ў яе скуры...
IV
Выйшаў з веснічак Чуб з абярэмкам вінтовак. Уладкаваў зброю на падводу, паўз драбіну. Памацаў забітых праз брызент, праверыў, ці як след звязаныя палонныя, пашморгаў вяроўку - ці добра трымаецца на кручках... Затым, бы цяпер толькі заўважыў, павярнуўся да натоўпу. Ссупіў бровы, уставіў рукі ў бокі - вялізны, што той мядзведзь, спытаў, грозна варушачы вусамі:
– Так - і што вы тут не бачылі?
Дзядок, абапіраючыся на крывуліну, падаўся бліжэй. Патлумачыў:
– Дык гэта... Стаімо, жджэм, - і азірнуўся на вяскоўцаў, чакаючы падтрымкі.
– Чаго вы жджэце?
– Дык гэта... вядома... Каб сваё забраць, калі раздаваць пачняце, - дзядок паказаў крывулінаю на мяшкі доле і на падводзе.
– А хто вам сказаў, што мы будзем раздаваць?
– яшчэ больш павысіў голас Чуб.
– Я ў вас пытаю!
Раптам як стаяў - рукі ў бокі, - так і пайшоў на дзядка:
– Сыны, унукі ёсць?
– Дык гэта...
– сумеўся той, змізарнелы перад такой скалою.
– Два сыны, а ўнукі малыя...
– І дзе сыны? Я спадзяюся, у нас у атрадзе? У Семежаве?
– Дык гэта... па хадзяйству...
– Па хадзяйству?! Мы там мерзнем, гібеем, кроў праліваем за вас жа, а вы - па хадзяйству?! Толькі і робіце, што ў валенкі ціхенька пшыкаеце ды на гарачых чаранах, у цяпле ў дабрэ, валяецеся?! Саветам ці палякам, маць вашу растакую, дык вы нічога не шкадуеце!
– усё больш распаляўся Чуб, наступаючы на разгубленага дзядка.
– Вам пугаўём у шыбіну стукнуць, дык вы і лапкі ўгору, апошняе сала з кубла цягнеце, апошні крыж нацельны гатовы сарваць з сябе і аддаць! А нам, сваім героям, сваёй доблеснай беларускай народнай арміі вам меркі аўса шкода?!
Крыху астыў, супакоіўся.
– Зараз слухайце мне і запамінайце і па хатах разнясіце. Пра тое, што тут было, каб ні адна жывая душа не пікнула! Калі прыедуць, стануць пытаць, скажаце - так і так, былі чырвоныя, забралі, што ім трэба, і паехалі сабе ў Вызну. Зразумелі? Ды не тапчыцеся тут без толку, слядоў не рабіце!.. І помніце, чэрці, калі што...
– пагразіў таўсценным пальцам.
– Не, гэта ж я так сабе, - зашамкаў спалохана, апраўдваючыся, дзядок, палічыўшы, відаць, што пагроза найбольш яго тычыцца.
– Бярыце на здароўе - сваім не шкода!
– сказаў, а выцвілыя падслепаватыя вочкі ўраз заслаліся жалем і паказалі на іншае - што шкада, яшчэ і як шкада свайго дабра і чым вы, такія «абаронцы», розніцеся тады ад Саветаў ці ад палякаў?..
Аднак на астатніх прамова Чуба падзейнічала. Усё правільна, так і трэба, сіла павінна быць сілаю - з кулакамі, з мацюкамі, а яшчэ лепш - з крывянкамі, тады і паважаць можна, тады і слухацца ахвота...
– Правільна, хлопцы!
– Бярыце на здароўе!..
– Чым гэтай набрыдзі, дык лепш сваім ужо...
Нават дзяўчынка, якая моцна трымала Васільку за руку, саромеючыся ўласнай смеласці, выгукнула званчэй за ўсіх:
– Што ж гэта - сваім шкадаваць?!
– Даўно б так, - змякчыўся Чуб.
– Хоць і тугавата, але даходзіць да вас, нарэшце разумна загаварылі. Словам - давайце, давайце ўсе па хатах!
– І то праўда - што гэта мы тут...
– Сляды адно робім...
– Будзем маўчаць!
– Маўчаць трэба, бо сабе ж горш...
Не слухаючы, Чуб павярнуўся да падводы. Распарадзіўся:
– Гнат, паглядзі тут. Я скора, - і пайшоў назад у двор.
Каля ганка ўсё было чыста. Стары Карпа дзяўбаў заступам настылую зямлю.
– Каб ямку ды закапаць, - патлумачыў, паказваючы на згрэблены ў кучку бураковы снег.
– Яшчэ там, на агародзе...
– Чуб хацеў сказаць, што і там трэба будзе прыбраць хоць трохі, замясці, але зірнуў на неба, нізкае, панурае, зацягнутае цяжкімі хмарамі, махнуў рукою - абыдзецца, наваліць снегу за ноч, усё схавае.