Шрифт:
Дзіўны сум навеяла мне апошняе спатканне з Кіевам. Дамы нібы змарнелі, дрэвы разрасліся, нібы лес, там, дзе былі паляны майго юнацтва. Двор "лісця каштанаў" забудаваўся і паменеў, стаў цацачны; даўно ляжыць брук на месцы старых раскопаў непадалёк ад доміка М. Булгакава; фантаны майго юнацтва стаяць бязводныя і забытыя ў густых хмызах; стары зялёны тэатр падобны ўначы на марсіянскі цырк і не мільгнуць за рогам вуліц абліччы многіх маіх сяброў і дзяўчат. Горад, які я ведаў да апошняга каменьчыка, цяпер разросся і напалову невядомы мне.
Але ўсё адно душа мая, вершы мае, складзеныя там, словы мае да блізкіх блукаюць паркамі, бульварам Шаўчэнкі, начнымі вуліцамі, Пячэрскам, як каханне маё, незабытае і незабітае ні пуцявінамі, ні холадам год.
Але ўсё адно я стаю на беразе майго і твайго Дняпра і малюся не толькі за свой кут, але і за цябе. І жадаю табе таго, чаго пажадаў бы і свайму народу: адсутнасці гардыні, фанабэрыі і зазнайства ў час трыумфу і неадольнай, мужнай і спакойнай стойкасці ў бедах.
Малюся за цябе, Украіна.
Твой зорны шлях
Зорным часам аўстрыйскі пісьменнік Стэфан Цвейг назваў кульмінацыю, вышэйшы пункт кожнага чалавечага жыцця, тую вяршыню, вышэй за якую чалавек часам і не ўзнімаецца. А можа, і мог бы ўзняцца, ды не ведае пра гэта.
А павінен быў бы ведаць, павінен быў бы верыць у свае сілы, асабліва калі ён чалавек малады. Бо маладыя больш за іншых жывуць запалам свайго маладога сэрца, сваёй душы, свайго сумлення. Бо маладому ў вышэйшай ступені ўласцівая вера ў свае сілы, і, як вынік гэтага, — прадчуванне сваіх вялікіх здзяйсненняў.
Зорным часам для мараходаў было ў свой час адкрыццё Амерыкі і выхад на бераг Ціхага акіяна, для вучоных — адкрыццё электрычнасці і атрыманне радыю, для паэтаў — напісанне "Барыса Гадунова" і "Кургана".
Сёй-той, вядома, можа сказаць, што ён не Купала, не Кюры-Складоўская і ўжо аніяк не Калумб. I, аднак, ён не поўнасцю будзе мець рацыю. Амерыкі адкрыты, але мы дагэтуль не ведаем, як мігрыруюць птушкі і рыбы, хто насяляе глыбіні акіянаў. А гэта для нас, магчыма, не менш важна, бо няважных таямніц няма, і кожная патрабуе свайго героя, свайго Калумба.
Таму кожны павінен працаваць на карысць грамадства, бо яму без яго — без мяне, без цябе (так, менавіта без цябе, друг!) — абысціся нельга. Нельга абысціся без тваёй працы, без тваёй адданасці і адказнасці.
Антуан дэ Сент-Экзюперы сказаў:
"Быць чалавекам — гэта адчуваць… што, кладучы сваю цагліну, і ты дапамагаеш будаваць свет".
I гэта трэба памятаць, як і тое, што тваёй цагліны не падыме больш ніхто. I, значыцца, ні табе, ні мне, нікому на зямлі нельга кінуць справу сваю, нельга пазбыцца адказнасці за яе.
Нехта спытае: "А што мне да зорнай гадзіны? Я спакойна і сумленна раблю сваю справу. Я не рэкардсмен. Я не збіраюся быць чэмпіёнам. Я звычайны сярэдні ігрок, што акуратна з'яўляецца на спаборніцтвы, каб мая каманда не страціла ачкоў. Патрэбны і такія".
Так, патрэбны. Але як нецікава ім жыць. Добра яшчэ, што амаль ніякая каманда без іх "не абыходзіцца".
"Не абыходзіцца…" У самім гэтым слове закладзен той сэнс, што можа і "абысціся", што ўсё роўна, амаль усё роўна, ёсць ты або цябе няма.
Да чаго гэта нудна і прыніжана! А дзе весялосць і азарт, гордасць за сябе і за іншых, дзе чалавечая годнасць быць неабходным?
Адкуль ты ведаеш, дружа, што ты не здатны да таго, каб ісці першым? Чаму загадзя згаджаешся, што месца тваё не наперадзе? Проста дагэтуль нават ты сам не ведаў сіл, схаваных у табе, не бачыў жадання прынесці ўсё сваёй грамадзе, свайму народу, свайму чалавецтву штосьці вялікае, непаўторнае.
Інертнасць дужа небяспечная рэч. Часам яна нараджае зло, таму ніколі не забывай аб гэтым. Вось чаму ў хвасце і не трэба цягнуцца.
Наш час — складаны час. Сярэдзіны ў наш век не бывае.
Нядаўна я чытаў фантастычнае апавяданне (а ці такое яно ўжо і фантастычнае?) аб тым, як на вялікім пульце кіравання наземнай ракетнай базай усё залежала ад таго, паспее маньяк-палкоўнік Гаскойн націснуць кнопку ці не. Ад чалавека, які апынуўся побач з ім, залежаў лёс зямлі.
Будзем спадзявацца, што такога не здарыцца.
Але хіба менш пачэсна адвесці, скажам, нож, занесены над чалавекам? Не менш. Таму што кожны чалавек — гэта таксама свет. I гэты непаўторны свет кожны раз згасае навекі і не паўторыцца болей са смерцю вось гэтага, непаўторнага чалавека. I той, хто яго ратуе, — кожны раз ратуе ўсю зямлю, сонца, захады і ўсходы, і ўсіх людзей, і жывёлу, і кветкі, і… зоры.