Крывічанін Лявон
Шрифт:
Сымон з гэтага поваду казаў, што людзі, відаць, яшчэ не галодныя.
— Нідзе яны ня дзенуцца, — кажа, — як у жываце завурчыць, дык і на працу закарціць. Пойдуць. Знаў я аднаго чалавечка, як я пры анатомцы трупаў варыў. Кволы такі, спакойны. Паглядзіць, бывала, як я трупаў у катле мяшаю, дый кажа: «Цяжкая твая праца, Сымон. Я, прыкладам, з голаду памёр-бы, а цяжкой працы не рабіў-бы. Не магу». А як загналі яго, небараку, за Котлас ды ўпрэглі ў пілу, то праз цэлую зіму лес пілаваў. Голад усяго навучыць!
21 ліпеня. Прывезьлі із Сымонам па два вазы дроў. Вартаўнік ля складу ё, але дровы вазіць можна. Вартаўнік навет спрыяе: «Вазі, хлопцы, зіма будзе». Навошта тады варта, калі яна не вартуе. Сымон із гэтага казаў, што ў жыцьці такія праявы часьцяком здараюцца, калі чалавек працуе, але нічога ня робіць.
— Быў і ў нас пры Акадэміі фрухт такі, нейкім прадстаўніком лічыўся. Што ён рабіў — ніхто ня ведаў, але грошы браў нядрэнныя. Агледзеліся праз пяць гадоў, што ён нічога ня робіць, ды навет і пасады такой няма. Але звольніць не маглі, бо ўжо стаж вялікі меў. Так і заставаўся на працы ды нічога не рабіў. Каб Акадэмія не расьцярушылася, то й да гэтае пары працаваў-бы. Так вось і гэты вартаўнік.
22 ліпеня. Пацешныя бываюць людзі. Сустрэў сяньня Ваську Байцова. Толькі што вярнуўся з уцёку. Ну, натуральна, ні хаты, ні ў хаце. Голы, як бізун. Кінуўся туды, кінуўся сюды — пуста: скрозь ужо разьмеркавалі. Як у тэй песьні пяецца: «усё разьмяло магутнай навальніцай».
— Як жыць, — пытаецца, — дзе дастаць спажыву?
— А чаго цябе, — кажу, — нялёгкая насіла да гэтай пары? Ты-ж бы раней прыйшоў, калі спажыва да падноскаў ліпла?
— Уцякаў, - кажа, — прабіваўся да сваіх. Я ўсё-ж патрыёта сваёй радзімы.
Ці ня дзівак? Калі ты такі патрыёта, то ўзяў-бы гармату ды пуляў зь яе, а не ўцякаў. Можа я таксама патрыёта, ды яшчэ мацнейшы за яго, але-ж на ражон ня пру, бо трэба ўмець арыентавацца й за пагодай даць нырца, а як хвалі сыдуць, ды адстаіцца — ізноў выплывай.
23 ліпеня. Сяньня жонка павесіла на куце абраз (здаецца, у музэі дастала), а былых-жа правадыроў хацела спаліць, а я запярэчыў. Паўстаў невялікі канфлікт, але да бойкі не дайшло. Перамог, ведама, я. Правадыроў завалок на гару й там замаскаваў. Хай ляжаць, яны есьці ня просяць, а мо калі й спатрэбяцца. Вось-жа, скажам, маляс — ня ведаў, калі цягаў, а цяпер вунь як прыдаўся!
24 ліпеня. Нешта на мяне Маржя Іванаўна лагодна пазірае. Сустрэліся сёньня, так ветліва размаўляе, руку цісьне: «Заходзьце, — кажа, — калі-небудзь, мне аднэй сумна». Гм… Чаму не зайсьціся? На свайго лейтэнанта, відаць, надзею пакрысе губляе. А кабетка нішто сабе… Правільная… І вага нядрэнная… Наведаю, абы жонка не пранюхала.
25 ліпеня. Цяперашняму сьвету нельга верыць ні на грош. Ну, хоць-бы, скажам, Віцька — свой чалавек, навет прыяцель, а як ашукаў! Прынёс сяньня самагону… пяць пляшак.
— Атрымай, — кажа, — прадукцыю.
— Гэта што, — пытаюся, — усё? Ты-ж абяцаў дваццаць пляшак!
— Аварыя, — кажа, — здарылася, прадукцыя падгарэла.
— Дзівіцеся! Мой самагон падгарэў, а ён ледзь на нагах трымаецца!
— Дзе-ж, — крычу, — справядлівасьць? Гэта-ж ашуканства!
— Ніякае не ашуканства, — кажа, — а стыхійнае няшчасьце… мабыць, дроў перадаў.
Вось і вер людзям пасьля гэткага!
26 ліпеня. Рыгор шукае працы. «Нешта, — кажа, — марудна будаўніцтва йдзе». Раіўся са мной і з Сымонам, куды лепш падацца: па разьмеркаваньню пайсьці або ў жыльлёвы аддзел. Я раіў у жыльлёвы аддзел. «Усё-ж, — кажу, — справы жыльлёвыя бліжэй да будаўніцтва: там юшку выдзярэш, там цьвікоў намацаеш, а там і ручку ад дзьвярэй выкруціш». Але Сымон іншай думкі.
— Усё гэта, — кажа, — драбніца. Вось паслухайце, што я скажу. Як працаваў я ў трэсьце, быў там адзін замусола. Агентам лічыўся. Чалавек зусім нікудышны. Ледзь ногі цягаў. Нарэшце кідае ён усё ды йдзе ў будку ваду прадаваць. І што-б вы думалі? Не пацадзіў ён і паўгода гэтай вады з сыропам, як ужо трэці дом на Лагойскім тракце паставіў. Ды які! На дванаццаць тысячаў. Вось табе й сыроп! У гэтай працы — гандлёвай — магнэса такая ёсьць: ты грошы хоць адпіхай ад сябе, а яны ўсё-ж да цябе плывуць.
Апошні довад даканаў Рыгора. Мабыць, пойдзе па разьмеркаваньню.
27 ліпеня. Сяньня чыталі газэту. Цікава было. Сабраліся мы гэта усёй вуліцайь прыдыбаў і прафэсар, Наязноў Васіль Мікалаевіч. Ну, цешымся мы: паслухаем, што на сьвеце дзеецца. Я вазьмі ды падсунь газэціну прафэсару:
— Прачытайце, — прашу, — калі ласка, Вы, паважаны прафэсару. Вы ўсё-ж больш пісьменны за ўсіх нас.
Усадзіў гэта ён на нос акуляры, нацэліўся на газэціну й толькі прачытаў «Менская газэта», як аж пазелянеў: