Шрифт:
Вось і ўсё аб тым, як жыццё ўвесь час сутыкала мяне з думамі і радкамі Шаўчэнкі.
Нічога незвычайнага. Усё такое ж, як і ў мільёнаў іншых людзей. У мільёнаў, з якіх я не вызначаюся нічым. Бо так думалі аб ім і так сустракаліся з ім — усе.
Артэрыя Дняпра з'яднала мяне калісь з тваім, Кабзар, радзінным месцам, з домам, які даўно ўжо стаў попелам.
Стаў попелам? Так. Але з попелу гэтага выкрасаўся агонь, які адзін спаліў на нашай грэшнай зямлі больш нечысці, чым тысячы іншых вогнішчаў.
I таму я схіляю перад табой галаву, слава Украіны і ўсіх краін зямлі, мой Бацька, багаборац з майго Дняпра.
Памяць зямлі беларускай
Я хачу правесці Вас па зямлі, якая для мяне — і, мабыць, не толькі для мяне — даражэй за ўсё, самы ўтульны і чароўны кут. I ў Вас, калі Вы наведаецеся сюды, у сэрцах могуць успыхнуць пяшчота і любоў да яе, і таму загадзя раблю Вам падарунак: сапрычашчэнне з яе вялікай памяццю. Добрай і суровай памяццю, якая нічога не забывае, Памяццю Беларусі.
Якая яна, мая зямля? Гэта залатыя палі збажыны з сінімі вочкамі васількоў, светлыя ад бяроз гаі, што аглухлі ад птушынага звону, і пушчы, падобныя на гатычныя храмы, пушчы, дзе горда нясуць свае кароны алені. Гэта бясконцыя жылы рэк, у якіх плешчуцца бабры і рыба на захадзе сонца, і гэта амаль адзінаццаць тысяч азёр, чыстых, як усмешка дзіцяці.
Гэта. ў мінулым гераічная і шматпакутная зямля. Безліч разоў, з пачатку дзён, грукаталі па ёй калясніцы вайны. Але мы, дзеці Беларусі, ганарымся тым, што ў гэтых войнах яна ніколі, запамятайце гэта, ніколі не была агрэсарам. Іншая справа, што яна заўсёды мужна і да канца бараніла свой ачаг, сваю праўду і веру.
Памяць маёй зямлі аб гэтым і ў старадаўніх гарадзішчах, і ў курганах, пад якімі спяць яе абаронцы, у барвовых, быццам ад крыві, мурах замкаў, на палетках, дзе працавіты плуг часам выворвае каменную сякеру, меч або гільзы часоў апошняй вайны, у жальніках, на якіх гарэў калісьці агонь перад курганамі мудрых продкаў, і ў вечных агнях перад помнікамі салдатам, якіх мы яшчэ памятаем жывымі.
I, перш за ўсё, памяць маёй зямлі — гзта людзі і іх вечная, неўміручая праца. Араць палі, біць студні, расціць сады, плесці з каменя і дрэва карункі дзівосных будынкаў, спяваць нібы на адным дыханні (так, што, здаецца, спяваюць самі нівы і лясы) песні, складаць вершы, у якіх пяшчота пацалунка і суровасць удару мяча.
Таксама якасць нашай памяці: ніколі не аддзяляць сябе ад культуры і самаахвярна ствараць яе, якія б перашкоды ні ўставалі на шляху. Стварыць непаўторны фальклор і — яшчэ больш як тысячу гадоў таму — бібліятэкі і першымі ў свеце надрукаваць кнігу ў перакладзе на родную, беларускую мову. I не перарываць ані на год той стыхіі, плыні той вялікай ракі, якая валадарыць чалавечым сумленнем і душамі і якой імя — літаратура. Шанаваць памяць яе дзеячаў, ствараць на месцах, дзе яны нарадзіліся і дзе паэзія нарадзілася ў іхніх душах, запаведнікі — хай то будзе палац або звычайная бедная сялянская хата. I там, і там калыска можа нарадзіць Песню і Неўміручасць.
Няма такой сілы, каб годна апець рукі тыя, што ствараюць памяць у рэчах: наша чароўнае шкло і кераміку, тканіны і кафлі, рэчы з металу і скуры, непаўторныя старадаўнія жывапіс і скульптуру.
I дойлідства. Вясёлку Каложы, пабудаваныя са святла Камянецкую вежу і Спас-Ефрасінню, суровыя камяні замкаў — і адметную, тыпова беларускую готыку (Мір, Навагрудак). I барока, пышнае, як лотас, і класіцызм. I непаўторнае драўлянае дойлідства, роўнага якому цяжка знайсці. Тое, калі звычайная мужыцкая сякера можа паспрачацца з разцом Фідзія.
Ёсць і горкая памяць у маёй зямлі. Дый як іначай, калі кожны чацвёрты жыхар Беларусі загінуў у апошнюю вайну. А колькі па зямлі брацкіх магіл. Першай прыняла яна ўдары ворага і гераічна змагалася з ім, пакуль знішчальны каток вайны не перакаціўся за мяжу. Канцлагеры, дзе кожную хвіліну для кагосьці навекі згасаў свет, і шыбеніцы, і расстрэлы. I — у лясах — амаль чатырыста тысяч чалавек пад ружжом, якія да канца, часам цаною жыцця, адстойвалі ад ворага чысты водар Радзімы.
I жонка была гатовая аддаць мужа, а матка паслаць сына ў полымя. I пайсці за імі. На бой, на прарыў блакады.
Дзеля таго каб зберагчы ўсё тое, аб чым я ўжо казаў: волю, веру, спосаб мыслення, Бацькаўшчыну.
Каб спустошаная вайной краіна ажывілася працаю тых, хто выжыў і перамог, заззяла радасцю і святлом, заквітнела садамі і здзіўляла цудоўнымі будынкамі, зашумела нівамі, зазвінела адвечнай і неўміручай нашай песняй.
Яны, гэтыя мае сёстры і браты, біліся, каб зберагчы і пасля ўпрыгожыць маці нашу, зямлю.
Гэтыя азёры і нівы, сівыя пушчы і светлыя воды. Курганы продкаў, старадаўнія і новыя кнігі, песню сваю і слова, веды свае.