Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Але ён адчуў, што абудзілі яго не зноў ажыўшае вогнішча і не гэты шэпт. Ён не ведаў — што. Але ён адчуваў уначы набліжэнне чагосьці варожага. Яно набліжалася неадольна і няўхільна.
…І сапраўды, праз хвіліну здалёк даляцеў спярша няясны, а пасля акрэслены, грозны і дзікі матыў. Недзе вялі яго дзесяткі грубых галасоў. І ён хутчэй здагадаўся — бо адтуль далятаў акрамя пагрозных галасоў, яшчэ і нейкі невыразны пошчак — што гэта было. Уначы ўсяўладна гучала "Песня баявых калясніц". Сто разоў хадзіў пад ёй чалавек. Нёс, як бунчук. А яна плаціла гордаю ўпэўненасцю. Ён смутна, шостым пачуццём, як заўсёды пазнаеш знаёмае, пазнаў словы, мабыць, першага прыпеву:
Ў агнi мiльгаюць бронзавыя спiцы, Ад сцягаў лёг на свет пагрозны цень. Ляціце, баявыя калясніцы! Ён блізіцца, распраў і смерці дзень.— Якая суровая… Якая велічная… Якая гордая і прыўкрасная музыка, — прашаптаў ён.
Вучоны глядзеў на яго і не пазнаваў. Па-ранейшаму былі вытанчаныя і нават спешчаныя рухі рук. Рук філосафа. Але ў вачах гарэў агонь — ці, можа, гэта быў водбліск вогнішча, — але ноздры раздзімаліся, бы ў каня, што пачуў гул сурмаў.
"Божа мой, што зрабілі з людзьмі", — падумаў Жун Лун, а ўголас сказаў:
— Ты не падобен на гандляра, — і дадаў іранічна: — Што, тваё імя сапраўды Гунсунь Ян?
— Так, — з гонарам сказаў той. — Клянуся мацi, небам i сваiм жыццём.
Стары адвёў вочы і задумаўся над нечым. Пасля вусны ягоныя таргануліся.
А ўначы ўжо досыць ясна аддавалася:
Хай валадар уладарна свісне — Ўраз бунчукамі зямля расцвіце… Вэй, Хань і Чжао, як вошай, расціснем, Конскім хвастом іхні прах размяцем.— Іерогліф "чжань", — задуменна сказаў філосаф. — "Чжань". "Вайна". Колькі ў накрэсленні гэтага "цзыра", знака, прыгажосці з пункту гледжання каліграфіі. Але якая за ім мярзота і дрэнь!
— Якая гордая музыка, — паўтарыў Гунсунь, і раптам твар ягоны перакрывіўся грымасаю непаразумення, і ў чымсьці нават жаху. — Што такое? Музыка… Песня… Няўжо вайна? Забаронена спяваць у дні міру. Музыка забаронена… Толькі пад час вайны. Такая. Дваццаць год не спявалі.
І зноў паўтарыў:
— Вайна.
— Ты нібыта падазраеш горшае? — пранікліва сказаў Жун Лун. Зусім ужо блізка, на шляху, гучала песня:
Як стрэлы ў сэрцы ворагаў ляціце, Куды нясе крывавай бітвы Бог. Ляціце, баявыя калясніцы! — І ляжа свет каля сталёвых ног.Філосаф зябка сцепануўся і падкінуў у агонь сушняку. Полямя ўскінулася, і дрыготнае барва заскакала ў кроне шаўкавіцы.
— Што ты робіш? — Купец паімкнуўся растаптаць агеньчык нагой. — Нас убачаць з дарогі.
Пошчак на шляху сапраўды на хвіліну змоўк, а пасля перайшоў у тупат мяккай хады. Ехалі па прасянішчы. Гунсунеў твар нібы скурчыўся з холаду.
— Што ты нарабіў, Жун Лун! Неба! Сюды… яны едуць сюды.
— Ты часам не крымінальны злачынец? — нядобра ўсміхнуўся вучоны. — Рэзаў? Краў? Бацьку забіў?.. На маці данёс?.. Хаця па законах Шан Яна апошнія два злачынствы дапушчальныя.
— Не, Жун Лун… Клянуся табе, не.
Стары, здавалася, раздумваў аб нечым, скосу паглядаючы на купца. Пасля ўсмешка пагарды з'явілася на ягоных вуснах.
— Будзь так, — сказаў ён.
Выцягнуў з тарбінкі яшчэ вузлік. Развязаў яго. У ім была мука. Выцягнуў бутэльку з гарбузіка. Выліў з яе на руку нешта чырвонае і цягучае.
— Давай твар… Давай рукі.
Вымазаўшы Гунсуню твар і рукі гэтым, клейкім, ён пачакаў хвіліну — купец адчуў, што твар ягоны сцягвае: сок сохнуў хутка, амаль як лак — і, пачакаўшы, размеранымі дакладнымі рухамі сыпануў на твар і рукі некалькі шчопцяў мукі ці, можа, кааліну, хто ведае. Пасля так жа размерана і паспешна запхнуў усё назад у хатулёк.
— Да іх толькі сто пяцьдзесят сюняў [22] , не больш, — спрактыкаванае вуха купца па гуку ацаніла адлегласць. — Што рабіць?
— Да іх яшчэ сто пяцьдзесят сюняў, — спакойна адказаў філосаф. — Пасохні крыху і накінь капюшон. І чакай. І маўчы, што б ні было.
Крокі сціхнулі.
Першы вырас над імі, здавалася, да неба, магутны коннік на цяжкім, як слон, кані.
"Падманлівае ўражанне — цяжкасць такіх, — падумаў купец. — Конь для пагоні, калі нельга або няма часу знайсці падмену ні ўцекачу, ні праследавацелю. Жылісты. Здатны няспешна праскакаць адлегласць, на якой падуць два, часам нават тры скакуны. Добрая паўночная парода з царства Янь. Тым часта даводзіцца мераць вынослівасць сваіх коней з конямі сюннугунаў".
22
Каля трохсот пяцідзесяці метраў.