Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Тыя пачынаюць выбірацца ў вокны. Сумятня. Цялецкі і Гдаль заселі.
Гэй, мужыкі, падмагніце ім. Гэтага – касой прышпорце, а гэтаму – выспятка.
Поле “бою” ачысцілася. Усе пераглядаюцца, і раптам – рогат.
Вось. Прынеслі яны нам такі акіян крыўды, такое бяспраўе нязменнае і вечнае, што ўсе здрыгануліся, нават зямля (пошчак капытоў). Хай ідуць туды, дзе іх чакаюць... А мы... нам, мужыкі, трэба трымацца, як мур. Шкоды мы асаблівай пакуль не нарабілі. Значыць, жорстка слухацца загаду, парадак у горадзе трымаць, як у манастыры.
Антох. Крый божа.
Вашчыла. I нікога не забіваць.
Вецер. Так, самі душу маем. Не забіваць.
Поп. А Белавітня з цесцем куды спішаце?
Вецер. Кепска атрымалася. Але ён смертабойнічаў, у людзей майно адбіраючы. Дый тут уздумаў страляць. Не стрымаліся людзі.
Антох (папу). Ты ўжо не вякай. Божай дабраданасцю гандлюеш, а туды ж...
Карпач. I праўда. О-ой трымайся, поп з Бесавічаў. Як бы мы цябе не прымусілі замест вядра царкоўнага віна выхлябтаць вядро воцату.
Поп. Ды я што? Я з вамі.
Iлья. Але кнігі пазык у с е спаліць. Дачыста. .
Бачко. I справядлівасць усім.
Поп. I трэба суплікантаў, скаржнікаў паслаць да князя ў Белую Падляшскую. Хай лобам б’юць.
Бачко. I тое праўда.
Вашчыла. Ты і скаргу напішаш. Быць табе пісарам новай рады, бо Вецер, бач, здуру прысягу даў ні да каго не дакранацца, пакуль не пераможам або не памром.
Вецер. Ну даў... Ну здуру.
Вашчыла. А скаргу? Скаргу чаму ж не паслаць. Арандароў няма.
Карпач. Князь зразумее.
Яўхім (бярэ дуду). Ох, і жыццё будзе.
Былі ў бацькі тры сыны – ух я! Ды ўсе ж яны Васілі – ух я!Лаўрэн. Гэта Вашчыла ды два Ветры.
Яўхім.
Адзін козы пасе, Другі лапці пляце.А дзе гэта трэці Васіль? Ён якія такія лапці пляце?
Магда. За гэтым шалапутам вока ды вока.
Ужо некаторы час за вокнамі скача нейкі слабы водсвет, які цяпер разліваецца ў зарыва. Пасля далятаюць адтуль лямант, праклёны, гвалт.
Карпач. Што такое?
Iлья. А гэта ці не трэці браток-Васілёк? Васка Вецер.
Вашчыла (мужыкам). Ідзіце паглядзіце. I калі што – спыніце брыду.
Тыя пайшлі.
Вецер (да Ільі). Ты якое права маеш думаць кепска пра майго стрыечніка?
Iлья. Стуліся, Вецер. Пакуль ты купцоў, растаўшчыкоў, глытаёў граміў, пакуль ты распіскі кабальныя паліў – брацік твой, падбухтораны новым арандатарам, нашым, Хрыптовічам, сваёй крыві чалавекам, швэндаўся п’яны па яўрэях, нават бедных, і пагражаў, што вось паліць вас будзем і што вось будзе пагром.
Вецер. Праўда?
Лаўрэн. Так. I казаў, што можа той пагром ад хаты адвесці. I багатыя яўрэі яму грошы давалі.
Магда. I гарэлкай паілі, бо пасылалі да мяне. Ходзіць увесь час як гразь.
Урываецца Бачко, які пайшоў з мужыкамі.
Бачко. Пажар! Жыдоўскі канец гарыць! З вуліцы ў вуліцу. Вецер падпаліў з сябрамі.
Вецер (ціха). Вось яно. I як жа я не хацеў у бунт, у разбой гэты ісці. Падпальшчыкі цёмныя, забойцы. Абы да гарэлкі дарвацца. Але цяпер... цяпер ужо дарогі назад няма. Цяпер ужо хаця й бляваць хочацца, а – з імі.
Вашчыла (Ільі і Бачко). Бяжыце, уздымайце людзей. Гасіць. Гасіць, не шкадуючы шкуры.
Поп. А нашто? Цяпер ужо войска ўсё адно прыйдзе. Цяпер – у кулаку трымацца трэба, і на розныя соплі часу няма. Няхай іхнія Суркі над сваімі бебехамі павыюць. (Ён зусім сп’янеў.) “А зэйдэлэ, а бобэлэ! Уй-ю-юй!..” Хрыста нашто распялі?!
Вашчыла. Ціха, поп! Цябе не білі, але я, імем сваіх ста пяцідзесяці бізуноў... Хай розны лёс, хай іншая кроў, але... кажы,. Антох... З пісання.