Вход/Регистрация
Кар'ер
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Усяго добрага, — сказаў Агееў, надта абураны ў душы і хочучы толькі аднаго — як мага хутчэй адкараскацца ад гэтага пана. Даючы Драздзенку падпіску за гэтым сталом, ён думаў: ну, навошта ён мог ім спатрэбіцца? А вось, аказваецца, знайшлі і яму працу. Мужык з Беразянкі…

Ён моўчкі праводзіў Кавешку, які на развітанне прыўзняў над лысаю галавой капялюш, стрымана пакланіўся і, дробненька перабіраючы нагамі, пайшоў на вуліцу. Агееў застаўся ў двары — стаяў і думаў. Было ўжо зразумела, што марудлівасць у яго становішчы можа перарасці ў злачынства, так яны ўцягнуць яго ў такое, што век не адмыешся. Трэба было зараз жа звязацца з Волкавым, пра ўсё папярэдзіць. А там хай рашаюць. Можа, заставацца яму тут ужо немагчыма, трэба шукаць другое ўкрыцце. Але дзе ён цяпер знойдзе Волкава, калі дачакаецца яго? Праўда, у мястэчку быў Кіслякоў, які, аднак, больш за тыдзень сюды не паказваўся. Можа, не было справы, а можа… Але ж ён сказаў: у крайнім выпадку можна зайсці — і даў адрас. Савецкая… Дзе яна, гэтая Савецкая?

Была б дома Бараноўская, паслаў бы яе. А так трэба самому. Удзень? Ці дачакацца ночы? Але ж ноччу — каменданцкі час, на вуліцах ходзяць патрулі, возьмуць, як тады апраўдацца перад Драздзенкам — куды хадзіў?

Становішча яго ўскладнялася найгоршым чынам, зацягвалася ў тугі вузел — і хто б падумаў? Ён ішоў сюды з адзінаю мэтай: адляжацца, залячыць рану і зноў ірвануць на ўсход, дагнаць фронт. І вось — ірвануў, называецца. Так ублытаўся ў гэтыя местачковыя справы, што невядома, як выблытацца. Чым усё можа скончыцца, ён лёгка ўяўляў сабе. Але ж ён хацеў жыць і змагацца з фашызмам, які прынёс яму столькі пакут. Ды і ці яму аднаму…

Быў, мабыць, поўдзень, калі Агееў канчаткова наважыўся ісці да Кіслякова. Ён накінуў на сябе ватоўку, узяў ляшчынавы кій, старанна зачыніў дзверы на кухню. Напэўна, трэба было б замкнуць іх, але замка ён нідзе не знайшоў, падумаў, што хутка вернецца. Упершыню ён выбіраўся з падворка ў мястэчка і не ведаў, дзе шукаць тую Савецкую. Праўда, гэтая назва паказвала некуды ў цэнтр, напрамак, які ён прыблізна ведаў, і, абапіраючыся на кій, пашкандыбаў у канец вуліцы.

Неўзабаве Зялёная яго скончылася, прымкнуўшы да іншай, болей наезджанай вуліцы з вузенькімі тратуарамі абапал. Дамы ўсюды былі несамавітыя, сельскага аблічча — звычайныя вясковыя хаты, некаторыя з фарбаванымі аканіцамі на фасадах, поўнымі кветак гародчыкамі, навіслым над платамі голлем дрэў. Многія аканіцы былі цяпер зачынены, веснічкі — наадварот — расчынены ці паламаны, скрозь у падворках віднеліся сляды нядаўняга разгрому: выкінутае з хат ламачча, старыя транты, клочча паперы. Адзін двор за нізкім штакетнікам быў густа засыпаны пер'ем з пярын і падушак, кучы якога вецер сагнаў пад заваліны, у канаву, усыпаў ім траву ля плота. Шыбіны ў двух вокнах з вуліцы былі ўсе выбітыя. Агееў заглянуў у адно, у цьмяны паўзмрок хаты з абдзёртымі шпалерамі, з чорнаю дзіркай лаза ў падлозе, і на яго самотна дыхнула страшнай трагедыяй, якая так нядаўна тут адбылася. А колькі такіх трагедый у мястэчку!..

Стараючыся як мага меней кульгаць, ён дайшоў да канца гэтай вуліцы і спыніўся ля высокага дома з зарослым бэзам гародчыкам. Агледзеўшыся, заўважыў у кусце белагаловага гадоў дзесяці хлопчыка і запытаўся, у які бок будзе Савецкая. Хлопчык ткнуў локцем направа і, калі ён ужо саступіў з тратуара, каб перайсці вуліцу, наўздагон крыкнуў:

— А вам каго трэба?

Агееў спыніўся, падумаў, што ў хлопчыка, мабыць, можна і спытацца, і вярнуўся да бэзу.

— Мне Кіслякова. Не ведаеш?

