Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
— А чаго ён каштуе, парадак, куплены такой цаной? — сумна спытаў Жун.
— Добра, няхай звер Шан Ян, — запаляючыся спрэчкаю, сказаў Гунсунь. — Але ж вучэнне шмат у чым вернае? Так?
— Для каго вернае? Пабіў мудрацоў, вучоных, паэтаў. Хм. Было… адзін цар спытаў у другога, як ён так самаўладна царыць. Той павёў яго на поле і кіем, моўчкі, стаў збіваць высокія каласы.
— Правільна, — узгарэўся раптам купец. — Яны ж пустыя!
— Параўнанне тваё кульгае, — з жалем зірнуў на яго Жун Лун. — Так, яны не даюць хлеба. Толькі нікому, чамусьці, не прыходзіць у галаву, што высокі колас даўжэй за ўсіх бачыць сонца. І першы сустракае яго пасля доўгай ночы… А што там! Бачу я, што дарэмна гаварыў з табой. Пераконваць цябе — усё адно, што з дапамогаю адвеса забіваць у зямлю крывы кол.
Купец было ўстаў, але філосаф адразу ж затрымаў яго:
— Сядзі. Ноччу небяспечна ісці, пачакай заранкі. Гэта ўжо скора. Хаця я і не думаў, што апошняй маёй бяседай будзе бяседа… з табой.
І было зразумела, што яму проста страшна ў апошні раз застацца без людзей. Яшчэ жывому, але аднаму. Назаўсёды. І купец невядома чаму сеў.
— Для цара вернае вучэнне Шан Яна. Для чыноўнікаў і сотнікаў. Для астатніх яно бізун, плаха, турма. Каб узняцца ў гэтай турме вышэй на адзін ранг, даецца хабар у тысячу даняў [25] зярна гэтай казне, што і без таго насмакталася крыві. Адзінаццаць сем'яў не памерлі б з голаду. А чыноўнікі палучаюць у год ад дзвюх тысяч да ста даняў [26] .
25
30 000 кг.
26
Ад 60 тон да трох.
— Ну, — пачынаў ужо кіпець Гансунь. — Гэта, калі ўжо казаць, — неабходнасць. Каб чыноўнік сачыў, ці не ўтойваюць хлеба. Сям'я ў пяць чалавек з'ядае ў год дзевяноста даняў, а ім хочацца болей. А адкуль тады багацце дзяржавы? А адкуль моцныя воіны, што нясуць перамогу і пашыраюць межы дзяржавы?!
— Дакуль? — вельмі спакойна спытаў філосаф.
— Пакуль не падыдзем да грані зямлі і неба.
— А нашто гэтая грань? Сеяць на небе рыс?
Варожасць не варожасць, а нейкая дзіўная антыпатыя ўсё болей і болей нараджалася ў гэтых людзях, адзін з якіх толькі што ўратаваў другога. Яны былі ў раздражненні і ўсё ж нейкім дзівам адчувалі, што яны не могуць адзін без аднаго ў гэтую страшную, аголеную ад усяго чалавечага ноч. Адчувалі, што ім трэба канчаткова вырашыць нейкую спрэчку, выйграць нейкі бой, адкрыць другому і да канца вырашыць для сябе нейкую велічэзную праўду, ад якой залежала ўсё. І вось адзін, якому б ратаваць рэштку грошай і адкрываць новы гандаль у Вэй, дзе ніхто не гнаў гандляроў, рызыкаваў усім, дзеля Слова. А другі, якому час быў паміраць, нібы дабіваў нешта, як быццам гэта магло даць яму жыццё вечнае.
— Ну і заваюем, — цёмная пляма ўсё больш расплывалася па плашчы вучонага. — Каб адно чырвонае сонца на ўвесь сусвет? Так, ці што? Мурамі адгарадзілі нас ад астатняга свету, ад добрых людзей у ім, ад мудрасці і разумных змен. Закасцянелі. Ад іх вам тыя муры дапамаглі. А ці памаглі вам тыя муры ад вандроўных плямён?
Купец запальчыва кідаў яму ў твар:
— Які б ён ні быў, ён хацеў вялікай дзяржавы. Толькі яе.
— Ён зрабіў гэта. Вялікую, страшную, магутную… бедную дзяржаву. Пудзіла ўсіх народаў, а перш за ўсё — свайго. Каменная пачвара, жалезнае пудзіла на гліняных нагах. Бо ногі — гэта народ. І калі-небудзь тыя ногі спатыкнуцца… Вось і прыйдзе час страшнага гневу [27] .
27
Імператар Цінь Шы-хуан завяршыў аб'яднанне Кітая, спаліў усе кнігі, закапаў жыўцом у зямлю 460 вядучых вучоных і г. д. Але ўсяго праз некалькі год, у 207 г. да н. э., царства Цінь, разлічанае на "10 000 пакаленняў", абурылася пад ударам магутнейшага народнага паўстання, назаўсёды.
— Добра, — ужо амаль крычаў распалены супраціўленнем Гунсунь. — Раіш слухаць варвараў, якія горшыя ад нас. Вучыцца ад іх — усё адно, што набрацца вошай. Апора толькі на ўласную сілу — вось наш гонар!
І раптам, нібы ўсведаміўшы нешта, супакоіўся:
— Ты ўсё лаеш. А што прапанаваў бы ты?
Твар філосафа крывіўся ад болю, але ён помніў, што галоўнае ў вучоным — вытрымка і спакой. І ён як мага больш вытрымана сказаў:
— У сутнасці гэта амаль сістэма цзін цян. Мэн-цзы ў сім-тым быў мудры. Разумееш, схільнасць чалавечай прыроды да дабра, як імкненне вады ўніз. Таму павінна быць добрай і краіна. Без правіцеля нельга, але і ён павінен быць чалавекам і не глядзець на падданага, як разбойнік на ахвяру, не бачыць ва ўсім зла, не душыць праўды простага чалавека, прымушаць без жорсткасці і толькі ў самым крайнім выпадку. Усім даць роўна па сто му зямлі, адмовіцца ад ваенных авантур, ад урадавага самаўладства над балотамі і азёрамі.
— Але ж балоты і азёры — гэта соль і жалеза, — з раздражненнем на бесталковасць філосафа ўсклікнуў Гунсунь. — Яны павінны належаць дзяржаве!
— Што ж, тады "чорнавалосым" [28] гінуць?
— Чаму?
— А што, хіба не кожны памрэ без солі, хіба не кожны памрэ без жалезнага сярпа і плуга? Тады ўжо хай царства возьме самаўладнае права на паветра і ваду…
Купец маўчаў.
— …ну і яшчэ клапаціцца аб удовах, сіротах, бяздомных.
— Гэта ад Мэн-цзы. А што ж ад цябе?
28
Простаму народу.
— Ёсць адно сонца. Але нельга, каб быў адзін кіраўнік, адна вера. Трэба, каб усе былі калі не мудрыя, то адукаваныя, выхаваныя і сумленныя… Вось. І вось чаму — вораг нам сістэма "фацзя". Да смерці.
Абодва змоўклі. Бледная жоўтая стужка на ўсходзе даўно ўжо налілася святлом. Праз нейкую гадзіну павінна было пачаць днець.
Купец устаў, паправіў пад плашчом меч.
— Спадзяюся, ты ачуняеш, — сказаў ён. — Ты здорава пагрузнуў, але цікава было пагаварыць з табою. Я ніколі такога не чуў.
— Не змывай фарбы, — цiха сказаў Жун Лун. — Воiны цябе ўжо ведаюць. Гэта будзе як дакумент.
— Дзякуй. Бывай.
Вочы філосафа глядзелі пранізліва. Пасля ён заплюшчыў іх. Купец рушыў. І раптам вучоны з незвычайнай, халоднай яснасцю сказаў:
— Бывай, Гунсунь Ян, або… Вэй Ян.
— Што?! — Купец спыніўся, і на твары ў яго быў непадробны жах.
— Бывай, Шан Ян… Так, Гунсунь Ян і Вэй Ян па родных імёнах. Шан Ян па імю, якое даў Сяо-гун, прызначаўшы табе зямлю Шан.
Нават пад коркай было відаць, як збялеў твар вялікага правіцеля. Твар дрыжэў кожным мускулам, і мука, як перхаць, абсыпалася на бараду і халат.