Крывічанін Лявон
Шрифт:
Што будзеш рабіць? Мы, ведама, склалі гэтую складчыну, па рублі, па другім, адзін месяц, другі. А калі ўжо ў скарбонцы грошы троха наскрэблася, мы й шуганулі па дапамогу: хто на дзіцё просіць, хто на хворую жонку, што здаровая, як сьвежы сыр, а хто на цешчу вымагае, якую хаваць трэба, а яна тымчасам паміраць ня хоча. Зразумела, кажны браў матыву самую далікатную й важкую. Толькі гэта мы да касы, ажна — тпру, грошай няма. Дзе, пытаемся, нашыя рублі? А той член, што скарбонку гэтую трымаў (ні то прафсаюзны, ні то парцейны, цяпер ня памятаю), такі быў хвацкі — зь пяску мог вяроўку зьвіць ды ёю-ж цябе й задушыць. Дык вось ён і кажа:
— Грошы няма й ня будзе. Я іх усіх рашыў дашчэнту.
І што-ж вы думаеце? Колькі яго ні прасілі, колькі ні саромелі, навет пагражалі, нічога.
— Што ў мяне, — крычыць, — варштат, каб грошы рабіць? Няма, дый годзе. Адкасьніцеся!
Так і адкаснуліся. І скончылася нашая ўзаемадапамога — сабедапамогай. Так вось будзе й тут. Бо хто, прыкладам, аднясе малочнаму заводу, скажам, бідон, калі чалавек ужо ў бідон алею нацадзіў ці шпэку націскаў? Ніхто не панясе. Я народ ведаю.
Із Сымонам нельга не згадзіцца.
6 жніўня. Бачыў нейкі дзіўны сон. Нібы я ў Маскве. Толькі, здаецца, скончыўся налёт, а я чамусьці ў ювэлірнай краме стаю. І вось, быццам кладу я гэта ўва ўсе кішэні гадзіньнікі, пярсьцёнкі, ды ўсё залатыя, з дыямэнтамі. Золата й яшчэ золата. Толькі гэта я набраў поўныя кішэні й наважыў выйсьці, як пачуў нейкі гул, нібы гром. Я ў дзьверы, а перад самай крамай вялічэзны натоўп. Сьцягі навокал, музыка, тысячы людзей. Я ўжо быў нацэліўся пад прылавак сігануць, ажна чую, мяне нехта бярэць пад рукі й выводзіць з крамы. Напалохаўся я страшэнна, ажна нядобрае зрабілася (пра гэта я пазьней даведаўся, як прачнуўся). І вось з натоўпу выходзяць трое, набліжаюцца да мяне, схіляюцца нізка-нізка дый кажуць:
— Ты, Іван Іванавіч — цар Чужанінаў. Садзіся, цару, у Крамлі, кіруй намі, кіруй заместа Сталіна! Просім цябе. Просім! Ура! Аркестра! Музыкі, грай камарынскую!
Толькі гэта я расчыніў рот, каб згадзіцца, ажна раптам нешта як грымне! Я прачнуўся (відаць, жонка няўдала павярнулася). Расказаў пра гэты сон Рыгору й Сымону. Рыгор кажа, гэты сон глупства.
— Каб ты, — кажа, — ня золата бачыў, а наадварот, то гэта было-б к прыбытку, а так — дрэнь.
Сымон, наадварот, даводзіць, што сон нешта значыць:
— Што, — кажа, — азначае — добрае ці дрэннае — ня ведаю, але нешта азначае.
Ці не схадзіць толькі да варажбіткі? Надта ўжо дзіўны сон. Раіўся пра гэта з тым прафэсарам, што падлічваў, колькі вайна каштуе. Але гэты дзівак сказаў, што хоць навука разьвязала ўжо ўсе пытаньні, але, што такое сон, яшчэ ня ведае, а таму ён і ня можа параіць, ісьці да варажбіткі ці не. Давядзецца, мабыць, схадзіць.
7 жніўня. Рыгор нечакана зрабіў выбрык. Не пайшоў ні па разьмеркаваньні, ні па жыльлёвых справах, а падаўся на нейкі склад. Там ён нешта прыймае й штосьці выдае. Праца, відаць, плённая, бо дом пачаў расьці, як грыб пасьля дажджу. Хутка будзем спраўляць улазіны. Сымон з гэтага поваду жартуе, што тэмпы ў Рыгоравым прыватным будаўніцтве лепшыя за бальшавіцкія стаханаўскія.
— Відаць, — кажа ён, — што Рыгор на гэтым складзе больш прыймае, чымся выдае, бо, відавочна, намнажаюцца нейкія рэшткі, што ня месьцяцца на складзе.
Рыгору гэтыя жарты не падабаюцца, а жонка Рыгорава, дык тая проста казала, што Сымон зайздросьціць. Так, відаць, Рыгору можна пазайздросьціць, калі чалавек ня будзе дурным ды не прасыпецца.
8 жніўня. Варажбітка наваражыла Апанасу, што сьвіньню ўкраў свой блізкі. Дзюрка цяпер ходзіць па ўсіх суседзях ды ўсё прынюхваецца, ці не пахне адкуль сьвежанінай. Дзівак! Ведама, што ўкраў свой, але хіба-ж ён дурны, каб табе сьвежанінным пахам у нос пушчаць? Ён, браток, на Пярэсьпе зварыць, а на Камароўцы зьесьць. Злаві тады пах, калі ты такі майстра. Але, што казаць? Дзюрка й ёсьць дзюрка.
9 жніўня. Маржі Іванаўне занёс паўкілі цукру й пляшку алею. Трохі паморшчылася, але ўзяла. Расказала пра тры ведамыя ёй выпадкі, што мужы пакінулі сваіх жонак і перабраліся з усім сваім скарбам да другіх.
Ці не пад мяне яна паджяжджае? Калі так, то гэта, даражэнькая, дарэмныя турботы. Мая Ніна Паўлаўна да гэткае катастрофы не дапусьціць, каб аддаць сваё дабро перавалачы ў чужую хатуь яна дабра з-пад сябе ня выпусьціць, хоць з гарматы страляй. Ды й мне такая камбінацыя не да густу. Я мяркую на два франты дзеяць, па ўсіх лініях…
10 жніўня. Байцоў прынёс швэйную машынку. Частаваліся. Ён хоць і хваліўся, што ўсякія мадэры мае, а тымчасам малясоўку смактаў ня горш за Яську. Выцадзілі два літры. Ён ужо ледзь пальцамі варушыў, а ўсё яшчэ ківаў на пляшку:
— Нацадзі яшчэ… па малой…
Добра, што жонка скеміла вады ў пляшку наліць, інакш, ня ведаю, чым бы гэта частаваньне скончылася.
11 жніўня. Здарылася канфузьлівая рэч. Учора пайшоў праводзіць Байцова (у яго ўжо ногі не цыркулявалі) ды па дарозе назад трапіў нейкім парадкам не да хаты, а да Маржі Іванаўны. Прачнуўся сёньня не ў сваёй хаце ды лыпаю вачыма, як дурны: дзе-ж гэта я? Чую, за пераборкай голас Маржі Іванаўны — із прыяцелькай сакочуць. Відаць, знарок паклікала — на сьведку. Ну й бабы! Да чаго-ж шкоднае стварэньне! Хацеў гэта я, затоіўшыся, ляжаць хоць да вечараь можа, пашэнціць, думаю, цішком высьлізнуць праз вакно, аж не — не дала, сьцерва.