Вход/Регистрация
Кар'ер
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— А вас — на фронце? — кіўнула яна ў яго бок з раптоўнай цікаўнасцю ў позірку.

— Што — на фронце?

— Ну, параніла — на фронце?

— А адкуль ты ведаеш, што паранены?

— А з палкай. Учора бачыла. З вуліцы падглядзела.

— Во як! Ты ўжо і падглядваеш?

— Ды незнарок. Проста ішла па вуліцы, а вы — з палачкай. Так кульгалі, так кульгалі, што мне шкада вас зрабілася.

Агееў азадачана прамаўчаў. Сёння пасля ўсяго, што адбылося ў яго з гэтым начальнікам паліцыі, яму самому было шкада сябе, і нечаканае спачуванне Марыі амаль кранула яго.

— Нічога, нічога. Як-небудзь, — грубавата суцешыў ён дзяўчыну, але болей — самога сябе. Лапік ён ужо дашываў, на паношаныя абцасікі трэба было б набіць і набойкі, але ў яго не было чым набіць, і ён анучай старанна нацёр гладкія наскі туфляў.

— Ужо гатова? — узрадавалася Марыя і ўскочыла з лаўкі. — Ой, як добра!

— Не надта добра, — прызнаўся ён, сапраўды мала задаволены сваёй працай, і ўсміхнуўся — упершыню за сённяшні дзень. — Можа, як-небудзь навучуся. Не пройдзе і месяца…

Стоячы насупраць і прыціскаючы да грудзей адрамантаваныя туфлі, Марыя ціха сказала з прыкметным жалем у голасе:

— Напэўна, пакуль загоіцца рана?

— Іменна, — сказаў ён з націскам. — Пакуль загоіцца.

— А пасля?

— А пасля будзе відаць.

З нечаканым сумам у вачах яна перавяла позірк на вуліцу.

— Зайздрошчу вам. Калі б я ведала, куды… Ні дня б тут не засталася. Я б на фронт пайшла, я б іх забівала…

Гэта было ўжо сур'ёзна, і ён прамаўчаў. Штось зразумеўшы, яна змоўкла таксама, аднак не ідучы з падворка і ўсё прыціскаючы адрамантаваныя туфлі да маленькіх, ледзьве прыкметных пад тоўстым жакетам грудзей.

— На фронце ёсць каму біць. А для вас і тут знойдзецца справа…

— Якая? — хуценька запытала яна.

— А гэта трэба падумаць. Адпаведна абставінам.

Яна яшчэ нядоўга пастаяла моўчкі, пра нешта думаючы ці, можа, чакаючы пачуць што ад яго. Але Агееў падумаў, што і так выдаў занадта, што яму трэба цяпер сцерагчыся, хто ведае, ці не значыцца і яе подпіс у блакноце начальніка паліцыі Драздзенкі?

Напэўна, яна зразумела яго маўчанне па-свойму.

— Як вам заплаціць?

— А як хочаце. Можна хлебам ці бульбай. Ці яблыкамі.

— Ну, яблык у вас сваіх — вунь колькі!

— Тады пацалункам.

— Ну, скажаце!..

Трохі падумаўшы, яна без развітання павярнулася і выбегла на вуліцу. Ён яшчэ пасядзеў, яўна чакаючы яе. Вельмі хацелася яе бачыць, чуць яе то радасны, то сумны голас: чымсьці яна зачапіла яго панылую душу, нейкая душэўная еднасць стала паволі ды яўна збліжаць іх, гэтых дваіх розных людзей, воляю выпадку зведзеных разам. Калі праз чвэрць гадзіны Марыя вярнулася з туга накладзенай сеткай, твар яе ўжо без ценю нядаўняй заклапочанасці свяціўся лёгкай прыязнасцю, яна таропка стала класці на стол нейкія кавалкі і скруткі, загорнутыя ў клочча старых газет.

— Во, гэта вам за працу. Гэта — каб зажывалі раны… Гэта варэнне, грыбы сушаныя…

— Нашто столькі! — запратэставаў ён. — Вы што на самай справе! За адзін лапік?..

— Во гэта масла. У цёткі ж каровы няма, дык спатрэбіцца…

— За адзін лапік! — ледзь не стагнаў Агееў.

— Не за лапік. За тое, што вы… Што вы ёсць такі…

Яна выклала ўсё на стол, на яго інструменты, і кінулася прэч, радасна азадачыўшы яго сваёй мілай удзячнасцю за дробязную, па сутнасці, паслугу. Але, мабыць, у гэтай паслузе яна бачыла штосьці большае, чым залаплены туфель, і гэтая яе абачлівасць міжволі адгукнулася ў ім зачаткам ціхай удзячнасці.

Нядоўга пасядзеўшы ў альтанцы, ён пашкандыбаў у застаронак і заняўся ранай, якая тупым болем увесь час непакоіла яго з ночы. Асабліва калі ён пачынаў хадзіць. Агееў разматаў абмяклую, са слядамі гнойных плям павязку, канец якой, аднак, надта прысох да раны, і ён аж спатнеў, пакуль з болем аддзіраў яго. На здзіўленне, аднак, пухліна пад каленам паменшала, балючыя тканкі абапал раны страцілі пухлаватую набрыняласць. Агееў выкінуў азызлыя лусты сала, падумаў, што цяпер, можа, абыдзецца і так, туга абкруціў нагу старой павязкай, падклаўшы пад яе кавалак чыстай анучы. Далей трэба было перакусіць, ён даўно ўжо адчуваў згаладнеласць і выйшаў з хлява.

Каля ягонай альтанкі на лаўцы сядзела бабка ў цёмнай таўстой хусціне, з такім жа, як і ў яго, кійком у руках. Яна яўна чакала некага, і Агееў дашкандыбаў да яе ззаду.

— Вам каго, бабка?

Бабка нетаропка павярнулася, паўзіралася ў яго пільным позіркам старэчых, глыбока запалых вачэй.

— Мне во чаравічкі ўнучцы… Каб пачыніць… Адна ўнучка засталася, ні бацькі, ні маткі. Дык сказалі, тут чыняць, у папоўскай хаце.

— Чыняць, ага. А што, чаравічкі дужа разбітыя?

— Ды разбітыя… Во! Новых жа няма, дзе я вазьму. Цяпер жа не купіш.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: