Вход/Регистрация
Кар'ер
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

За агароджай на вуліцы паказаліся абодва паліцаі, адзін застаўся з вінтоўкай на выхадзе, а другі ў выстаўленых руках нёс гарлач малака, які асцярожна падаў начальніку.

— Во, толькі падаілі. Сырадой, — белабрысы твар паліцая ўгодліва расплыўся ва ўсмешцы. Драздзенка аберуч аблапіў гарлач.

— Што ж, пап'ём сырадою. Кажуць, палезна для здароўя.

— Ага, дужа палезна, — яшчэ больш заўсміхаўся паліцай, закідваючы за плячо рамень вінтоўкі, і Драздзенка раптам скіраваў на яго пагрозлівы позірк.

— Паспытаў ужо? Хоць бы пысу выцер, скаціна!

Са спазнелай паспешнасцю паліцай пачаў выціраць тоўстыя вусны, а ягоны начальнік гідліва апусціў гарлач.

— Во з кім працую, — паскардзіўся ён Агееву. — З такімі во курашчупамі. Ён жа ў войску і дня не служыў. Не служыў, га?

— Дык забракавалі па здароўі, — сказаў паліцай і пачухаў пад пахай.

— Бо крэцін. А ў паліцыю ўзялі. Бо — няма каму службу несці. Адказнасці гара, а магчымасцей крошкі. Ладна! Марш на вуліцу. І глядзець в оба, як інструкціраваў!

Патрымаўшы гарлач у руках, ён усё ж трохі адпіў малака і паставіў яго на зямлю каля лаўкі. Тым часам Агееў неяк прыбіў да абцаса і другі касяк, і начальнік паліцыі з натугай уздзеў бот на нагу.

— Во, іншая справа. Цвярдзейшы крок будзе.

Ён спружыніста пратупаў сюды-туды па падворку, звонка цокаючы абцасамі па камянях бруку. Агееў пазіраў на ягоныя боты — першую сваю работу ў новай прафесіі, і складаныя пачуцці авалодалі ім. Ён амаль ненавідзеў сябе за гэтую ўгодлівую паслугу нямецкаму халую, ад якога, аднак, залежаў сам цалкам, тым больш што той раскрыў яго з першага погляду, можна сказаць, распрануў дагала. Менавіта гэтая яго распранутасць рабіла Агеева амаль безабаронным перад паліцыяй і перш за ўсё перад яе начальнікам у асобе гэтага былога танкіста. Як было з ім паладзіць, каб не наклікаць ягонае злосці і не загубіць сябе? Без жаднай патрэбы Агееў перакладваў інструмент на сваім хісткім століку, коса пазіраючы, як Драздзенка шпацыруе па яго падворку. І раптам той рэзка спыніўся насупраць:

— Як завуць?

Агееў увесь напяўся, думаючы, як лепш адказаць паліцаю — па сваёй чыгуначнай версіі ці як ёсць на справе.

— Ну, па дакументах я Бараноўскі…

— Хрэн з табой, хай Бараноўскі. Нам усё роўна. Пойдзеш працаваць у паліцыю.

З няўтоенай трывогай у вачах Агееў зірнуў у заклапочана-рашучы твар начальніка паліцыі, які, сказаўшы гэта цвёрда тонам загаду, аднак жа чакаў яго адказу — згоды або адмовы. І Агееў варухнуў каленам хворай нагі.

— Якая паліцыя! Нага во. Ледзьве шкандыбаю па двары каля дома…

— Загоіцца!

— Калі гэта будзе? — сказаў ён амаль раздражнёна.

Драздзенка ссунуў набок сваю казыркастую шапку, азірнуўся ў глыб падворка.

— Ладна. Ану, зойдзем у дом.

Агееў не ведаў, дзе Бараноўская (зранку яна не з'яўлялася на двары), і, марудна ўстаўшы з-за стала, скіраваў да дзвярэй. Дзверы на кухню былі не зашчэплены, пад чыстым ручніком на прыбраным стале стаялі міска, гарлач, побач ляжаў учарашні акраец хлеба — пэўна, яго сняданак. Гаспадыні нідзе не было чуваць.

— Тут што — нікога няма? — сказаў Драздзенка і расчыніў дзверы ў святліцу. — Нікога. Вось якая справа, — ён ушчыльную ступіў да Агеева. — Жыць хочаш?

Агееў ніякавата змоўчаў, не ведаючы, як адказаць на гэтае ідыёцкае пытанне, і не разумеючы, чаго ад яго хоча гэты няпрошаны заступнік.

— Ну як жа… Панятна…

— Я табе памагу! — жвава падхапіў начальнік паліцыі. — Памог раз, памагу і другі. Усё ж мы абодва вайскоўцы і павінны памагаць друг другу. Інакш… Сам панімаеш! Немцы ў бірулькі не гуляюць. Так што — лады?

— Ну, дзякуй, — няпэўна прамармытаў Агееў, адчуўшы, аднак, што гэта — толькі частка размовы. Галоўнае, мабыць, яшчэ наперадзе.

— Але і ты павінен нам пасабіць.

— Што ж, канечне, — панылым голасам сказаў Агееў.

— Во і добра! — ажывіўся Драздзенка. — Тады гэта самае… Небальшая фармальнасць. Сядай!

Схапіўшы за гнуткую спінку адно крэсла, ён шырокім гаспадарскім жэстам падставіў яго Агееву, які, усё яшчэ няшмат што разумеючы, няўпэўнена сеў за стол. Драздзенка выцяг з кішаня фрэнча пацёрты, мабыць, яшчэ даваенны блакнот з малюнкам паруснай яхты на вокладцы.

— Так, небальшая фармальнасць. Немцы, яны, ведаеш, бюракраты болей за нашых. Ім каб было ўсё аформлена. Во чыстая старонка, во табе аловак… Пішы!

Не адразу, яўна збянтэжана Агееў узяў з яго рук тупаваты аловак, пакруціў у пальцах. Ён ужо разумеў, што гэтае яго пісанне не прынясе яму радасці, але і не ведаў, як было адмовіцца. Усё тое адбылося так нечакана, што ніякай прыдатнай прычыны для адмовы не знайшлося ў яго галаве.

— Пішы: я, Бараноўскі… як там цябе? Алег? Хай будзе Алег… Значыць, Алег Бацькавіч, настаяшчым абавязуюся сакрэтна супрацоўнічаць па ўсіх патрэбных пытаннях. Напісаў? Што — не згодны? — настырчыўся ён, угледзеўшы, што Агееў знерухомеў з алоўкам у пальцах. — Ты кінь дурыць! Інакшага выйсця ў цябе няма. Фронт пад Масквой, а немцы на суседняй вуліцы… Калі што — загрыміш у шталаг.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: