Шрифт:
— Разумееце, мне б доктара… Рана ў мяне, панімаеце…
Бегла зірнуўшы на яго выцягнутую ўздоўж тапчана распухлую нагу з мокрай плямай на дзіравай ад асколка штаніне, яна ціхенька ўздыхнула і выслізнула за парог. Недаўменна счакаўшы хвіліну, Агееў пацягнуўся да скрынкі, дзе смачна пахла свежазвараная бульбачка.
Снедаючы, ён не мог пазбыцца агіднага пачуцця брыдоты, выкліканага нядаўнім аглядам раны. Неспакой яго не мінаўся, і думалася самае рознае, болей трывожнае, з сумным вынікам. Калі б хоць не гэтыя чарвякі, дык з болем ён бы саўладаў як-небудзь, боль страціў вастрыню, Агееў да яго прыцярпеўся, хадзіць было трудна, але можна — прайшоў жа ён кіламетраў сто дваццаць, пэўна, адолеў бы і яшчэ. Але калі б не пачалося заражэнне. Калі ўжо завяліся чэрві. Зноў жа, у ране мог застацца асколак, а з ім кепская справа, з асколкам будзе бяда. Як бы не засесці тут надоўга ці наогул не адкінуць капыты? Аддаючыся турботным думкам, ён увесь час прыслухоўваўся да разрозненых, часам невыразных, зманлівых гукаў знадворку — чакаў гаспадыню. Напэўна, павінна ж яна завітаць у гэты закутак, неяк дапамагчы яму. Пры гэтых думках ён крыва ўсміхнуўся — дажыўся, называецца, начбой Агееў да таго, што стаў залежны ад нейкай местачковай цёткі? Але сапраўды падобна было на тое, што лёс яго цяпер залежаў менавіта ад гэтай немаладой цёткі больш, чым ад каго б там ні было ў свеце. Пракляты вайсковы лёс, які ўсё ў ягоным жыцці перавярнуў дагары нагамі. Ды ці толькі ў ягоным жыцці?
Запіваючы кіслым малаком з стаўбуна, ён хутка з'еў усю бульбу, дажаваў хлеб, якога цяпер была ўсяго адна скіба. Увесь час ён чуйна прыслухоўваўся. Але, мабыць, вялікай небяспекі для яго цяпер тут не было, за сцяной ляжаў гарод, аброслы на межах дзядоўнікам і крапівой, вуліца была зводдаль, з другога канца сядзібы, і з яе амаль не даносілася ніякіх гукаў. Вакол было ціха, спакойна, і ў гэтай цішы ён адразу пачуў два-тры асцярожныя крокі ў хляве, дзверы застаронка нешырока расчыніліся.
— Во пераапрануцца вам.
Цётка Бараноўская з парога паклала на канец тапчана невялічкі скрутак, тут жа разгарнуўшы каторы ён знайшоў чорную сацінавую кашулю, прыгожа вышытую па каўняры сінімі шоўкавымі кветкамі. «Што ж, дзякуй!» — у думках спазнела сказаў Агееў, бо цётка ўжо схавалася за дзвярыма. Ён раскінуў кашулю на каленях, мабыць, яна была яму самы раз, гэтая прыгожая апратка з прыемнага навобмацак мяккага саціну, але ён памарудзіў знімаць сваю пацёртую прапацелую гімнасцёрку, якая разам з ім столькі стрывала за гэтае вар'яцкае лета. Гэта было звычайнае хэбэ з накладнымі кішэнямі і чырвонымі камандзірскімі пятліцамі, у якіх рубінавымі агеньчыкамі ззялі па тры эмалевыя кубікі. Трэці кубік ён прывінціў сюды за тры доўгія месяцы да пачатку вайны, а чакаў яго тры доўгія гады — на працягу ўсёй сваёй камандзірскай службы пасля вучылішча. На рукавах чырванелі галуны-нашыўкі, адпаведныя ягонаму званню, і вось ад усяго гэтага даводзілася па добрай волі адмаўляцца, мяняць на нейкую цывільную кашулю з кветачкамі на каўняры. Але, відаць, сапраўды прыйдзецца, інакш як яму выйсці адсюль у гэтым яго камандзірскім убранні? Першы прахожы з вуліцы зверне на яго ўвагу, і няцяжка ўявіць, чым усё можа скончыцца.
Цераз галаву ён рашуча сцягнуў гімнасцёрку, выбраў з кішэняў дакументы, падумаўшы, сунуў іх «на пакуль» пад сяннік. Пасля накінуў мяккую, прыемна аблеглую на плячах кашулю, каўнер зашпільваць не стаў, падпяразвацца таксама. Гімнасцёрку разам з рамянём і пісталетам паклаў пад падушку. Цяпер ад вайсковага абмундзіравання на ім заставалася толькі цёмна-сіняе камандзірскае галіфэ. Разношаныя ялавыя боты былі падобныя на цывільныя, боты яго не турбавалі. А вось пра галіфэ яшчэ прыйдзецца, відаць, патурбавацца, галіфэ магло яго выдаць.
Яму даўно хацелася выйсці на двор, але ён марудзіў у нерашучасці, прыслухоўваўся. Было невядома: хто тут жыве ў суседзях, хто яшчэ ёсць у гэтай Бараноўскай? Каго яму трэба было асцерагацца найбольш? Усё ж нейкая яна негаваркая, гэтая яго гаспадыня, падумаў Агееў, не, каб расказаць што пра сябе, — відаць, трэба пытацца. Пытацца ён не любіў, асабліва ў малазнаёмых. Зрэшты, як і расказваць пра сябе таксама. Размова малазнаёмых, ды яшчэ без патрэбы, не была для яго асалодай, мабыць, падобнай да яго трапілася яму і гаспадыня.
Ён яшчэ не наважыўся выбрацца з застаронка, як за сцяной у хляве пачуліся галасы, дзверы шырока расчыніліся, і цераз высокі парог не дужа спрытна пераступіла пажылая паўнаватая жанчына ў чорным жакеце з сіваватым вузлом валасоў на патыліцы. Яна адразу намацала яго позіркам у цемнаватым пасля вуліцы куце, выпрабавальна зірнула толькі адзін раз і густа пыхнула махорачным дымам ад самакруткі, якую трымала ў зубах, пакуль адчыняла дзверы. Другая яе рука была занята невялічкім скураным сакваяжам.
— О, дзе ён устроіўся! Харашо, свежае паветра! Ну, здароў, хлопец!
— Добры дзень, — трохі ніякавата сказаў Агееў, прыўстаючы на тапчане. Ён не адразу сцяміў, за каго яна яго прымае, але яе прастата ў гаворцы настройвала на лёгкі, амаль бесклапотны лад.
Жанчына перадала сакваяж у рукі Бараноўскай, якая, прычыніўшы дзверы, сціпла спынілася ля парога, яшчэ раз таропка зацягнулася акуркам і, кінуўшы яго долу, старанна зацерла чаравікам.
— Ну, дык што? Болечка?
— Ды во, трошкі! — сказаў Агееў, цямячы, што, пэўна, гэта прыйшла доктарка.
— Ну, трошкі — гэта ерунда. Цяпер трошкі і не лічыцца.
Падышоўшы бліжэй да тапчана, яна абхапіла яго нагу каля костачкі і рэзка заламіла ў калене. Агееў тузануўся ад болю.
— Да-а, — павярнулася да гаспадыні. — Нясіце вады.
— Зараз, Яўсееўна, — з гатоўнасцю азвалася Бараноўская. — Цёплай?
— Гарачай. І чысты ручнік.
Гаспадыня шмыганула за дзверы. Яўсееўна ў роздуме трохі счакала і, дапытліва ўставіўшыся ў яго, кінула:
— Ваенны?
— Ваенны, — сказаў Агееў, пазіраючы ў яе цёмныя настырныя вочы. Пад такім позіркам гаварыць няпраўду было немагчыма, ён гэта адчуваў адразу.