Вход/Регистрация
Кар'ер
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

З Малаковічам яны належалі да адной часці і перад самай вайной нядоўга служылі разам. Такая была служба ў старшага лейтэнанта Агеева, асабліва ў трывожныя тыдні напярэдадні вайны, што ён мала знаходзіўся ў палку, хіба што наязджаючы на агульнапалкавыя нарады, а болей прападаў на складах боепрыпасаў — сваім і дывізійным, — забяспечваў полк боепрыпасамі. Работы ў начбоя было па горла — некалькі відаў патронаў да стралковай зброі, ручныя гранаты ўсіх марак, снарады да палкавых гармат, вінтоўкі, кулямёты, запчасткі і рамонтная тэхніка — усё гэта перайначвалася, рэарганізоўвалася па-новаму, паводле апошніх інструкцый і ўказанняў. Часу ж на ўсё было ў абрэз, штабы і камандзіры разумелі гэта і спяшаліся, не ведаючы ні сну, ні адпачынку. Кроў з носа, а было загадана назапасіць тры БК для ўсёй зброі і пяць БК для супрацьтанкавай артылерыі. Палкавыя склады не ўмяшчалі ўсю прорву штабялёў і скрынак, будаваліся часовыя сховішчы, Агееў вазіў за шмат кіламетраў будаўнічыя матэрыялы, людзей. Лейтэнант Малаковіч прыбыў у полк за тры дні да пачатку вайны пасля паскоранага выпуску з вайсковага вучылішча і быў прызначаны камандзірам батальённага ўзвода сувязі. Па службе ў палку Агееў з ім амаль не сустракаўся, хіба што некалькі разоў бачыў у час палкавых пастраенняў гэтага рослага, танкашыяга лейтэнанціка ў новым камандзірскім абмундзіраванні, з хрумсткай партупеяй цераз плячо. Не думаў тады начбой, што вайсковы лёс з'яднае іх разам на дарогах вайны, ды яшчэ ў такі горкі час. Вядома, Агееў разумеў, што ён — не надта вялікая радасць для гэтага імклівага хлопца, якому без яго, напэўна, пашэнціла б болей, ён мог бы прайсці і па шэсцьдзесят кіламетраў за суткі і, мабыць, даўно ўжо дабраўся б да фронту. Але ён не мог пакінуць параненага Агеева, памагаў яму і падтрымліваў у дарозе, клапаціўся пра начлег і яду, сам ледзьве стрымліваючы сваё маладое нецярпенне. Агееў бачыў гэта, маўчаў і ўвогуле быў удзячны свайму малодшаму сябру.

Малаковіч прыйшоў на змярканні. Агееў стаяў у жыце, абапёршыся на вінтоўку, і, пачуўшы паблізу таропкія крокі, спрабаваў прысесці. Але ў той жа момант, затулены аднізу жытам, аднекуль збоку з'явіўся сілуэт у кепцы, з прыспушчанымі плячыма, па якім Агееў і пазнаў лейтэнанта.

— Фу ты! Думаў, не дачакаюся, — сказаў ён з выдыхам і адчуў, як адразу расслабіўся целам ад доўгага трывожнага напружання.

— Дык, разумееце, у прыцемках лепш.

Малаковіч спыніўся перад Агеевым, зморана ссунуў з потнага лба нязвыклую, з даўгім казырком кепку; на ім ужо быў нейкі куртаты паношаны пінжачок са зморшчанымі бартамі, няновыя, выпнутыя на каленях порткі і галошы на босых нагах. Заўважыўшы, што Агееў азірае яго, Малаковіч сказаў:

— Во пераадзеўся. Каб лішне не мазоліць вочы.

— А як немцы? — запытаў Агееў пра тое галоўнае, што цяпер турбавала іх.

— Ніякіх вам немцаў. Прыязджалі і паехалі. Праўда, паліцыю паставілі.

— Во як! І многа?

— А чорт іх ведае. Але ёсць. Школу і міліцыю занялі. Гэта каля царквы.

— А прайсці як?

— Ды ўжо пройдзем як-небудзь. І гэта… Разумееце, — Малаковіч адвёў позірк, агледзеўся, і Агееў зразумеў, што нешта ў яго не зладзілася. — Разумееце, у мяне не надта… Ну, сусед у паліцыі, каб яго разарвала. Дык мы вам, разумееце, другое месца насваталі. У цёткі адной…

Агееў з палёгкай уздыхнуў — хай сабе і ў цёткі, яму галоўнае, каб падлячыць рану, доўга ён тут не заседзіцца. Усё ж становішча іх было няпэўнае, з даволі туманнай будучыняй, і ён стараўся лішне не думаць аб ім. Галоўнае, каб дзе-небудзь зашыцца, запаўзці ў заканурак, залізаць раны, з якімі абодва яны — не ваякі! А пасля будзе відаць. Пасля яны пойдуць на фронт.