— А вунь! — хлопчык пераклаў з правай рукі ў левую ножык, якім стругаў палачку, і паказаў цераз плот. — Вунь, дзе страха з тонкай трубой. Там Кісляковы.

Прыкмеціўшы патрэбны дом па той бок вуліцы, Агееў таропка перайшоў пыльную маставую і хутка ўвайшоў у прасторны, нічым не абгароджаны падворак з маладой бярозкай ля ганка. Двор быў пусты і зарастаў травой. На старых, абшкрэбаных дошках дзявярэй коса вісеў іржавы замок; з хаты, аднак, чуліся вясёлыя галасы, і ён падышоў да нізенькага, без фіранак акенца. У той жа час знутры паявіўся мурзаты дзіцячы тварык, за ім другі, трэці — дзеці з неспатольнай цікавасцю ўставіліся ў яго, нібы чагосьці чакаючы, і, Агееў сказаў:

— А дзе старшы брат?

— Нямашака, — адказаў, смешна скрывіўшыся, мурзаты хлопчык.

— Нямашака, нямашака, — паўтарылі за ім астатнія двое.

— Вось дык загвоздка! — ціха сказаў Агееў, і дзеці, нібы дражнячы яго, паўтарылі за акном на розныя галасы:

— Вось дык загвоздка!

— Загвоздка!

— Загвоздка!

— Ах, вы, дразнілкі! — сказаў ён без злосці, не ведаючы, аднак, як быць, дзе шукаць Кіслякова. Ці, можа, прыйсці сюды другім разам?

— Скажыце брату, што прыходзіў кульгавы дзядзька. Хацеў яго бачыць, — сказаў ён праз акно гэтай старой хаты, і дзятва адказала хорам:

— Добра, скажам!..

З прыкрасцю азірнуўшыся на пусты двор, Агееў выйшаў на вуліцу і, прыпадаючы на хворую нагу, пайшоў на сваю Зялёную. Мястэчка выглядала апусцелым, на вуліцы зусім не было праезджых, рэдкія прахожыя, мабыць, з бліжніх дамоў, паяўляліся і зараз жа знікалі ў дварах. Увесь час баючыся з кім-небудзь сустрэцца, асабліва з паліцыяй, ён, аднак, спакойна дабраўся да сваёй хаты з альтанкай у двары і трохі расслабіўся. Усё ж такі дом! Якое-ніякое прыстанішча, сховішча ад нядобрага вока. Праўда, кепска яно хавала, гэтае сховішча, спакою тут не было, яго адразу раскрыла паліцыя, добра яшчэ, што не адрэзала ўсе яго сувязі. Але што рабіць? Без гэтага парослага травой падворка яму і зусім было б кепска, дзе б ён пражыў гэтую пару тыдняў са сваёй бедалагай нагой, з асколкам у ране?

На падворку ён адчуў сябе ў адноснай бяспецы і, каб абысціся без непатрэбных цяпер кліентаў, прывалок з хлява даўгую жардзіну, загарадзіў ёю ўваход з вуліцы. Сёння ён нікога не прыме, у яго другая работа. Узяўшы з альтанкі скрынку з інструментамі, пайшоў у застаронак. Трэба было брацца за прывезены з лесу абутак. Ён выцяг з меха дзве пары кірзавых ботаў з адарванымі падэшвамі і, уладкаваўшыся каля тапчана, пачаў падбіваць іх на лапе.

Не надта гучна стукаючы малатком па гумовай падэшве, ён увесь час быў насцярожаны, слухаў, чакаў, ці не паявіцца хто на двары. Канечне, яму вельмі патрэбны быў Кіслякоў, але магла наскочыць і паліцыя, гэты Кавешка ці яшчэ горш — Драздзенка. Тады трэба было ўсё борзда хаваць і, знарок збянтэжана падцягваючы штаны, выходзіць з хлява. Ён працаваў, не разгінаючыся, гадзін пяць запар. Удзень у застаронку было відна і спакойна, але надвячоркам стала цямнець, асабліва ў той хмарны дзень: ён паспеў падбіць тры пары ботаў і пачаў зашываць доўгі асколачны ці штыкавы разрэз упоперак халявы, ды не паспеў. Зрабілася зусім цёмна, і ён, запіхаўшы ў мех боты, выйшаў на двор. Тут усё было па-ранейшаму. Дзверы на кухню заставаліся старанна зачыненыя зранку, значыць, Бараноўская не паявілася і сёння. Калі ж яна ўрэшце вернецца, з прыкрасцю думаў Агееў. І наогул ці вернецца? Можа, яму трэба было што рабіць? Можа, заявіць у паліцыю? Ці наадварот — утаіць ад паліцыі факт яе адлучкі? Як лепш зрабіць, каб не нашкодзіць сабе, сваёй гаспадыні? Тым, хто да яе прыходзіў?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: