Шрифт:
Германская акупацыя захапіла частку Магілёўскай губерні, таму ў сакавіку 1918 года ў Мсціслаў перавялі выканком Магілўскай губерні, губком РКП(б) і іншыя ўстановы.
У 1919 годзе Мсціслаў (як і ўся неакупіраваная частка Беларусі, аб'яднаная са Смаленскай губерняй) увайшоў у склад РСФСР, а 3 сакавіка 1924 года адышоў зноў да БССР у адпаведнасці з пастановай Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта.
Але пра гэта можа і хопіць. Я не пішу гісторыі і не трэба тут змяшчаць звестак, якія можна атрымаць, раскрыўшы кожную энцыклапедыю, і амаль кожны даведнік. А я тут пастараюся расказаць аб тым, што не ўвайшло або толькі часткова ўвайшло ў даведачную літаратуру, аб тым, што сабрана з розных крыніц, што калісьці чытаў або чуў, што сабрана адусюль па зернейку. Пра тое, на паўторнае збіранне чаго ў чытача можа не хапіць часу, ахвоты або магчымасці.
…Горад фарміраваўся ў сівую даўніну на паўдзённых узгор'ях Смаленскага ўзвышша, як было ўжо сказана, навакол Замкавай, Троіцкай і Дзявочай гор.
Адгор'і гэтыя невысокія (да 239 метраў над узроўнем мора), лагодныя, клімат мяккі, колькасць ападкаў дастатковая, глебы добрыя. Плывуць па гэтай зямлі Сож, Віхра, Натапа і іншыя рэкі і рачулкі. Пад лесам зараз 14,4 працэнта плошчы. Ёсць радовішчы фасфарытаў, крэйды, цагельнай сыравіны.
І вось узнікаюць на гэтай ласкавай зямлі паселішча, а потым горад, жыве і развіваецца, як кожны жывы арганізм, ведае перыяды заняпаду і ўзнясення, бурыцца і зноў будуецца.
Мы можам толькі ўскосна меркаваць пра тое, як выглядаў горад у ХІІ-ХІІІ стагоддзях. Равы, валы намякаюць нам на гэта. Ну і рэшткі нейкай царквы той эпохі. Бо знойдзеныя былі паліваныя пліткі падлогі, кавалкі звана, частка свінцовага даху. І плінфы — тонкія і вялікія цагліны, з якіх будавалі палацы і храмы ва ўсіх усходнеславянскіх землях аж да часу мангольскага нашэсця.
Сучасны сілуэт горада складаюць будынкі значна больш познія. Гэта царквы Крыжауздвіжанская, Троіцкая (зберагліся ў фрагментах), асабліва манументальныя касцёлы і кляштары. Гэта ўжо ў XVII–XVIII стагоддзі. Будуюць на пачатку XVII стагоддзя касцёл, калегіі і аптэку езуіты, у цэнтры горада будуюцца дамінікане, аў 1614 годзе кармеліты ўзводзяць на Замкавай гары свой касцёл, самы велічны ў Мсціславе. Праўда, наконт заснавання яго існуюць рознагалоссі. Некаторыя кажуць, што касцёл гэты быў пабудаваны ў 1637 ці нават 1638 годзе. А некаторыя стаяць на тым, што заснаваны ён быў усё ж у 1614, а ў 1637 да яго толькі прыбудавалі цёплую капліцу.
Гэты храм мог бы зрабіць гонар кожнаму гораду, тым больш, што ў ім зберагліся фрэскі, у прыватнасці вельмі рэдкія на Беларусі фрэскі на свецкія тэмы: штурм горада Трубяцкім і "трубяцкая разня". Зроблена гэта па свежых слядах здарэння і зроблена здорава. Ды і ўвогуле храм уражвае кожнага і сваім вонкавым выглядам, і сваім інтэр'ерам. Будынак трывала, і, адначасова, лёгка стаіць на зямлі. Ён, нібыта, і прысадзісты, але, адначасова, такі бязважкі, што душа разам з ім адрываецца ад зямлі, асабліва калі над вежамі ягонымі бягуць аблокі, і сам ты разам з храмам, плывеш з імі некуды.
