Крывічанін Лявон
Шрифт:
— Заставайся тут са мною, тут сягоньня будзе першая палітычная нелегальная нарада. Трэба разгледзець сытуацыю, якая да гэтага часу была, і што маем далей рабіць.
І вот я ў яго застаўся, ён канчаў сваю работу. Ягоная канцылярыя была даволі вялікая. Пачалі зьбірацца людзі на нараду. Прыйшоў Усевалад Родзька, які й быў ініцыятарам гэтае нарады, тады падышлі Савёнак, Алесь Матусэвіч, Сінькевіч, Гуцька. Словам, было там чалавек, можа, з дваццаць. Тумаша ня было. Але Тумаш аб гэтай нарадзе ведаў, таму што, калі нарада скончылася, ня помню хто, сказаў:
— Цяпер, хлопцы, ідзём да Тумаша на абед. Вы ўсе запрошаныя.
Ну вось, там я пазнаёміўся з Савёнкам. Як ён выглядаў? Моцна сіваваты, меў доўгія валасы, такія характэрныя, як казалі, даўней эсэры насілі. Такі бадзёры, вельмі бадзёры.
Аб гэтай нарадзе я ўжо многа разоў гаварыў. Нарада была ў справе разгляду сытуацыі. Ужо ішлі нямецкія пагромы. І мы прынялі некалькі пастаноў: беларусізацыю устаноў гораду, школьніцтва, тэатру, адміністрацыі, цэркваў. І галоўнае было пастаноўленьне — арганізаваць Беларускую Незалежніцкую Партыю. Так што гэтая нарада й была пачаткам Беларускай Незалежніцкай Партыі, тыя людзі яшчэ далей праводзілі такія апытаньні, і першы сход яе адбыўся ў канцы 1942 году ў памяшканьні Саковіча. Саковіч быў начальнікам паліцыі, але ў гэтым самым руху Беларускай Незалежніцкай Партыі быў ад самага пачатку й зьяўляўся адным зь ініцыятараў. Таксама, як Вітушка і Касмовіч.
Пасьля мы пайшлі да Тумаша на абед. Тумаш, ягоны заступнік Вітушка й начальнік тады паліцыі Касмовіч жылі ў адным вельмі цікавым доме быўшага генэрала Паўлава, камандуючага Беларускай ваеннай акругі, якога потым бальшавікі расстралялі за нядбаласьць: ён не дагледзеў напад немцаў на Савецкі Саюз. Быў расстраляны ён і ягоныя заступнікі, па-мойму, цэлы штаб.
Жылі яны ў гэтым доме, які вельмі добра ахоўваўся. Гэтая вуліца паралельная да галоўнай, ці цяперашняга прасьпекту Скарыны. Па-мойму, Кірава яна была. Гэты дом яны занялі таму, што ён вельмі добра ахоўваўся. Яны жылі на першым паверсе. Ды й сам дом, здаецца, быў аднапавярховы мураваны з моцнымі сталёвымі акяніцамі, што закрывалі вокны.
Вось пры абедзе я там найбліжэй пазнаў Савёнка. Пры абедзе нас было чалавек таксама, можа, дваццаць. Стаяў доўгі стол, і там Савёнак дэманстраваў гэтую кнігу, вынесеную з КГБ, тады НКВД, кнігу абвінавачваньняў, ці прысудаў Беларускаму Нацыянальнаму Цэнтру. Зьвярніце ўвагу, вельмі многа ёсьць памылак, што да гэтай кнігі, яе інакш называюць і розна гавораць, дзе яна падзелася. Артыкул Савёнка — найлепшы артыкул пра Беларускі Нацыянальны Цэнтар. І пра гэтую кнігу ён там успамінае. У кнізе гэтай сьпіс усіх, ці, можа, калі ня ўсіх, то бальшыні пакараных тады ў Менску дзеячаў Беларускага Нацыянальнага Цэнтру.
У асноўным гэта былі дзеячы Заходняй Беларусі: Рак-Міхайлоўскі, Мятла, Валынец, Дварчанін, Кахановіч і іншыя. Пасьля былі далучаныя й усходнебеларускія дзеячы. Дарэчы, Савёнак быў у ліку тых дзеячаў (іх было нямнога, некалькі чалавек, па-мойму, магчыма на пальцах адной рукі палічыць), што ня прызналіся да віны. А там усе прызналіся, хаця такога Беларускага Нацыянальнага Цэнтру ня было. Была гэта выдумка Масквы. Чарговая, як і той у часы нацдэмаўшчыны, у 1930 годзе, Саюз Вызваленьня Беларусі.
На абедзе гаворкі былі, у асноўным, пра палітыку. І Савёнак найбольш актыўны тады быў, расказваў пра гэты Беларускі Нацыянальны Цэнтр, пра гэтую кнігу, дэманстраваў яе. Гэта быў такі машынапіс, прыблізна фармату канцылярыйнай паперы й добра зложаны й добра апраўлены. КГБ, ці НКВД, стараліся трымаць архівы ў парадку.
Гаворак пра літаратуру было многа. Савёнак заўсёды вясёла расказваў свае фэльетоны. Ён быў адным з тых вязьняў, што цяжка сядзеў, таму што з гэтых сасланцаў усякія былі людзі, якіх пасьля турмы ссылалі на пасяленьне. Вось так, як Адамовіч, напрыклад. Праўда, ён ня з гэтага працэсу, а з 1930 году — працэсу Саюзу Вызваленьня Беларусі. Але ён быў сасланы й там, недалёка Вяткі, здаецца, у Мардовіі ці Ўдмурдзіі сядзеў сабе — быў настаўнікам. І Кіпелі там недалёка былі, і Ул. Жылка.
А Савёнак — Савёнак быў у лягерох! Спачатку ён, здаецца, быў у Комі на лясных работах, яго перавезьлі, ня знаю куды. У кожным разе, яго перавезьлі ў такое месца, дзе ім было значна лепей. Ён казаў, што там ім давалі зацірку, жытнюю зацірку, і яны ад той заціркі пасьля такога голаду, які раней мелі, паразьядаліся, казаў, о-о-о!
У «Менскай газэце» Савёнак быў адным з супрацоўнікаў. Калі хто хоча ведаць яшчэ аб тых часох, газэце, то там фактычна гэтая група — Адамовіч, Савёнак, у меншай меры Арсеньнева — вызначала палітычны кірунак газэты. Вось калі трэба было пра нешта даведацца, ішлі ў газэту.
Набліжаліся Дзяды. Я за час, што жыў у Менску, аблазіў усе могілкі. Знайшоў і магілу Сьцяпана Булата. Потым гэтыя могілкі разбурылі. А цэркаўка там і цяпер стаіць. Маленькая.
На Вайсковых могілках пахаваны Эдуард Самуйлёнак. Ягоная магіла недалёка ад царквы. І яшчэ адна магіла была — ці не Чарвякова? На гэтых магілах ня было ніякіх знакаў. У мяне ўзьнікла думка паставіць крыжы на гэтыя магілы. Але-ж то ўсё былі камуністы. Савёнак кажа:
— Няважна, што камуністы. Па-першае, гэта хрышчоныя людзіь а па-другое, — беларускія патрыёты. У тых умовах, у якіх яны жылі, яны, магчыма, не маглі інакш сябе паказаць. Так што стаў крыжы.