Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Сяргей. У мяне да цябе ёсць просьба. Хутка ты даведаешся, што яна зусім асаблівая. Не такая, як другія.
Анэля. Якая?
Сяргей. Не трэба быць такой. За ўсімі тваімі выбрыкамі страшная самота гуляе з гурбамі. Як вецер па снежаньскім полі.
Паўза.
Анэля. Бывайце, Сяргей Ягуаравіч.
Знікла. Сяргей пахітаў галавою.
Сяргей. Дурненькая. Цяжка табе будзе. Нявесела.
Увайшла Альжбета.
Альжбета. Ну як, пакуражыўся? I з гулёнай сваёй развітаўся? Родную душу знайшоў. Андрэй Кузьме родны Хвёдар.
Сяргей. Як Наташа?
Альжбета. Што табе да Наташы? Плакала дзеўка. Зараз з Вярыгам размаўляе. А ты – ёлуп. I чаго вы шалееце, чаго носам круціце. Як перад пагібеллю. Сэнсу ў галаве яловай зусім няма, адзін бзік.
Сяргей. Францаўна, нічога вы не ведаеце. Цяжка мне, Францаўна.
Альжбета.Усё ведаю, сынок. I ад Наташы ведаю і ад Ганны. Загубіць цябе, Сярожанька, гэта казінае племя – дзеўкі.
Гладзіць яго па галаве. Сяргей рэзка прынік губамі да яе рукі.
Цяжка, ведаю. Дрэнна зрабіў Алесь. Я даўно заўважала. Гэта не на дабро, калі яшчура на шафу ставяць... А ты не судзі бацьку. Не нам людзей судзіць. Пекла няма, але кожнаму яшчэ пры жыцці адплаціцца.
Сяргей. Даруй мне, бабуля, за ўсё даруй. (Устаў.) Не магу я сядзець у хаце. Пайду, прайдуся. На вуліцы пагляджу на будынкі. Снягі такія, шэрань... Трэба наглядзецца.
Выходзіць. Альжбета соваецца па гасцінай, спынілася.
Альжбета. Перашкаджае чалавеку неадукаванасць і дурасць. Каб была разумнай – такое б яму слова сказала, так бы пераканала. Адразу стаў бы вясёлы. (Паўза.) Божа, Божа, судзі ты сам. Дзетак толькі пашкадуй.
Уваходзяць Вярыга і Наташа.
Вярыга. Адна, Францаўна? Сярожа пайшоў? (Сядае за стол.)
Альжбета. Пайшоў.
Вярыга. Падсудны! Не рабіць кіслай міны. Адказвайце лепей, як вы забілі чалавека. Рэчавы доказ – дручок з кулак таўшчынёй.
Альжбета (усміхаючыся праз слёзы). Нічога я не біў і не забіваў. А што на сенажаці біліся – гэта было. Дык ён на мяне, а я ўзяў танюсенькую хлудзіначку ды даў. А так нікога я не біў і не забіваў. (Заплакала.)
Вярыга. Альжбета Францаўна! Ну што гэта вы? Га?
Альжбета. Нічога, нічога, Максімка.
Пайшла. Вярыга ходзіць па пакоі, яўна ўзрушаны.
Вярыга. Наташа, гэта ўсё праўда?
Наташа. Праўда.
Вярыга. Што ж гэта дзяўчына так жорстка ўсё выклала? Якое ж гэта сэрца трэба мець? I што гэта за парода?
Наташа. Яна не адна такая. Іх многа. I зусім дзяўчаты, і дарослыя. Без радасці сустракаюцца, без гора разыходзяцца, лічаць сябе соллю зямлі.
Вярыга. Я не ведаю іх. I яны мне не падабаюцца.
Наташа. Ая пагарджаю імі. Такія здаровыя фізічна і такія жабракі духам, з такой здохлай душой. Яны нічога не ўмеюць – ні працаваць, ні любіць, ні выхоўваць дзяцей, ні, нават, быць шчаслівымі, калі ў іх ёсць усё для шчасця. Яны толькі жанчыны... Не бачыць добрых людзей, усе ў іх дрэнныя, – брыдка чуць. А мэта – пральная і транты. Ды яшчэ любяць пагаварыць пра тое, як лепш зберагчыся, і скардзяцца на мужчын, якія разбэсціліся... Незразумела, няўжо за іх у турмах паміралі, на шыбеніцах? I такія людзі!
Вярыга. Не за іх, дачушка, а за цябе.
Наташа. Калі мне асабліва цяжка, я іду паглядзець на іхнія няшчасці, такія смешныя. I іду ад іх шчаслівая, радуюся, што я не такая. А магла ж быць такой, як крот. Бр-р-р!!!
Вярыга. Не будзь як крот, маленькая. Глядзі. I ніколі не праглядзі чалавека. Гэта Вярыга сляпы стаў, нічога не заўважае. (Паўза.) Нешта, пэўна, усё ж здарылася ў душы.