Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Вецер. Тады я не думаў пра Надзею. А тут зразумеў: жыццё, любоў – варожыя крыві, пагрому, забойству, смерці. Я стаў іншы, а яны ўсё яшчэ не разумеюць: чалавек не павінен пэцкаць рукі ў крыві. I калі ён забівае – ён перш за ўсё забівае сябе.
Агна. Мне зараз кепска. Змяя цябе малога ўкусіла – я адсмактала атруту. Пошасць была – я ўратавала цябе. Зараз ты ведаеш такі верх зямной прамудрасці, як лаціну, а тады казаў, што вецер дзьме, бо дрэвы калоцяцца... I вось... Гэты чалавек, якога я ненавіджу, бо ён не насіў і не ратаваў цябе, кідае нам, Ветрам, такі дакор. Каб ім ягоныя дзеці ў голад давіліся.
Вецер. Не лай Вашчылу.
Агна. А хто вінен, што я яго лаю, што наш агонь зняважылі? Што гэты чалавек праз тваю віну зганьбіў твайго дзеда, бацьку, мяне. Мы – панцырныя баяры. Мы храбрасцю ў войнах здабылі сабе права нікому не цалаваць рукі і насіць меч... I ты яго годна носіш. Чыншавыя сяляне – і тыя не церпяць. Сто год не церпіць гэтая зямля. Забілі калісь войта Мікіту Звягу; пяцьдзесят год назад пабілі харугву Канажэцкага.
Вецер (іранічна). Ну-у. “Каламі і рушніцамі ў спіны штурхалі і пад нос маскоўскія дулі торкалі”.
Агна. I там быў твой дзед. А ў шэсцьсот дзевяноста шостым харунжага вялікага княства Агінскага за разбой іхні разбілі. I там ваявалі Зміцер і Ілья, дзед і бацька Івана Карпача... I твой бацька, зусім малады. I тры гады назад Пжылэнцкага разбілі. I атрад карны Янкоўскага разбілі, аб чым ты і сам ведаеш. I кожны раз людзям рабілася крыху лягчэй дыхаць. А зараз прыціснулі іх, і дыхаць няма чым, а ты...
Вецер. Маці, я проста не магу зараз, пакахаўшы, праліваць кроў. Усё раўно, чыю кроў. Гдаля, Радзівіла, Шмуйлы. Яна святая, бо яна чалавечая. З часам усе зразумеюць гэта, нават яны.
Агна. А пакуль льюць нашу кроў, як ваду.
Вецер. Я не магу сам наклікаць час вялікай крыві. Я шчаслівы і добры, як ніхто.
Агна. Ты ведаеш, як памёр твой бацька? Што ж, час расказаць. Балабановіч угаварыў яго быць сватам да дачкі шатнага ў паляўнічым палацы князя. Бацька сказаў: “Ён накраў золата, а ты – вольная галота”. Ну, Балабановіч угаварыў бацьку... на пагібель. Перад ганкам людзі шатнага запатрабавалі ад іх першай ганьбы: зняць шаблі і выпрагчы коней. Бацька адмовіўся. Не трэба было ім ісці далей. Але бацька зірнуў на Балабановіча... і яны пайшлі. I за сталом ім разам паставілі гуся, парсюка з чорнай падлівай і гарбуз. Адмовілі. I ТАК, што лепей бы плюнулі ў твар. I тады бацька сказаў: “Што ж, ад гусей і парсюкоў іншага нельга было і чакаць”. Шатны сказаў: “Панцырнікі сватаюцца да шляхты, ганіце іх”. Бацька сказаў: “Усе ад Адама. Але я здабыў волю мужнасцю, а ты – распустай свайго невядомага бацькі”.
Вецер. Ну так, незаконны сын Радзівіла. Але што мне да гэтых смешных крыўдаў, да прымхаў, да дурных звычаяў? Я вышэй іх. Я люблю жыццё і не хачу ліць крыві.
Агна. Бацька адаслаў Балабановіча па падмогу, а мы рыхтаваліся. А пад ранак маршалак і шатны са шляхтай абступілі і пасля перастрэлкі падпалілі дом. Мяне выцягнулі з агню. А бацька страляў з гэтага вогнішча, а потым пулгакі, пісталеты стралялі ўжо самі.
Вецер. Гэтыя людзі памёрлі. А іншай крыві я не хачу.
Агна. Ратуючы ад хваробы, не ўратавала ад ганьбы. Шкада... Ветры – пасмешышча зямлі.
Вецер. Я не жадаю крыві. Ува мне зараз неба. I я так палюбіў жыццё і Надзею, што трэба баяцца, як бы я не зганьбіў сябе яшчэ горш... Вось схопяць... Ты можаш зрабіць так, каб я не пахіснуўся, каб смяяўся ім у вочы, каб не стагнаў ад успамінаў у апошнюю ноч? Я не жадаю даць ім гэтае ўцехі. Я не хачу чужой крыві і не хачу ліць сваю! Ратуй мяне. Зрабі, каб я не шкадаваў іхняга жыцця і свайго. Ратуй мяне ад ганьбы!
Вецер стаў на калені.
Агна. Усе чамусьці думаюць, што маці ўсё сцерпіць, і таму просяць у яе такое, нібы яе сэрца з жалеза.
Цяжкая паўза.
Каб не казалі, што мы – ад Іуды. Каб не плявалі нам у твар...
Паўза.
Добра. Я дапамагу.
Вецер. Хутчэй. Гэта сапраўды страшна, калі на цябе плююць. I страшна ліць кроў.
Агна. Едзь у бок Ківаверцаў. Пасля, па лагчыне, на Зорны Кол ад Вялікага Каменя. З паловы шляху звяртай на Імшаны Яр. Там, дзе ён упадае ў раку, убачыш на адхоне пад вялікім дубам капаную пячору. Прыйдзі зацямна і не палі святла. Т а м – Чалавек... Будзе гнаць – не ідзі. Скажы яму: “Мне гэта трэба. Я ўсё ведаю і нізавошта не пайду”. Не палі святла. Паеш з ім у цемры, а раніцай едзь дадому... Ідзі. Дай табе бог сілы ў апошнюю, у клятую гэтую гадзіну.
<