У 1746–1750 гадах касцёл рэканструяваў вядомы архітэктар Ян Крыштэф Глаўбіц, майстар барока, таго, позняга, у самай развітай ягонай форме. Ён перарабіў вярхі вежаў, галоўны фасад і дах. Да іншых работ Глаўбіца (1700–1767) належыць касцёл у Сталавічах і палац архіепіскапа ў Магілёве. Ён жа рэканструяваў Сафійскі сабор у Полацку. Значная частка работ Глаўбіца, на жаль, не збераглася.
Зараз Кармеліцкі касцёл у Мсціславе рэстаўруецца. Работы, на жаль, ідуць павольна, нават занадта павольна. Мала кваліфікаваных работнікаў.
У 1626 годзе быў уздведзены езуiцкi касцёл з кляштарам (таксама трохнефная, дзвюхвежавая базiлiка), у 1842 годзе перароблена ў праваслаўны Мiкалаеўскi сабор. Зараз гэты здаровы будынак моцна запушчаны, а не так жа яшчэ даўно тут быў дом культуры. Храм, па-мойму, нават не пастаўлены пад ахову. А яго хапiла б яшчэ на пяцьсот год, i ўвесь гэты час яго можна было б выкарыстоўваць.
А то атрымоўваецца, што камені адказваюць бакамі за ўчынкі людзей і за тыя ідэі, што жылі ў іхніх галовах. І атрымоўваецца, што сілы і грошы народныя выдаткуюцца марна ў барацьбе з міражамі.
Глядзіце самі. Вось стаяла ў цэнтры горада праваслаўная Афанасьеўская царква. Вось у 1772 годзе яна не спадабалася. Знеслі. Збудавалі на яе месцы бернардынскі касцёл з кляштаром. Кацярына ІІ, як мы ведаем, спачатку заігрывае нават з забароненым паўсюль езуіцкім ордэнам.
Па плане 1778 года на галоўную плошчу Мсціслава выходзяць езуіцкі касцёл (на яго арыентуецца восевая вуліца), Троіцкая царква і Бернардынскі кляштар, але ў 1831 годзе, пасля паўстання, большасць каталіцкіх і ўніяцкіх храмаў зачынена ці перададзена праваслаўю.
А тут яшчэ пажар 1858 года крыху пашкодзіў Бернандынскі комплекс. Тады яго з лёгкім сэрцам разбіраюць, а на тым месцы будуюць царкву Аляксандра Неўскага. Добра, што нехта ў нашы дні падаў ідэю размясціць у ёй музей. А то чаго б прасцей — разабраць і на яе месцы зноў нешта ўзвесці.
Мы не павінны помсціць будынкам за тое, што рабілі ў жыцці людзі, якія іх узводзілі.
Скажу болей таго: некаторым рэчам мы павінны вучыцца нават у людзей, ідэі, жыццё, учынкі якіх нам агідныя і брыдкія. Чалавек, калі ён чалавек разумны, бярэ зерне добрай ідэі нават у ворага, скажу болей, нават у вылюдка, калі ў яго такая ідэя часам з'яўляецца. Іначай ён не заслугоўвае назвы чалавека разумнага. Растлумачу зноў жа на прыкладзе Мсціслава і ягоных камяніц. Мы не ведаем імён тых, хто будаваў у Мсціславе храмы і камяніцы аж да XVII стагоддзя, хто распісваў будынкі, упрыгожваў іх разьбою. Як ні дзіўна, сярэдневяковае праваслаўе страшэнна абыякавае да творцы, да асобы, якая на яго працавала, да дойліда, майстра фрэскі і іконы, разьбяра. І так паўсюль. Трэба быць сямі пядзяў у лобе, каб заслужыць на ўпамінанне. А ўжо біяграфіі нават у Рублёва і Феафана Грэка лічы што няма. Творца знікае, раствараецца ў бязлікай масе, нібы ўсе гэтыя цудоўныя будынкі выраслі з зямлі, а роспісы і іконы ўзніклі самі сабой.