Вход/Регистрация
Маці ўрагану
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Пракажоны. Сам не ведаю. Аднойчы бачыў пракажонага. Той ішоў у балахоне, бразгаў бразготкай. З ім быў здаровы (ён здаровы і дагэтуль), які торкаў кіем у тыя рэчы, якія былі патрэбныя хвораму. Яны прайшлі каля мяне ў дзвюх сажнях. Той здаровы, а я... Трэба было пасля той сустрэчы стараніцца людзей, але ж мінула шэсць год. Я ажаніўся. У мяне была самая цудоўная жонка. I дзеці, Ян і Сабінка. I нам было ўдосталь хлеба свайго, і ў нас была страха. I мінула дзесяць год, і я ўбачыў на плячы пляму ў выглядзе белага матыля. Гэта белы матыль лянотнай смерці сеў на мяне. Я пайшоў да сябра, войта з Ківаверцаў, і папрасіў сабе лапік зямлі ў пушчы, каб не дыхаць з дзецьмі адным паветрам. I каб я сеяў, а жонка прыходзіла жаць. Але і ксёндз і поп крычалі, што гэта развод. Я сказаў ім, што нават Рым дазваляе развод, калі адзін захварэў праказай. А яны данеслі Камісару і Іцкавічам, і тыя пачалі крычаць, каб мы забіраліся ў пушчу і дрыгву і здыхалі там. Я пайшоў шукаць месца, а калі вярнуўся – служкі Іцкавічаў абкружылі хату і нікога не пускалі, а хата палала. I з агню даляталі крыкі. Яны і зараз днём і ноччу ў маіх вушах... Па мне пачалі страляць, калі я рваўся туды. I страха рухнула і пахавала крыкі. I вось я ў яры, як звер. У мяне няма хаты, жонкі, дзяцей. Я жыў літасцю адной невядомай жанчыны. Няма ў мяне ні сала, ні солі, ні хлеба.

Вецер. Як і ў твайго і майго народа.

Пракажоны. Але я яшчэ й хворы. Кепска рухаюся. Двойчы за гэты час на нас рабілі аблавы, калі абрыдала паляванне на ваўкоў. Панская забава! Я самы адрынуты, самы загнаны.

Вецер. Як твой і мой народ. Без хлеба, без страхі, без волі, без мовы, зацкаваны, як звер, загнаны ў нару (паклаў пракажонаму руку на плячо). Ты не плач. Маці ведала, што рабіла. Можна жыць асобна і біцца асобна... Праз некалькі год праказа з’явіцца на лобе ці на плячы. Яна не дасць мне пацалаваць жонку і маці, падаць руку другу. Але нават праказа не забароніць мне ўсе гэтыя гады біць, душыць, рэзаць, паліць гэтых мярзотнікаў. Нішто не шкодзіць і пракажонаму загінуць як след. Бо лепей загінуць нават у катоўні, нават у агні, чым згнісці жыўцом.

Пракажоны. Чаго ты хочаш?

Вецер. Я ведаў, чаго хачу я. Працаваць у сваім двары, любіць дзяцей і суседзяў. Нічога гэтага не дадуць, як не далі табе. Цяпер я ведаю, чаго хачу. Смерці гэтых гадзюк, каб не паганілі зямлі.

Пракажоны. Чаго яны хочуць ад нас? Чаго яны ўсе-ўсе хочуць ад нас?!

Вецер (устае). Не плач, браце. Ніводная сляза твая не застанецца без помсты. Бывай, брат.

Абдымае яго і цалуе.

Маці сказала праўду: “У гэтым лесе... У яры... У гэтай нары беа святла – Чалавек. Помні, там Чалавек”.

Ноч. Стомлены тупат каня.

Песня
Супраць іхніх пякельных законаў Коннік ляціць у агонь. З ім – загнаны народ ягоны, I бог на сцягах у яго... Безнадзейнасць вачыма сталёвымі У вочы мае глядзіць З кожнай роднай пахмурнай дубровы. Нельга жыць. Але што ж, будзем жыць.

