Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Алесь. Не дуры, Сярожа. Што з табой? Закахаўся няўдала – параду дам. Са стыпендыі зрэзалі – глупства, пражывём. Якія ў цябе яшчэ няшчасці могуць быць?
Сяргей. З манастыра ўходжу. У Бога перастаў верыць.
Алесь. З якога манастыра?
Сяргей. З жаночага.
Ганна. Сыне, ты якім гэта тонам размаўляеш?!
Алесь. Пакінь яго, Ганна... Калі ў розум прыйдзеш – вячэраць прыходзь, макітра чарапяная. Пайшлі, Вярыга.
Вярыга. Ідзіце. Я яшчэ з хвіліну тут пасяджу.
Алесь і Ганна пайшлі. Вярыга сядзіць на лаўцы і маўчыць.
Дай мне папяроску.
Сяргей. Бярыце.
Вярыга. Мухі ў цябе ў носе завяліся, Сяргей, ці што? Ох, быў бы я тваім бацькам...
Сяргей. I лепей, магчыма, было б.
Вярыга. Гэта што, прыкажаце за камплімент прымаць?
Сяргей. Жыць абрыдла.
Вярыга. Чаго? Ты ж учора ўсё так хваліў. Кнігі, інстытут, дзяўчат знаёмых...
Сяргей. Дурны быў. Дзяўчаты на мяне і пляваць хутка не захочуць, у кнігах – хлусня, інстытут – пітомнік ясналобых ідыётаў... Якой вы думкі пра Анэлю?
Вярыга. Бачыў учора. Дурненькае дзяўчо, уяўляе, што яна штосьці значнае. Эх, Сяргей, усе людзі яе тыпу проста не ведаюць, што з сабою зрабіць, і таму ходзяць на галаве, даводзяць іншым, што яны індывідуальнасці. (Паўза.) Ты што, з Наташай пасварыўся? Не трэба, брат, гэта – Чалавек!
Сяргей. Скажыце, можа чалавек, у якога нічога няма, ажаніцца?
Вярыга. Табе гэта нашто?
Сяргей. Проста так.
Вярыга. Вядома. Ну не зможа ён даць ёй “Волгу”, Сочы, туалеты. Гэта ўсё лухта, гэта з часам прыходзіць. Каб так думалі, дык і не жаніліся б ніколі, каб не сапсаваць сяброўцы жыццё. Будуць працаваць разам, будуць дзеці. А маці твайго дзіцёнка стае ў дзесяць разоў даражэй, чым проста жонка.
Сяргей. А можа ажаніцца на добрай чыстай дзяўчыне чалавек з нячыстым сумленнем?
Вярыга. Не. Гэта трэба зусім ужо свіннёй быць.
Сяргей. Вось і я кажу. А, скажам, такі выпадак. Ажаніўся чалавек, дзесяць год жыў у сям’і жонкі... Дзесяць год жыў у сям’і злодзея і не ведаў, што ён злодзей. Можаце вы паверыць?
Вярыга. Цяжкавата паверыць, Сярожа. Бадай што не можа такога быць.
Сяргей (ціха). Ну вось. Ясна. I ўсе так думаюць.
Вярыга. Ды ў чым нарэшце справа? Што ты ходзіш кругом ды навокала?
Сяргей. Ні ў чым.
Вярыга. Ну глядзі. (Устае. Глядзіць на Сяргея.)
Сяргей. Я пасяджу яшчэ трохі.
Вярыга пайшоў.
Вось табе і ўсё. Усе шляхі закрыты. Кожны скажа: “У яго бацька... Меланхолік”... Брыдка неяк, халодна... Бо каб хто расказаў усім – ганьба была б. А расказаць трэба. Самому... Халодна як!.. I не раскажу я ніколі, таму што не толькі ненавіджу, а і люблю яшчэ яго... Бацьку прадаць – гэта... Што ж рабіць?
Пайшоў густы пульхны снег.
Халодна як. I дадому ісці не хочацца. Што там дома добрага?
Снег ідзе і ідзе. Сяргей сядзіць, скурчыўшыся. З рэпрадуктара над галавой плыве нейкая сумная лёгкая мелодыя. А снег падае, падае, падае без канца.
Карціна другая
Абстаноўка другой карціны першай дзеі. Вечар наступнага дня. Камін гарыць. На сцены і вокны кладуцца адбіткі. У крэсле перад камінам Алесь Пятровіч і Ганна Вадзімаўна. Глядзяць на агонь. Янка на дыване, на падлозе, майструе аўтамат. У дзвярах з’яўляецца Вярыга. Ён з марозу, паціскае рукі.
Вярыга. Мароз!
Янка кідаецца да яго з аўтаматам.
Янка. Стой! Мы цябе арыштуем!
Вярыга. Не буду. Дальбог, больш ніколі не буду.
Янка. Спужаўся?
Вярыга. Як жа ж не спужацца, брат. Такі страх! (Ён бярэ Янку на рукі.) Папаўся, брат. Вось я табе пакажу зараз, дзе доктар “ай” жыве. (Сядае з Янкам у другое крэсла.) Гуляў зараз па горадзе і з тваім мужам, Ганна, лаяцца буду.