Вход/Регистрация
Кар'ер
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— А яшчэ, можа, ведаеце, тут недзе на суседняй вуліцы жыў такі чалавек, жасцяншчык ці слесар, ён яшчэ ў вайну бляшаныя цёркі рабіў для зерня…

— Лукаш?

— Можа, і Лукаш, не памятаю. Дык у яго на кватэры настаўніца была, прыезджая, а з ёю сястра жыла…

Сказаўшы тое, Агееў адчуў, што наблізіўся да самае важнае мяжы, да якой ішоў столькі часу, і зараз, напэўна, пачуе прысуд, што панішчыць яго або ашчаслівіць. Трэба было сабраць сілы, каб спакойна стрываць яго, які б ён ні быў.

— Лукаш майстроўны быў, ага… Умеў па дрэву і па металу… Мне яшчэ рамы пасля вайны ставіў. Майстроўны быў…

Твар дзедаў ад успаміну на кароткі момант праяснеў, ён адарваў позірк ад долу і павёў ім на Агеева. Агееў расчаравана выдыхнуў, пераступіў з нагі на нагу — сесці тут не было на чым.

— Майстроўны… Памёр даўно ўжо.

— Дык настаўніца кватаравала ў яго.

— Што? Настаўніца… Можа, і была.

— А вы не памятаеце, дзед?

— Настаўніца, — паўтарыў дзед і падумаў. — Не, не помню.

Амаль панішчаны гэтай размовай, яе абнадзееным і такім нікчэмным вынікам, Агееў выйшаў на вуліцу. Разгублена пахадзіў па адным і па другім яе баку, зайшоў у пакінуты, зарослы быльнягом двор Бараноўскай, памалу пазнаючы струхлелыя сцены будынін, гнілаватыя, выкрышаныя вуглы, касабокія прасценкі. Ён абышоў хлеў, прыбудоўкі, за дрывотняй, густа парослай высокай, да калень, лебядой, зірнуў у гарод з тыльнага боку сядзібы і не ўбачыў там хлеўчука-застаронка, які даўно ўжо, напэўна, разабралі на дровы, — упрытык да самай сцяны хлява ішлі роўныя баразёнкі маладога бульбоўніку. Ён прыкінуў прыблізна тое месца, дзе стаяў ягоны тапчанчык і дзе была дзірка ў сцяне, каля якой пад каменем ён схаваў свой ТТ. Хтосьці, напэўна, знайшоў, калі ў свой час яго не падабрала паліцыя.

Вярнуўшыся на двор, здалёку паўзіраўся ў садок, якога, аказваецца, таксама не абмінула жорсткая хада часу — старыя яблыні марудна, па адной, паміралі, губляючы ссохлыя сукі і голле; кусты парэчак, якія некалі аддзялялі садок ад двара, зусім зніклі. На агароднай мяжы над парканам чарнела голае суччо некалькі сухіх вішняў, добра памятных яму яшчэ з таго лета. Цяпер ён нават не падышоў да іх — усёй ягонай істотай авалодала роспачнае адчуванне няўдачы, і, каб справіцца з ім, ён яшчэ прайшоў у канец вуліцы паўз высокі дом з нямецкім дахам, перайшоў на другую. З нечаканай надзеяй спаткаў пажылую жанчыну, якая несла вялікую сумку, і запытаў, ці не памятае яна Лукаша-бляхара. Жанчына зморана апусціла долу нагружаную боханамі хлеба цяжкую сумку, паправіла хусцінку на галаве.

— Як жа, быў Лукаш. Ваньковіч ягонае празвішча. Памёр пасля вайны.

— А ў яго настаўніца перад вайной на кватэры жыла…

— Настаўніца? Была наўродзе, прыгожанькая такая. Толькі не помню, як звалі.

— Вера! — з абноўленай радасцю падказаў Агееў.

— Можа, і Вера. Не помню.

— А што з ёй пасля здарылася, не ўпомніце? Да яе яшчэ сястра перад вайной прыязджала — Марыя.

Жанчына паморшчыла і без таго зморшчанае пераноссе, угледзелася ў канец вуліцы, па якой ужо грукацела «Калхіда» з прычэпам.

— Не знаю. Помню, наўродзе была малодзенькая дзяўчынка. Нядоўга пажыла, а дзе дзелася?..

— Пасля вайны не аб'яўлялася?

— Дык не знаю.

Агееў яшчэ прайшоў некалькі разоў па гэтай і суседняй вуліцах і зусім ужо ў роспачы падышоў да двух мужчын ля веснічак. Адзін з іх стаяў па гэты бок іх, а другі — худы і высокі — па той, абодва курылі і пра нешта гарэзліва гутарылі. Калі ён звярнуўся, аднак, змоўклі, і худы з-за веснічак жвава падхапіў:

— Ведаю Марыю. У Мінску жыве. Скончыла іняз. Працуе ў школе.

— Во як! — збянтэжана сказаў Агееў. — І даўно скончыла?

— У семдзесят восьмым, добра памятаю. Я паступаў, ды зрэзаўся: конкурс! А яна скончыла.

Агееў адразу нахмурыўся, прыкідваючы сабе: колькі ж ёй магло быць у семдзесят восьмым? Не, штосьці пазнавата было ёй у пяцьдзесят гадоў канчаць інстытут. Наўрад ці гэта яна.

— Даруйце, а якога яна ўзросту?

— Узросту? Ды мая равесніца. Разам у школу хадзілі. Толькі я яшчэ армію адслужыў… А што, не тая, выходзіць?

— Не тая, — сказаў Агееў і паныла кіўнуў на развітанне.

Ён і яшчэ пытаўся: у выпадковых вулічных сустрэчных, што мелі на выгляд гадоў пад шэсцьдзесят ці болей, падыходзіў да сівой прадаўшчыцы кіёска «Саюздруку», некалькі разоў заходзіў у двары, калі бачыў каго-небудзь з вуліцы. Людзі старэйшыя лёгка ўспаміналі Лукаша, некаторыя памяталі Бараноўскую, вельмі нямногія ўспаміналі настаўніцу Веру Адамаўну, але ніхто нічога канкрэтнага не мог сказаць пра яе сястру. Быццам прыязджала, нядоўга пажыла тут, а куды падзелася — гэтага не ведаў ніхто.

Мяркуючы па ўсім, загінула. Але дзе? І калі?

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: