Шрифт:
— Чаму ж, можна паверыць.
— Не, вы не паверыце. А мне які-небудзь гародчык каля хаты начамі сніўся. Во гэтыя вяргіні. Ды што вяргіні — крапіва пад плота снілася, і ў ёй куры квохчуць. Бывала, прачнуся і слязьмі абліваюся. Што значыць бацькаўшчына!
Агееў маўчаў. Яму стала трохі шкада гэтага чалавека, які, відаць, сапраўды нямала папакутаваў на чужыне, калі нават успамін пра курэй пад плотам выклікаў у яго слёзы.
— Не, шаноўны пане, вы не можаце гэтага ўразумець. Трэба павандраваць, пашвэндацца па свеце і адчуць, што ўсё гэта значыць. Бацькаўшчына! Але мы можам ганарыцца — дастойная ў нас бацькаўшчына, шаноўны пан!
— Хто пярэчыць, — сказаў Агееў, паддаючыся, здалося, шчыраму перажыванню гэтага чалавека, які між тым працягваў з захапленнем:
— А наша гісторыя! Цяпер, канечне… Але ў мінулым, успомніце, яна ведала і бліскучыя моманты. Нават велічныя! Праўда, пад чужымі сцягамі, затое ад мора да мора. На яе гербе была пагоня! Заўважце, не ўцёкі, не паратунак, а пагоня! На ворага — з узнятым мячом!
Веліч Беларусі ад мора да мора, герб з нейкаю там пагоняй… У школе таго не праходзілі, Агееў аб тым нідзе не чытаў і цяпер з некаторым здзіўленнем слухаў поўную захаплення прамову даволі, мабыць, адукаванага госця.
— У гісторыі я не надта, — сказаў Агееў. — А наконт прыроды сапраўды: прырода ў нас прыгожая. Скажам, азёры…
— О, азёры — гэта бажэсцвенная казка! Ангельская сюіта! — зноў загарэліся цемнаватыя вочы госця. — Гэта дзіва дзівос у люстэрку быція!..
— І лясы. Лясы ў нас…
— Дзіва, цудоўнае дзіва! У свеце такога болей няма, паверце мне! — госць даволі адчувальна выцяў сябе ў худыя грудзі.
— Малым я любіў пабегаць па лесе. Ну, калі пасвілі жывёлу…
— У начлезе! — са стогнам падхапіў госць. — Вогнішча, коні, рыба ў возеры пляскае, салаўі пяюць…
— Даруйце, не ведаю вашага прозвішча, — з нечаканай цеплынёй сказаў Агееў, і прышлы, здаецца, схамянуўся ад здзіўлення.
— Ах, я не прадставіўся! Во якое бяспамяцтва. Тожа, заўважце, спецыфічная рыса сціплых беларусінаў. Задумаўся, захваляваўся і забыў. Кавешка маё прозвішча. Даруйце, вы хацелі штосьці сказаць, — далікатна напомніў ён, і Агееў памарудзіў: ён ужо нічога не хацеў сказаць.
— Ды не, я так. Падумаў, што вось вы вярнуліся, ды ў нядобры час.
— Праўда ваша! — з жарам пагадзіўся Кавешка. — Ды што рабіць? Мусіш ахвяраваць. Для бацькаўшчыны ды ў трудны час чым ні ахвяруеш! Праўда, і ахвяраваць не проста: абставіны часам мацней за нас.
— А вы… дзе зараз працуеце? Ці без працы пакуль? — асцярожна запытаўся Агееў.
— Ну, як жа без працы? — здзівіўся Кавешка. — Трэба ж неяк зарабляць на кавалак хлеба. Канечне, у поце ліца свайго. Дарма карміць нікога не будуць. Я ва ў праве служу, — сціпла паведаміў госць.
Успамін аб управе зноў насцярожыў Агеева, які ўжо ўнутрана расслабіўся і хацеў быў думаць, што мае справу з няшчасным чалавекам, які па сваёй віне ці, можа, бязвінна заблудзіўся на дарогах жыцця.
— Вось пагаманіў з добрым чалавекам, і на душы палягчэла, — нездаровы, з запалымі шчокамі твар госця растаў у добрай усмешцы. — Адабраў час, вы ўжо прабачце.
— Ну, не даўгі час, — усміхнуўся Агееў, чакаючы, што Кавешка зараз устане з-за стала. Падобна, той і на самой справе пачаў уставаць, скрыпнуў крэслам, але раптам, сагнаўшы з твару ўсмешку, сказаў:
— Я, ведаеце, яшчэ па адным пытанні… Вы ж Непанятлівы будзеце, так мне сказалі?
— Хто сказаў?
Агееў збянтэжана ўстаў і зноў апусціўся на крэсла, не зводзячы вачэй з гэтага чалавека, які так па-здрадніцку нечакана ашаломіў яго. Той, аднак, паныла ўздыхнуў і развёў рукамі.
— Ды во прыходзіцца. Вы ўжо не здзіўляйцеся…
Але Агееў ужо не здзіўляўся, бо зразумеў, з кім мае справу. І ён маўчаў, імкнучыся ўгадаць, што сапраўды трэба ад яго Кавешку.
— Тут такая справа. Павінен паявіцца адзін мужык з Беразянкі… Вёска такая за шэсць вёрст. Будзе пытацца Бараноўскую, пападдзю, то есць гаспадыню вашу. Дык каб яго затрымаць.
— Як затрымаць?
— Затрымае паліцыя. Ваша справа — прасігналіць. Што рабіць?.. — зноў развёў ён рукамі. — Непрыемна ўсё гэта, я разумею. Але — неабходна. Масы, яны, ведаеце, разбэшчаны бальшавікамі…
— Значыць, прасігналіць?
— Толькі прасігналіць, ага. А то часам знікаюць не злоўленыя. Вось тут днямі бандыт паявіўся і знік. Усіх, ведаеце, хто яго прымаў, немцы таго… Ліквідавалі.
— Што ж, дзякуй, што падказалі, — падумаўшы, сказаў Агееў.
З зусім іншым тварам, без ценю нядаўняга захаплення і ліслівасці, Кавешка ўстаў з крэсла, зашпіліў свой чорны паношаны пінжачок, узяў са стала капялюш.
— Дык, значыць, я буду наведвацца. Надта я вас не патурбую. Толькі па справе. А пакуль — да відзэння.