Вход/Регистрация
Кар'ер
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Асцярожна, трымайцеся за жэрдку, — папярэдзіў Малаковіч, сам з асцярогай ступіўшы на вузкую дошку кладкі. Агееў удала перайшоў за ім цераз чорнае правалле ручая або рэчкі, і вузкай, аброслай дзядоўнікам сцяжынкай на мяжы двух гародаў яны ўвайшлі пад навіслае голле дрэў. Побач цямнеліся стрэхі будынін.

— Так… Пастойце тут.

Адчуўшы, што іх падарожжа, напэўна, канчаецца, Агееў уздыхнуў і з палёгкай расслабіў натруджаную нагу. Малаковіч ненадоўга знік, і неўзабаве воддаль пачуўся ціхенькі стук у акно, пасля некалькі незразумелых слоў. І вось лейтэнант ужо бярэ Агеева за руку і ў глухім цемрыве вядзе кудысь цераз двор. Падобна, аднак, яны хутка апынуліся ў хляве; наткнуўшыся на нешта грувасткае, пералезлі цераз высокі парог раскрытых дзвярэй. Па-ранейшаму навокал было зусім цёмна, стаяў пах засохлага гною і сена або, можа, нейкіх сушаных зёлак і яшчэ нечага, чым пахне звычайна ў затхлых старых будынках.

— Во, ідзіце сюды…

Наткнуўшыся на Малаковіча, Агееў намацаў каля сябе нешта падобнае на тапчан і зморана апусціўся на шархоткі, пакрыты груба тканай посцілкай сяннік.

— Ну, во і добра. Цётка Бараноўская накорміць.

— Ладна. Дзякуй…

— І не турбуйцеся. Усё добра будзе.

— Ну што ж…

Цётка, здаецца, таксама была тут, але яна не сказала ні слова, і Агееву стала ніякавата — усё ж хацелася ведаць, як яна паставіцца да такога кватаранта. Бо магла і не пагадзіцца, і запратэставаць або хоць бы затаіць нязгоду ў душы. Але цётка маўчала, і Малаковіч ціха гукнуў некуды ў цемру:

— Паесці што знойдзецца?

— А там стаіць, — пачуўся ціхманы немалады голас, які зусім не развеяў трывогі ў Агеева, нават пабольшыў яе — такі ён здаўся сухі і нават раздражнёны.

— А, во дзе… Хлеб, агуркі. Во перакусіце. І ляжыце. Днямі пабачымся, — ціха сказаў Малаковіч.

— Добра.

— Тады добрай ночы, начбой!

Неяк зусім нячутна, не стукнуўшы і не скрыпнуўшы нічым, абое яны зніклі, навокал зрабілася ціха і глуха, нібы ў пастцы, і Агееў упершыню падумаў: як бы гэтае сховішча сапраўды не стала ягонаю пасткай. Заўжды ён баяўся, каб сіла абставін не загнала яго ў кут без якой магчымасці выйсця або адступлення. Але во, здаецца, апынуўся менавіта ў такой сітуацыі. Варта той жа цётцы Бараноўскай паклікаць паліцаяў — і яго, кульгавага, хутка звяжуць вяроўкай і адвядуць у паліцыю. Могуць таксама застрэліць, могуць адправіць у лагер для ваеннапалонных. Праўда, цётка пра яго нічога не ведала, ён не зрабіў ёй ніякае шкоды, але ж свая кашуля кожнаму бліжэй да цела, асабліва ў такі час. Нашто рызыкаваць галавой гэтай маўклівай цётцы, якая, напэўна ж, ведае, што ёй пагражае ад немцаў, калі яна будзе хаваць гэтага чырвонаармейца.

Абсалютна заганным і бездапаможным адчуў ён сябе ў гэтую летнюю ноч з сваёй ранай, па добрай волі ці па дурноце даўшы сябе заперці ў гэты хляўчук. Праўда, у яго быў пісталет і два цэлыя магазіны патронаў; на якую бяду, можна было б застрэліць пару паліцаяў, а пасля прыстрэліць сябе. А калі да таго не дойдзе, як тады паводзіць сябе перад паліцаямі, за каго выдаваць? На ім была камандзірская форма — надта заношаная гімнасцёрка і сінія дыяганалевыя брыджы; партупею ён скінуў, як яны засталіся ўдвух з Малаковічам, але на чырвоных пятліцах былі ранейшыя тры кубікі — за каго ж ён мог сябе выдаваць? Малаковіч абачліва пераапрануўся, на нейкі час, напэўна, будзе дарэчы пераапрануцца і яму, але ці шмат паможа яму цывільнае адзенне? Напэўна, да цывільнага адзення патрэбны яшчэ і цывільныя дакументы, а дзе яму іх узяць?

Суцэльныя сумненні і турботы разам з цьмяным прадчуваннем бяды авалодалі Агеевым у гэтым змрочным закутку перад грозным тварам пагрозы. Але якія б неадчэпныя ні былі яго душэўныя пакуты, адчуванне голаду ўзяло верх, на нізкім століку-скрынцы ён намацаў кавалак чорнага хлеба, некалькі агуркоў у місцы і пачаў есці, пакуль ад хлеба не застаўся маленькі кавалак — пэўна, яго трэба б пакінуць на заўтра, падумаў Агееў. Тым не менш ён не мог ужо спыніцца і непрыкметна для сябе зжаваў усё без рэшты.

Напэўна, тут жа і заснуў — забыўся ў трывожным цяжкім сне да світання.

Прачнуўшыся ранкам, Агееў убачыў над сабой нізкую, падбітую аполкамі столь, з такіх жа аполкаў былі тут і сцены, што свяціліся цяпер мноствам шчылін і высвечвалі шэрыя бярвёны сцяны насупраць. Агееў агледзеўся — гэта быў цесненькі хляўчук-застаронак, мабыць, прыбудаваны да старога хлява, куды вялі нізенькія дашчаныя дзверы, закрытыя на драўляную закрутку. У адным канцы застаронка стаяў тапчан, на якім ён пераспаў ноч, з пакрытай чыстай анучкаю скрынкай ля ног, у другім ляжала куча свежага сена, і пад ім ля сцяны сядзела ў гняздзе курыца, што адным вокам пільна і насцярожана сачыла за чалавекам. Праз шматлікія шчыліны ў сцяне білі сонечныя промні, і дзе-нідзе вытыркалася асветленае сонцам пустазелле, што буйна разраслося пад сцяной у гародзе. Было цёпла, спакойна, дзесьці наводдаль зычна прапяяў певень — на ўсё горла ад свае петушынай радасці. Агееў паспрабаваў устаць і ледзьве не крыкнуў ад болю ў назе — павязка спаўзла, штаніна прысохла да раны, да якой цяпер немагчыма было дакрануцца. Ён сеў на тапчане і, спусціўшы да калень штаны, агаліў нагу. З раны цёк гной, тканіна павязкі наскрозь прамокла, нага вышэй калена зрабілася тоўстай і счырванела, яўна распухала што дзень, то болей. Па бруднай, замурзанай скуры спаўзло некалькі мутных кропляў, ён сцёр іх даланёй і раптам спалохана знерухомеў: між набрынялых гніллю, даўно абяскроўленых тканак патрывожана варушыўся маленькі белы чарвяк, побач другі, а там яшчэ і яшчэ. Агееў боязна разняў пальцамі падсохлыя краёчкі раны і ўбачыў многа гэтых дробненькіх неспакойных істот. Скалануўшыся, нібы ад дрыжыкі, ён падняў побач саломіну і таропка пачаў выкалупваць ёю чарвякоў з раны. Увесь час яго не пакідала палахлівае адчуванне брыдоты: гэта ж трэба — жывое цела яго тачылі і елі агідныя стварэнні. Але што можна было зрабіць — усе апошнія дні іх непрытульнага блукання ён не меў нават бінта перавязаць рану, так вось і шкандыбаў у спёку, нага з кожным днём налівалася ўсё большым цяжарам, пухла, не дзіва, што ў ране завяліся чэрві. Што яшчэ будзе?

Дрыготкімі рукамі Агееў збольшага ачысціў рану і паправіў павязку, павярнуўшы яе больш-менш сухім бокам, тужэй падцягнуў на балючай назе, усё разважаючы, як яму быць, як лячыць рану. Мабыць, без дапамогі Малаковіча ён нічога не зробіць, але ўчора аб тым не было гаворкі, яны нават не дамовіліся, калі Малаковіч прыйдзе да яго зноў. Не, не абысціся без доктара. Але ці знойдзецца тут які-небудзь здатны лекар, якога можна было б не баяцца?

Стараючыся паводзіць сябе як мага цішэй, увесь час услухоўваючыся, ён спрабаваў здагадацца, што ў той час рабілася на дварэ. І ўсё ж зусім нават знянацку для яго дзверы ў застаронак расчыніліся, і цераз высокі парог пераступіла маленькая стараватая жанчына ў доўгай спадніцы і цёмнай, нізка павязанай хусцінцы, сваім выглядам вельмі напомніўшы яму манашку. Абедзьве яе рукі былі заняты невялічкім чорным чыгунком, які яна трымала перад сабой у фартуху. У застаронку запахла свежай бульбаю з кропам. Агееў асцярожна падцягнуў нагу.

— Во снеданне, — сказала жанчына, суха павітаўшыся, і Агееў здагадаўся, што гэта яго гаспадыня.

— Дзякуй.

— Калі ласка. Малако ў стаўбунку.

— Дзякуй.

Ён думаў, што яна пачакае, запытае яго пра што-небудзь або што скажа, але цётка тут жа павярнулася да дзвярэй. Баючыся, што ён яе не хутка пабачыць, Агееў паспешна гукнуў:

— Адну хвілінку, калі можна!

Гаспадыня павярнулася, на яе зморшчаным маленькім тварыку з самкнутымі вуснамі былі смутак і ўвага, аднак вочы глядзелі з пэўнаю цвёрдасцю і нават разважнай суровасцю.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: