Вход/Регистрация
Вялікі Шан Ян
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Сотнік упершыню засумняваўся — а ці не здзекуюцца з яго?

— А я вось думаю, ці не завесці цябе за бадзянні ў Сяньян? Толькі не да алтароў, а ў змяіную цямніцу.

— "У дзяржаве, дзе дабрачыннымі кіруюць як распуснымі, запаноўвае парадак, і яна зробіцца моцная", — павучальна працытаваў філосаф. — Я ведаю вышэйшую нашу мудрасць. У змяіную яму, то ў змяіную яму. На ўсё твая воля, высакародны рыцар. Так я хаця здалёк убачу алтары. Таму што я не дайду. Для мяне гэта, верагодна, апошняя ноч спасціжэня праўды. Не мной, то іншым.

Ён адхінуў крысо грубага крапіўнага халата, і ў водсвіце агню дзягцярна бліснула лужына, у якой ён сядзеў.

Кроў.

— У сне ў мяне, у які ўжо раз, адбылося выліццё крыві ў кішкі. Мяне страшэнна калоціць, і, значыць, крыві амаль не засталося, — ён казаў гэта спакойна і пагардліва. — Я спыніўся тут, бо прадчуў апошні сон. Завязі мяне ў сталіцу, рыцар.

І тут дзінлін нечакана зарагатаў, шырока разявіўшы белазубую пашчу. Ён рагатаў, трасучы плячыма і раз-пораз адрываючы ад сядла ледзь не шырэйшы за плечы, цяжкі, расплясканы вечнай скачкаю зад. Ён гагатаў, як дзінлін, і хіхікаў, як мясцовыя, і слёзы цяклі ў яго па шрамах.

— Ха-ха-ха, — душачыся, праз смех выціскаў ён. — Шолуд і той, хто вывяргае кроў. Што ж, везці цябе і запэцкаць шытую гуньку пад сядлом? Важдацца з табой няма карысці. Усё адно, як пытацца пра здароўе ў павешанага. Ха-ха-ха. І як ты кінеш свайго напарніка? Не ўжо, хай ён цябе нясе. Ты зальеш яго крывёю, але затое цябе будзе ўдушаць смурод. Ха-ха-ха.

Цяпер ужо гагаталі ўсе воіны.

— Акрамя таго, — адсмяяўся сотнік, — мы гонімся за гэтым Шан Янам і спадзяемся наздагнаць яго яшчэ да мура, што змыкаецца з Хуанхэ. Досыць, што нябожчык Сяо-гун поўз да яго з цыноўкі. Цяпер час Шана паўзці. Цяпер час Шана паўзці да ката. І ўжо ён выплаціць маладому цару. Спаўна.

Ён завараціў каня, узняўшы яго дуба, і крыкныў:

— Здыхайце тут. Дзяржаве ўсё адно няма ўжо карысці ад вас. Ха-ха-ха.

Загрукаталі чатыры калясніцы. Пярунападобны пошчак капытоў разваліў цішу. Пошчак і песня:

Цешаць душу паміраючых крыкі, — Свой ці чужы вісіць на нажы. Рынемся лавай за Мур Вялiкi, Стопчам усё, што пад Небам ляжыць.

Пасля яны зніклі, і цішыня зноў, усё болей і болей, пачала запаланяць свет. Але доўга яшчэ, аддаляючыся, звінелі камарамі галасы:

Як стрэлы, ў сэрцы ворагаў ляцiце, Куды нясе крывавай бітвы бог. Ляціце, баявыя калясніцы! — І ляжа свет каля сталёвых ног.

Калi зноў пала першазданная цiша, яны хвiлiну пасядзелi моўчкi.

— Чаму гэты наступнiк, гэты Хуэй-ван так ненавiдзiць гэтага Шан Яна? — непаразумела спытаў Гунсунь.

— Пацукі, — неяк дзіўна сказаў вучоны.

— Скажам, мая гандлёвая справа — гэта іншае. Кожны стараецца болей…

— І там кожны стараецца.

— Дзякуй, — пасля паўзы сказаў Гунсунь.

— Няварта. Я зрабіў гэта не з дабрыні. І яшчэ таму, што гэты смярдзючы сотнік занадта прыкуты да Кола Існага, да кола ўсеагульнай мярзоты… Хуэй-ван… Шан Ян… Вы падзяліліся не ўнутры сябе… Вы падзяліліся вонкава… Згасае праўда, згасае Цінь, згасае зямля.

Недзе далёка раптам забiў першы ў гэтым годзе перапел, i Гунсунь убачыў раптам вiльгаць на вачах старога фiлосафа.

— Давяло неба яшчэ раз пачуць, — дрыжачым голасам шаптаў той. — Давяло-о.

— Ну, ты і спрытняга, — успомніўшы, засмяяўся купец. — Што, кроў таксама падробная? Як ты гэта?

— Кроў сапраўдная, — суха сказаў вучоны. — Людзі Шан Яна прымушалі есці шкло за тое, што не маглі зразумець маю прыналежнасць. Ці я належу да вучэння Кун Фу-цзы [24] , ці я з Мэн-цзы. А я сам па сабе. І за ўсіх.

— Як можна прымусіць есці шкло?

— А так. Прыносяць чарапок ад танюткага кубачка: "Еж. Калі да раніцы не з'ясі — жонка і дзеці будуць забітыя. Уздумаеш схаваць — таксама". А дзе схаваеш, калі ледзь ёсць месца сядзець голаму. І ўсё вакол гладкае.

24

Кун Фу-цзы (Канфуцый) (551–479 гг. да н. э.) — заснавальнік этыка-палітычнага вучэння, вядомага пад назвай канфуцыянства.

— І еў?

— Еў. Зубамі трушчыў шкло — на пясок. Да крыві ў дзяснах. Доўга-доўга. І глытаў. Пясок не так рэжа, нават шкляны. Думаў, можа, і ачуняю, мо абыдзецца. І вось, год назад… не абышлося. А тых усё адно пабілі. Асабліва немаўля было шкада.

— У цябе?.. Ты ж стары!

— Хм. Мне пад пяцьдзесят. Мы з табой равеснікі…

— Добра, — пасля паўзы сказаў купец, — гэта было і будзе. Чжоўскі ўладар Дань забіў брата Гуаня, а другога, Хо, накіраваў у выгнанне. Усе казалі: "Калі ён так пакараў за правіну нават братоў, то што чакае людзей, далёкіх цару". І запанаваў парадак між чатырох марэй.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: