Шрифт:
Значыць, згрузілі забітых, паклалі параненых, і два паліцаі пад рукі вядуць яшчэ аднаго. Тожа паранены ў нагу, нага трохі перавязана, без бота, скача на адной. Гляджу, быццам не наш, у паліцыі такога не было. Пытаюся ў Чарняўскага, паліцая з мястэчка, з якім некалі разам у школе вучыліся, кажа: парцізан, параненым падабралі. Малады такі, у чорнай кубанцы, пахожа, камандзір нейкі з лесу.
Павалаклі яго ў канцылярыю на допыт, а канцылярыя якраз насупраць, праз два крокі ад мяне, я стаю ля тумбачкі і ўсё чую, як там яго мардасяць. Начальнік з маўзерам, ад эсдэ нейкі граміла ў жоўтых ботах, некалькі паліцаяў. Спярша яго па-добраму, але, відаць, не хоча гаварыць парцізан, дык крычаць сталі. Ну, і дубасіць. Ён таксама крычыць і лаецца. Але ўсё ж нешта і скажа. Чую, прозвішча сваё назваў, а яны ўсё пра Сіняўскі лес дабіваюцца. Пачалі болей дубасіць. Во ён ужо і самлеў, выбеглі па ваду, адлілі. І зноў біць. Пасля перапынак. І зноў. Гэты допыт, мабыць, гадзіны са тры цягнуўся, мяне ўжо змянілі ля тумбачкі. Толькі прылёг, Сурвіла будзіць. Кажа: «Запрагай цялегу, паедзем на заданне». — «Куды?» — пытаюся. «На станцыю, палоннага бандзіта павязём, немцы трэбуюць». Надта мне не спадабалася гэтае заданне: па-першае, парцізана немцам аддаць — гэта ж для яго пэўная смерць; па-другое, я зноў без зброі застаюся. Кажу: «Няхай вінтоўку якую дадуць, як мне з голымі рукамі ехаць?» Кажа Сурвіла: «Не трусь, я са зброяй. Калі пабяжыць. Ды і не пабяжыць ён, ледзьве дыхае».
Ну, запрог я коней, вынеслі на цялегу парцізана, паклалі на саломе. Гляджу, і праўда, ледзьве жывы, так адматузілі. Твар увесь у крыві, на свет божы адным толькі вокам глядзіць. «Куды вы мяне везяце?» — пытаецца. А Сурвіла яму: «Ці не ўсё роўна табе, бандзіцкая морда! Вот шлёпнем на мосце — і ў ваду». Парцізан лаецца, мацюгае і паліцыю і Гітлера. У мяне на душы пагана, думаю: няўжо і я свае рукі да ягонай пагібелі прыкладу? А што зробіш? Не адмовішся ж. Тыя, што ноччу па трывозе ездзілі, цяпер паклаліся, будуць спаць да абеду, а нам, значыцца, такое дзела…
Выехалі з мястэчка, бальшаком кацім. Парцізан, не зважаючы, што паранены і скалечаны, дык яшчэ і звязаны па руках, а да здаровай нагі вяроўка прапушчана. Я сяджу ў перадку з лейцамі, Сурвіла ззаду, назірае за абодвума. Бальшаком насустрач праехалі дзве падводы, прайшлі тры бабы з кашолкамі. А так пуставата. І тут пачалі ў мяне розныя мыслі паяўляцца. Стаў я прыглядацца да меснасці. Станцыя гэтая была вярсты праз чатыры, дарога ўвесь час палявая, але ў адным месцы, за мастком, пачыналіся кусцікі, а ў тых кусціках развілачка такая малапрыкметная: бальшак на станцыю, а бакавая дарожка цераз лужок — прама ў дзярэўню Смаляны каля хваёвага бору. Думаю, вось бы туды павярнуць. Але як павернеш, калі гэта жывадзёр ззаду, у руках вінтоўка. Калі што, хутка кулю між лапатак палучыш.
І ўсё ж я наважыўся. Як уехалі ў гэтае кустоўе, я і кажу Сурвілу: «Слыш, вазьмі лейцы, а я на мінутку. Жывот нешта…» Ён падумаў, азірнуўся, ды, праўда, злез, перайшоў к перадку, узяў лейцы. Перад тым, канечне, вінтоўку закінуў за плячо, а мне толькі гэта і патрэбна. Выхапіў я штык з-за дзягі і, бы дзіку, ззаду яму пад лапатку. Толькі застагнуў, як кабан, ды і асеў мне пад ногі. Я за вінтоўку, сабе на плячо, яго за ногі ды ў канаву. Пасля сам у цялегу ды па конях! Коні някепскія былі, як урэзаў ім, як ірванулі цераз лужок! Парцізан спярша аж заенчыў, запрасіўся нават, а пасля сцяміў, відаць, у чым справа, і змоўк. А затым і падказаў, куды ехаць. «У Качаны, — кажа, — да каваля. Там скажуць». Я і прымчаў яго ў Качаны, там перахавалі, пераначавалі ў стажку, а назаўтра з атрада прыехалі. Адразу чацвёра конных, і мой парцізан кажа: «Вось ён мяне спас, рабяты. Спасіба, паліцай». Аказваецца, парцізан гэты не радавы быў, а начштаба атрада. Во якая штука, думаю. Аднак жа і пашанцавала мне. Толькі вось Бекеша шкада…
Прызначылі мяне пакуль што ў рэзерв. Прыгледзеўся я, што тут за людзі. Аказваецца, і тут ёсць знаёмыя. Каторыя з раёна, мяне не надта ведаюць — што я, да вайны ў брыгадзе рабіў, малады быў. Пасля служыў дзяйсцвіцельную на ДВК. Затое я іх помню. Загадчык райза наш, начальнік міліцыі. А раз каля кухні гляджу — настаўнік з местачковай школы Багіраў, нас у чацвёртым класе вучыў. Пастарэў толькі, амаль увесь сівы стаў. Але — камандзір атрада.
Пачалася мая парцізанская жызня, і пачалося ўродзе някепска. Мяне хоць і няшмат хто ведаў, але заўважылі адразу — як жа, начальніка штаба ад гібелі спас. Праўда, некаторыя і касіліся: з паліцыі ўсё ж, як бы падасланым не аказаўся.
— Ну, гэта вам пашанцавала сапраўды, — сказаў Аркадзь. — Што трапіў начальнік штаба. Як у кіно. А калі б радавы, напрыклад. Ці па дарозе памёр…
— Вось гэтага я болей за ўсё баяўся, — зусім па-дзіцячы адкрыта заўсміхаўся Сямён. — І па дарозе, і пасля ў стажку ноччу. Кепска чуўся начштаба, парой памяць траціў. Вось, думаю, аддасць канцы, што мне тады? Куды падацца? Парцізаны скажуць: забіў. І ў паліцыю нельга, не павераць. Ды і Сурвілу знойдуць з маім штыком пад лапаткай. А начштаба ў атрадзе не было месяцы два, схавалі недзе ў ціхім месцы, лячыўся. За той час я ўжо зусім асвойтаўся, колькі разоў у засадах удзельнічаў, на зброю разжыўся. То пра адну вінтоўку марыў, а тут у мяне ўжо і парабел завёўся — выцягнуў на шасейцы ў забітага афіцэра, кінжал харошы такі, з прыгожымі ножнамі. Словам, настаяшчы парцізан. І вось неяк увечары, толькі мы павячэралі на кухні, выходзім — насустрач незнаёмы мужык у скуранцы, з палачкай, кульгае трохі, гляджу: хто такі? А Колька Смірноў (масквіч быў, пасля, як гарнізон грамілі, смярцельную рану палучыў, у мяне на руках сканаў), дык гэты Колька штурхае мяне ў бок: маўляў, што вочы разявіў, аддавай чэсць, гэта ж твой хрэснік — начштаба. Ну, я руку пад казырок, так і так. «Дзень добры, таварыш начштаба, як здароўечка?» Праўда, падаў ён руку. «Дзякуй, — кажа, — табе за спасенне». Кажу: «Нічога не варта, абодвух спасаў — і вас, і сябе». — «А адкуль ты, — пытаецца, — дазнаўся, каго спасаць нада?» — «Дык я ж, — кажу, — ля тумбачкі стаяў, як вас там мутузілі, чуў што-нішто». Нічога мне не сказаў той раз, але неяк спахмурнеў тварам. Я не звярнуў увагі — ці мала чалавек перажыў. Не надта гэта вясёлае дзела — у іхніх руках пабываць.
І вось лета канчаецца, ваюем мы ў парцізанах, аж трэск ідзе па лясах. То мы іх б'ём у хвост і грыву, то яны нам даюць прыкурыць. Ранейшага камандзіра нашага пераводзяць у камбрыгі, а замест яго ставяць Навікоўскага. Хлопцы да мяне часам чапляюцца, жартуюць: «Сямёнаў, схадзі да свайго дружбака, папрасі, каб аўтаматчыкам мяса падбавілі». Або: «Закінь слоўца, хай пасля аперацыі пад'ём на пару гадзін пазней зробяць». Або: «Што ты ў драных ботах тупаеш, папрасі камандзіра, хай трафейныя выдасць». Я, канечне, адбіваюся, нікуды не хаджу, не звяртаюся. Я ўжо сцяміў, што мой камандзір на мяне быццам злуе, нават пазбягае мяне. І не тое каб чым задобрыць, ну, там даць лішнюю гадзіну паспаць, дык яшчэ наадварот, усё кудысь адаслаць мяне хоча. Другія камандзіры да мяне ўсе нармальна, камісар дык у прыклад перад хлопцамі ставіць. Ды і на самай справе, хіба я дрэнна ваяваў? Падрыволі мост у Шонцах, я паліцая-вартавога зняў. Ды так спрытна, што, пакуль у бліндажы ачухаліся, мы ўсю ўзрыўчатку да свай папрывязвалі. Узарвалі, каравул увесь знішчылі і нікога свайго не страцілі. Камісар падзяку аб'явіў перад строем, гляджу, Навікоўскі моршчыцца. Не па сэрцы я яму, што ты будзеш рабіць! Перад Кастрычнікам пачалі да ўзнагарод прадстаўляць, камісар кажа: ордэн Сямёнаву, а камандзір пярэчыць: медаля хопіць. Ну, «За бэзэ», значыць. А калі толькі дзе пыхне дохлая справа, як у Трасцянскім балоце, дзе немцы абоз наш перахапілі, туды — Сямёнава. Ідзі — памры ці вярні абоз. Пайшоў і вярнуў, не памёр. Дзякуй, канечне, перад строем і так далей. Але, адчуваю, яму было б лепш, каб не вярнуўся, памёр. Штосьці ён падазраваў за мной, а што — доўга не мог дакумекаць.
— Мабыць, гэтую вашу службу ў паліцыі, — сказаў Аркадзь.
— Ды не службу. Не ў службе справа, — перапыніў свой расказ Сямён, ужо не першы раз пакасіўшыся на бутэльку. Аркадзь, канечне, прыкмячаў тыя яго красамоўныя пагляды, але рабіў выгляд, што не разумее іх. Агееў маўчаў, ён ужо зразумеў усё, да чаго з такімі падрабязнасцямі падводзіў Сямён. Але слухаў. Не сказаць каб з вялікай цікавасцю — хутчэй з ціхім пачуццём чагось знаёмага, толькі, можа, апошнім часам трохі забытага.
— Не службу. Хаця і я гэтак спачатку думаў. Што не давярае. Ці выпрабоўвае. А пасля паняў: сам вінаваты. Праз свой доўгі язык пакутую.