— Пра фронт не чуваць?

— Кажуць рознае. Немцы перадалі, што Маскву ўзялі, — неахвотна сказаў Малаковіч.

— Ого, куды хапілі!

— Рознае балтаюць. Але толкам ніхто не знае.

— Да-а… Ну што ж, пайшлі?

— Чакайце! — спыніў яго Малаковіч. — Панімаеце, з вінтоўкамі не гадзіцца. З вінтоўкамі спыняць і… самі разумееце.

Агееў маўчаў. Ды што ён мог сказаць? Ведама, падацца са зброяй яму не хацелася, але і расстацца з ёю ў такі час таксама было нязвыкла, амаль што боязна.

— Трэба схаваць, — сказаў Малаковіч. — Ось хоць бы і тут. А што, куст — прыкмета.

— У зямлі?

— У зямлі, канечне. У мяне во торба, загорнем…

Агееў змоўчаў, падумаў. Для яго, каторы ўсю службу дбаў пра чысціню і спраўнасць зброі, зараз закопваць у зямлю вінтоўку было злачынствам супраць яго сумлення. Але ён тут жа ўспомніў, колькі іх засталося на палях баёў, на складах і базах, захопленых немцамі, і толькі ўздыхнуў.

Шырокім нямецкім цесаком ён выкапаў вузкую канаўку на самым краёчку жыта каля мяжы, Малаковіч загарнуў у тарбіну дзве вінтоўкі — нашу, мадэлі 1891/30 года, і новенькую нямецкую з абшкрэбанай ложай, — яны ўладкавалі іх у ямку і ўжо ў цемры засыпалі зверху зямлёй. Пасля ўтапталі зямлю нагамі, закідалі травой.

— Ну, а пісталеты ўжо як-небудзь, — сказаў Малаковіч.

У іх былі два пісталеты — нашы варанёныя ТТ з пластмасавымі ручкамі. Днём, калі Малаковіч ішоў у мястэчка, ён аддаў свой Агееву, а цяпер падняў з ватоўкі і сунуў у кішэню штаноў. Пацёртую скураную кабуру, размахнуўшыся, кінуў далей у бульбу.

— Пайшлі!

Агееў падхапіў ватоўку і, дужа кульгаючы, пайшоў за таварышам. Тым часам зусім сцямнелася, вакол у прытуманенай прасторы поля было поўна невыразных плям і ценяў, якія будзілі цьмяную трывогу ў душы. Але Малаковіч упэўнена ішоў па бульбяной баразне наперадзе, Агееў стараўся ад яго не адстаць. І ўсё ж ён адставаў, параненая нага вымагала часта спыняцца, ён увесь час чапляўся ёю за бухматыя калівы бульбоўніку, не трапляў у баразну, злаваўся на сябе, не хочучы спыняць таварыша.

Ужо ў глухой цемры яны падышлі да крайніх будынкаў мястэчка, павярнулі на сцежку. Дзесь у дварах паміж дрэў пабліскваў чырвоны агеньчык вогнішча, данёсся пах падгарэлай бульбы, які напомніў Агееву пра тое, як ён даўно хоча есці. Але да яды, пэўна, было не так блізка. Прыгнуўшыся ў цемры, яны навобмацак пралезлі паміж дзвюма ніткамі калючага дроту і пайшлі па зарослай травой сцяжыне паўз нейчую сядзібу з доўгай сцяной дашчанага плота, пасля прайшлі берагам ручая пад дрэвамі і выйшлі на дарогу; далей трэба было перабягаць на той бок. Будынкаў там больш не было, справа ляжала цёмнае поле, а наперадзе высіўся раскапаны пагорак, і Агееў не адразу разглядзеў у ім той самы кар'ер, які пасля адыграе такую фатальную ролю ў ягоным жыцці. Але гэта значна пазней, а той раз Агееў ледзьве заўважыў яго ў цемры, яны прайшлі ўздоўж цаглянай агароджы могілак, пад хмурна насцярожанымі ўначы дрэвамі і зноў спусціліся па гародах ў нізкую сыраватую, падобную на роў мясціну, зарослую альхой і ляшчыннікам.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: