Вход/Регистрация
Нічые
вернуться

Федоренко Андрей Михайлович

Шрифт:

– Ты што ж гэта, шчанюк...

Моцны ўдар у вуха збіў з Дзяніса фуражку. Сыпанулі з вачэй іскры, зазвінела ў галаве... Кецка паціраў бяспалую руку.

– Бацьку роднага забіваюць, а ты хаваешся?!

І яшчэ ўдар, у другое вуха. Дзяніс пахіснуўся, але на нагах устаяў.

– Не трэба...

Ён шморгнуў носам, прыклаў да яго далонь. Адняў - на ёй была кроў.

– Не трэба больш, дзядзька Косцік!

Як ні дзіўна, але Кецкавыя плюхі памаглі яму. Нібы павыляталі з вушэй ватныя затычкі, а з вачэй спала ружовая, як гэты снег, плёнка. Разам з фізічным болем вярнулася адчуванне рэальнасці. Ён неяк інакш, чым да гэтага, вастрэй пачаў бачыць усё і чуць. І калі нагнуўся, падняўшы фуражку і збіваючы аб калена з яе снег, і выпрастаўся - у галаве праяснела.

Ён убачыў, як смела варушыцца і насядае на чырвонаармейцаў натоўп, пачуў, як выюць бабы: «Біце, каліце іх!» - і піхалі змярцвелых ад перапуду дзяцей на штыкі.

– За што вы страляеце нас?!

– Вы ж горшыя за палякаў, за немцаў!

Іншыя бабы самі снапамі валіліся ў ногі; чырвонаармейцы лупілі іх насцакамі, не шкадуючы, і прыкладамі адштурхоўвалі падалей ад начальства, назад, у натоўп... Яшчэ Дзяніс убачыў, што ўбаку, ля падводы (знаёмай нейкай падводы!), стаяць пад нацэленымі на іх чатырма вінтоўкамі яго бацька і другі дзедаў сын; убачыў таксама, як трошкі воддаль, па другі бок той жа падводы, варушыцца якісь клубок людзей: жывых уперамешку з мёртвымі. Цётка Ёўга, укленчыўшы, падняўшы ўгару рукі, галасіла - з-пад хусткі павылазілі касмачы, сівая і страшная, была яна падобная на ведзьму; побач, у такой самай позе - рукі ўверх - сядзела на снезе і тонка падвывала Лізка... Яшчэ пазнавалася ў тым людскім клубку дзедава нявестка, якая рытмічна, са стараннасцю дбайнай манашкі на малебне, білася галавой аб снег. Другая нявестка, з малым на руках, насядала на чырвонаармейцаў, упарта старалася насадзіць дзіця на штыкі; з нагі ў малога зляцеў белы валёначак, дзед падабраў яго і круціў у руках, тупа пасміхаючыся...

Маленькі Губмян хутка падышоў да Дзяніса. Баючыся, што зноў пачнуць яго біць, Дзяніс закрыўся рукамі.

– Гэты?
– недаверліва спытаў Губмян у Кецкі.

– Так точна, адзін з учарашніх, таварыш камісар. Распарадзіцеся, каб адпусцілі людзей, ён усё раскажа! Я з ім сам пагавару!

– Толькі не біце, дзядзька Косцік!
– заспяшаўся Дзяніс.
– Я ўсё скажу!.. У мяне і зброя ёсць, там, у лазні!
– матлянуў галавою.
– Прынясу зараз...
– і ўжо нават кінуўся быў, але бліжні чырвонаармеец, як шлагбаумам, вінтоўкаю перакрыў яму дарогу.

– Куды? Стаяць!

– Разам пойдзем. Шуруй, паказвай!
– Кецка піхнуў Дзяніса ў плечы.

Камісар зрабіў знак чырвонаармейцу, і той, ускінуўшы на плячо рэмень вінтоўкі, таксама выправіўся за імі. Так і пайшлі след у след: першы Дзяніс, тады Кецка і апошні чырвонаармеец, які ціхенька пасвістваў.

У натоўпе зразумелі, што расстрэльваць больш не будуць, але, як заўсёды бывае, людзі не сціхлі, не супакоіліся; наадварот, усчаўся гвалт яшчэ большы, чым калі была рэальная небяспека.

Салдат-свістун крыху адстаў. У лазню зайшлі толькі Дзяніс з Кецкам. Хлопец кінуўся да грубкі, выцягнуў маўзер, аберуч падаў яго гаспадару.

– Вось!.. Ваш, дзядзька Кастусь!..

Яны былі ўдвух, чырвонаармеец сюды нават не заглядваў.

Кецка, азірнуўшыся, узяў Дзяніса за каўнер, прыцягнуў да сябе блізка - так, што з рота патыхнула нячышчанымі зубамі, - і зашаптаў:

– Слухай і запамінай... На атрад напалі ў лесе, за вёскаю! Будзеш казаць, што ў лесе была засада, чырвоных пабілі, а ты спалохаўся і ўцёк. Дамоў. Усё зразумела?

Дзянісу, сціснутаму, цяжка было нават кіўнуць, і ён толькі згодліва заморгаў вачыма...

Калі яны ў тым жа парадку прытупалі ад лазні, чырвонаармейцы ўжо скончвалі свае хуткія зборы. Кулямёты былі пагружаны на падводы. Салдаты, пастроеныя ў калону, чакалі каманды. А бабы ўсё не ўнімаліся!..

Кецка, перакінуўшыся з Губмянам парай слоў, падштурхнуў Дзяніса да падводы, на якой ляжалі забітыя, загадаў:

– Лезь!

Дзяніс у апошні раз азірнуўся. Хацелася ўбачыць бацьку, і ён убачыў яго. Убачыў, як ён стаіць, гарбаты і няшчасны, а раскалмачаная, сівая і страшная цётка Ёўга, захлёбваючыся слінай і ярасцю, крычыць яму ў твар:

– Каб вы ўсе перадохлі, уся радня вашая... з-за вас усё, гэта ж у вас на дварэ пабілі... дык вы цэлыя ўсе, а мо-о-ой... хто ж мне яго падыме-е-э!..

Лізка, седзячы на карачках, ціхенька галасіла каля мёртвага бацькі.

«Хоць зірні, глянь!» - узмаліўся да яе Дзяніс, у якога сэрца зайшлося і ад гэтых «цешчыных» праклёнаў, і ад таго, што ён арыштаваны, што забіраюць яго некуды, што трэба лезці яму зараз да гэтых акачанелых мерцвякоў і ўмошчвацца неяк разам з імі, паміж імі ці на іх, на ледзяной акамянелай назе, руцэ...

Дзяўчынка мальбы не пачула.

– Атрад... Ойсь... Агам... Арш!

Караван з чатырох падводаў і атрад пяхоты рушылі на Вызну. Калона была акуратная, па чатыры, ісці стараліся плячо да пляча, роўна, нават у нагу - не хапала толькі заліхвацкай якой-небудзь «вдоль да по речке» ды балалайкі з лыжачнікамі. За апошняй падводай, на якой ехаў разам з забітымі жывы пакуль Дзяніс, беглі два жоўтыя сабакі з падціснутымі кашлатымі хвастамі і з вінавата апушчанымі чорнымі мордамі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: