Шрифт:
Усе гэтыя мясціны былі месцам страшнага пажару гайдамацкай вайны. Гэта тут сяляне-рыцары разбіралі вазы з "жалезнай таранню [3] і рэзалі магнатаў. Гэта тут палалі палацы.
Дзве сабакі заўсёды знюхаюцца, калі справа ідзе аб іхняй шкуры. Войска царыцы памагло магнатам Польшчы. I калі нават у наш час тут можна пачуць яшчэ апавяданні пра тыя неспакойныя часы, то можна ўявіць, якім было водгулле навальніцы ў гады дзяцінства вялікага паэта. I мне здаецца — што б тут ні казалі — што менавіта адсюль ён і паходзіць: гэта — апошняе зіхаценне вялікага зарава былых навальніц і першая зарніца будучага вялікага ўрагану.
3
Нажы.
Як кожны чалавек, ён не ведаў і не мог ведаць сілы пражытага ім жыцця, магутнасці сваіх слоў. Ён не ведаў, што ён — зарніца. Яму здавалася, што ён — толькі апошні ўсплёск зарава.
Ацэньваюць нашчадкі. Сучаснікі — лямантуюць на руінах, як Іерамія. Жолуду, які ўпаў са зрынутага, вялікага калісьці дрэва, заўсёды здаецца, што гэта канец. Ён не ведае, што ён, самотны і малы для самога сябе, ёсць эстафета будучыні, што ў ім — карані, галіны і лісці вялікага дрэва лютасці, якое будзе весці спрэчку са стагоддзямі, зберагаць сабою чыстыя крыніцы і даваць цень усім добрым людзям.
Жолуд не ведае. А між тым ён — прыклад для кожнага змагара. Нішто не знікае ў свеце. Слязіна крыўды адальецца акіянам. I адно жыццё можа назаўсёды пераважыць шалі вагаў, калі яно — для людзей, калі яно — высакароднае.
У першых вершах Тараса загучаў гнеў і адчай. Гэта і зразумела. Лагодны, смелы і горды народ, абяскроўлены войнамі і паўстаннямі, здраджаны, абылганы, закоўвалі ў кайданы. Слізкі ад крыві бізун лунаў над спінамі людзей. Свісталі шпіцрутэны. I гэта не Тарас Трасіла, а Тарас Шаўчэнка плакаў над прыніжэннем роднай зямлі:
Обізвавсь Тарас Трясило Гiркими сльозами: — Бідна моя Украіно, Стоптана ляхами!Па загадзе дзяржаўнага фельдфебеля армейскія фельдфебелі здзекаваліся над самой гісторыяй, раскопваючы магілы, выкідаючы з іх шматпакутныя касцякі. Туга "Розритоі могили" ідзе адсюль.
Веданне гісторыі, любоў да яе — гэта падмурак, на якім чалавек — у дадзеным выпадку паэт — будуе трывалы будынак свайго жыцця. I варты жалю той, у якога такога падмурку няма: мурашка, закінутая ў мора, бездапаможнае кацяня ў твані.
На гэтым падмурку Тарас пабудаваў велічны гмах сваёй паэзіі, галоўнай рысай якой стала багаборніцтва. Таму што слабы дазваляе адчаю прыдушыць сваю любоў, а моцны даходзіць да поўнага забыцця небяспекі і пачынае пагарджаць тленным і схільным да болю целам сваім у імя гонару, у імя справы, у імя любві да зямлі і людзей.
I тут ужо чым больш ворагаў, тым лепш. Губляць няма чаго, а слава — большая.
Цар — давай цара, бог — давай бога!!! Таму, што ўладары шныраць вачыма па ўсіх канцах зямных, ці нельга захапіць чужы край і ўзяць яго з сабою ў труну. Няма сілы бачыць гэта, і чалавек крычыць — усё адно дзе: на людных плошчах ці ў пустынях. Няхай не пачуюць ні там, ні там — абы не быць саўдзельнікам брыды, якую чыняць тыраны.
Знішчаць? Няхай. Смерць лепшая за такое жыццё.
Яго любоў да людзей не ведала межаў. Часам яна прыкрывалася панцырам іроніі, часам аддавала горкім сарказмам. Шаўчэнка надзіва па-юнацку страсны. Ён прымушае кожнае сэрца біцца ва унісон са сваім, магчыма, больш чым які другі паэт на зямлі. I таму ён друг, таварыш дум, паплечнік усіх узростаў.
Ён чалавек дзівоснага, неверагодна рэдкага на зямлі складу.
Ніколі ў жыцці ён не ведаў кампрамісаў. Роўнасць у яго азначае "роўнасць для ўсіх", без аніякіх выняткаў. Толькі што перажыўшы незлічоныя пакуты салдатчыны, ён слухае на параходзе ігру "прыгоннага Паганіні" Панова.
"…з тваёй беднай скрыпкі вылятаюць стогны зняважанай прыгоннай душы і зліваюцца ў адзін працяглы, сумны, глыбокі стогн мільёнаў… Ці хутка даляцяць гэтыя прарэзлівыя крыкі да твайго свінцовага вуха, наш праведны, няўмольны, неўлагодны божа?"
Роўнасць была патрэбная яму не ў нейкай там легендарнай будучыні, а сёння, зараз, вось тут, пад страхою кожнай мужыцкай хаты. Ягоныя радкі аб вёсцы і дагэтуль нельга чытаць без слёз абурэння і гневу.
…Латану свитину з каліки знімають, З шкурою знiмають, — бо нiчим обуть Княжат недорослих. А он розпинають Вдову за подушне, а сина кують, Единого сина, едину дитину, Едину надію! — в війско оддають!Да віноўнікаў такога не можа быць іншага пачуцця, акрамя нянавісці. Усё адно хто яны: тупыя капралы або лібералы-панкі, ханжы, манюкі, "заўзятыя патрыёты", якія ўмеюць абдурыць нават славу.
Кругом паскуда! Чому ж його не так зовуть? Чому на його не плюють? Чому не топчуть?! Люди, люди! За шмат гнилоi ковбаси У вас хоч матiр попроси, То оддасте.Па-мойму, гэта азначае: знішчыць на месцы.
У каземаце, загнаны ў пустыню, Шаўчэнка кіне словы, споўненыя той гардыні, без якой людзі не былі б людзьмі: "караюсь, мучусь, але не каюсь". У яго не можа быць дылемы Галілея з адной замежнай п'есы: пайсці на касцёр або пакаяцца, каб "даўжэй гаварыць праўду". Есць ва ўсім гэтым нешта невыказна брыдкае, і нездарма легенда выправіла яву, сказаўшы: "А ўсё ж яна круціцца".