Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Магда (улешчаная). Добра-добра. Толькі без бойкі.
Яўхім. Няма чаго сварыцца. I новы арандатар тут, і дзярэ, як свой. I пры тых, і пры ім на азадках нашых як ячмень малацілі.
Магда. Іцкавічам усё заплочана. I хай коцяцца.
Антох. У тым і справа...
Яўхім. ...Што не ўсё заплочана. Што яны яшчэ тут і нейкія рэшткі выбіваюць. I як бы гэтыя рэшткі не былі апошняй нашай кашуляй.
Магда. Ветра зваць трэба. Не п’янюгу Васку, а Васіля. Ён ім толькі руку пакажа – жыва нагостраць лыжы.
Поп. Забабоны ерэтыцкія! Язычаскія. Хто гэта, акрамя бога, можа... дотыкам рукі?..
Магда. А ты нас з Лаўрэнам спытай, як войт з Ківаверцаў, нібы ад Перуна, рухнуў.
Поп. За вашыя супрацьзаконныя намеры вас з Лаўрэнам трэба... у вязніцу.
Магда. А ты з намі, ці што, быў, што ведаеш, намеры там у нас або ўжо нешта больш сур’ёзнае? Ці мо ляжаў з намі?
Поп. Цьху, бясоўскае адроддзе.
Магда (прыўзняла яго за шкірку). Хто тут бясоўскі? Хто з Бесавічаў? Я ці ты?
Поп. Ай, эпіцім’ю накладу.
Антох. У порткі ты накладзеш. Ды кінь ты яго.
Магда. Ужо кінула.
Яўхім. Ай, баба! Ай, баба, як Пярун!
У карчму ўвальваюцца браты Іцкавічы з вартай, Камісар і Павал Цялецкі, крычаўскі “губернатар”.
Гдаль. Ай, б’юцца. Ну, як бараны. Ну, як пеўні.
Шмуйла. Здароў, Магда.
Магда. Здаровы былі. Нашто завіталі?
Шмуйла. Скора з’едзем. А пакуль – даўжок за табой.
Магда. Што-о? Які даўжок?
Гдаль. Апошні даўжок перад тым, як новы арандатар даб’ецца таго, чаго мы не дабіліся, і прымусіць гэтую карчму па бервяну разнесці.
Магда. Я-ак?
Цялецкі. А так. Пабудова пры рове. Значыць, бліжэй чым дзесяць сажняў ад замка. А гэта значыць вораг можа яе разнесці і з яе праз роў мост накідаць.
Магда. Калі вораг прыйдзе – ён і за пяцьсот сажняў бярвенні паднясе. Ён не задумаецца і ўвесь горад на мост разабраць. Але верна і тое, што, як вораг прыйдзе, я гэтую карчму сваёй рукой падпалю.
Яўхім Хмыз непрыкметна выбраўся з-за стойкі ў дзверы.
Цялецкі. Добра, пра гэта пасля. А цяпер ты кажы, камісар.
Камісар (хавае вочы). Доўг за табой, Магда. А які – хай скажа вельмішаноўны пан Гдаль.
Магда. Ой, камісар, не крыві душой. Яны пойдуць – ты застанешся.
Камісар. Ведаю, але... паднявольны.
Гдаль. Семдзесят злотых з цябе.
Магда. Гда-аль!
Гдаль. Вочы мне лопні, скула мне на язык.
Магда (дастае і кідае на стойку некалькі драўляных планак). Вось насы, біркі. Давай твае паловы. Складзем і паглядзім, што на носе зарублена.
Шмуйла. Няма ў нас ніякіх насоў! Адкуль насы?
За вокнамі ў гэты момант зараўла трывожна дуда.
Антох (падпявае).
Дуды над хлопцамі выюць трывожна. Над полем бітвы спявае рог. Тапчыце зямлю, легіёны божыя! Наперадзе – вораг! Над вамі – бог!Цялецкі. Гэта што?
Гдаль. Гэта значыць – хутчэй грошыкі, Магда. Адна ты тут не паддалася са сваёй карчмою. Напаследак – паддасіся.
Поп. Размячыце, размячыце гэты вярцеп.
Магда. Ах ты, выпоўзіна!!
Поп. Хто гэта – божыя легіёны? Тыя галадранцы? I бог наш – з імі?
Антох. Тапчыце зямлю, легіёны божыя!
За вамі ваш край. I з вамі – ваш бог!
Магда. Вось біркі!