Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Лаўрэн. Вы на папойку, а галава баліць у мяне.
Карпач. Што, хваробы сабе купіў на жаніховы грошы? Гэ, ды ў цябе і сіняк пад вокам. Набілі. Нічога, свята без мучаніка не бывае.
Лаўрэн. Чарку – і на край свету.
Магда. Ты, лабідуда гэткі, пойдзеш і на край свету, абы чарку.
Лаўрэн. Ба-а-ба! Тут справы мужчынскія, думаць трэба. А ты пакуль з лаўкі ляціш, дык семдзесят дум перадумаеш.
Магда. Чапяла па табе мала хадзіла, ёмашнік стары.
Лаўрэн (выпіў). Во цяпер і пайду. I ты збірайся. А то ў Крычаве твая карчма згарыць. Хаця...
Уся вёска згарэла – Карчма ацалела, Яе пагасілі, Што чарачку пілі. Ўся Орша згарэла...Магда. Сціхні ўжо, дзярыглотка, мачыморда гэткі. Добра, пайду і я, а то вайна будзе на першым сметніку.
Лаўрэн. А дзе ж тая вайна? –
Пасярод лайна.
Магда. Ідзі-і ўжо, ідзі-і.
Вецер. Людзі! Слухайце ўсе! Ідучы на цяжкую гэтую справу, даў я перад богам, і святымі, і людзьмі, і зямлёю страшнае абяцанне. Да самай нашай перамогі або да самай маёй загібелі ніхто не павінен дакранацца да мяне, акрамя маёй жонкі. I я ні да каго не павінен дакранацца, акрамя як да яе.
Агна. I да мяне.
Уладна абхапіла ягоную галаву, прыцягнула яе да сябе і пацалавала сына ў лоб.
Карпач. Што ты яго, як на крыж?
Агна. Так. I да мяне. Толькі вось яна і я маем права дакранацца да яго, падводзіць яму каня, падаваць яму ваду. Толькі мы маем права нават выцягнуць яго параненага з бітвы. Астатнія – не.
Вецер. Што ты яшчэ нарабіла?
Агна. А ты што думаеш, я кіну цябе аднаго?
Вецер. Астатнія – не. Я даў страшнае абяцанне, страшную і апошнюю клятву. Я да каго дакрануся ці нехта да мяне дакранецца, акрамя вось іх, – той чалавек памрэ. Або тут жа, на месцы, уражаны небам. Або павольна, за гады, жыўцом згніе! Чуеце?! Або на месцы, або жыўцом?! I клятву гэтую ўмацавала перад вялікім богам зямлі нашай мая маці. I хто здрадзіць нам, хто прадасць нас – на таго я накладу руку і той згіне! I клятву тую ўмацавала мая маці.
Цалуе зямлю ля яе ног.
Мы попел размяцем ад іхніх дамоў і палацаў. Клянуся, гэта праўда. Як праўда, што далонь мая нясе ворагу смерць!
Карпач. Чары? А хлуслівыя ці праўдзівыя?
Вецер. На жаль, праўдзівыя.
Лаўрэн (з-за спін, дурасліва). Быць ет-тага не можа.
Надзея. Праўда. I мая таксама. Рука. Нясе.
Лаўрэн. Ет-тага быць не мож-жа.
Агна. Праўда, як тое, што смертаносная цяпер і мая рука.
Лаўрэн. Ды н-не, мож-жа ет-тага быць.
Агна. Мы трох далі гэтае абяцанне.
Лаўрэн. Ды ет-тага быць...
Магда (нечакана сур’ёзна). Сціхні, звяга. Тут нешта сур’ёзнае.
Карпач. Чым вы давядзеце гэта?
Вецер. Ну, па-першае, чалавек можа згнісці і праз год. А па-другое, хто гэта насмеліцца, толькі каб давесці, забіць чалавека?
Карпач. А гэта гледзячы якога чалавека. Людзі! Гэтага сюды!
Мужыкі падвялі да іх войта з Ківаверцаў.
Вось войт з Ківаверцаў. Апошні кавалак шкуры, што не здзёрлі Іцкавічы, – здзёр ён. Правер на ім сваю клятву, Вецер.
Войт (дужа спалоханы). Якое права?! Хто тут падбухторвае? На плаху захацелі?!
Карпач. Гэтай ноччу ён данёс Іцкавічам, што нехта хаваецца ў пракажонага.
Вецер. Ну а каб і хаваўся... Каб, скажам, ён... або я... (набліжаецца да войта). Каб, скажам, я? Якая яму справа?
Войт (цьмяна прадчуваючы нешта). Не смееш! Не сме...
Вецер. Да каго дакрануся – той чалавек памрэ.
Карпач. А за некалькі год гэта ё н данёс на друга, і тыя спалілі хату няшчаснага з жонкай і дзецьмі.
Вецер. Або згніе, або – на месцы, уражаны небам.