Карціна трэцяя

Тое самае падвор’е, што і ў першай карціне. Толькі агні ў хаце згаслі. На ганку стаіць Агна Вецер. Здалёк далятае і сціхае ля брамы конскі тупат. Пасля з’яўляецца з цемры, асабліва густой перад світаннем, Васіль Вецер.

Агна. Было?

Вецер. Было.

Агна. Ненавідзіш мяне?

Вецер (спакойна). Ужо не.

Агна. Чаму?

Вецер. Разумею цябе. Гэта сапраўды жахліва, калі маці Ветру, а сын у яе не Вецер, а такі вось баязлівы вусень. I кожны мае права плюнуць...

Агна. Не, не зразумеў ты мяне. Не баязлівы – ты знайшоў бы ўрэшце сілы. Але нас давялі да краю, нас загналі ў норы. I калі ўжо лепшыя паўстаюць за свой аб’яўлены пракажоным народ...

Вецер. Ну.

Агна. То нельга, каб чалавек, які носіць прозвішча Вецер, не быў лепшы з лепшых. Мы для гэтага зашмат пакутавалі. Мы пакутамі купілі права на гэта. I калі іншыя ў бунце могуць быць проста ветрам, то шэлег табе цана, Вецер, калі ты не будзеш ураганам.

Вецер. Я і гэта разумею. Цяпер муру паміж мною і ворагам няма. Але ёсць мур паміж мною і табой. Учора я абдымаў цябе ў апошні раз. I не ведаў... Але пра гэта хопіць. Ты толькі помні, што яны паплоцяцца і за цябе, а ты заўсёды будзеш са мной. I вось што... скажы пра ўсё жонцы. Мне цяжка будзе растлумачыць Надзеі ўсё. Я лягу тут.

Агна. Дурны ты. Добра. Падумай яшчэ.

Павярнулася і пайшла ў хату. Вецер сцеле пад дубам плашч. Пайшоў у хату і ўзяў з падвокання пляшку. Вяртаючыся, запнуўся аб Лаўрэна, які спіць пад прызбай. Той узвыў праз сон:

Як якому смаркачу – Я й за грошы не хачу. Як якому блазну – Па зубах я бразну.

Замармытаў і сціхнуў. Вецер сядае на плашч. П’е.

Вецер. Зоры... Як бы гэта сказаць: “Коціцца зорамі ноч. Вечны абег сусвету. Даўно насяляць я пакінуў анёламі неба гэта”. Кепска.

Падае знічка.

Упала нечае шчасце. Маё. (П’е.) Бог хоча прыкуць шчасце толькі да неба. А мятлушкі хапаюць яго і нясуць да людзей. Толькі са шчасцем маёй зямлі яны нешта замарудзілі. А, выдумка... Небу няма канца. (П’е) I я такі малы перад гэтай безданню. Толькі каханне рабіла так, што цёпла. А зараз і яго няма. Памру і развеюся... ільдзістым пылам. I сусветы памруць. Якая ж я пясчынка, выключаны з сусвету... Будзе бітва. Яны палягуць або мы... і кожны будзе нас ганьбіць. Што да гэтага зорам? Пройдуць тысячы год. Што тут будзе тады? Напэўна, ніхто не будзе адбіраць у іншага хлеб і гонар. Не будзе большага і меншага, эліна або іудзея. I кожная мова будзе панскай, а таго, хто яе саромеецца, будуць закідваць багном. (П’е). Не можа быць, каб яны не зразумелі нас, зняслаўленых і абылганых. Яны ж будуць... як багі, як лебедзі, як людзі. (П’е.) I я буду сярод іх, хворы, замучаны, адрынуты. А пажадаю – буду дзе хачу. (Ён плача, а вусны ўсміхаюцца.) Хто сказаў, што я малы? Сусвет у вачах, зоры ў мозгу, галасы ўсіх людзей у сэрцы. Я пажадаю – і хутчэй настане час людзей, што магутныя, як багі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: