Крывічанін Лявон
Шрифт:
Вось толькі жанр Савёнка мае адну, але адметную асаблівасьць, дзякуючы якой і здабыў ён нянавісьць самой Сыстэмы: прайграе герой — выйграе чытач. Бо, як завяршае Лявон Савёнак «Дзёньнік Чужанінава», «трэба глядзець у корань».
Беларусізацыя працягваецца.
Лявон Юрэвіч
Чароўная іголка
Калі паўнапраўны грамадзянін вёскі Гнойнае Адам Бабіч ішоў у сераду раніцой з гумна, дзе складаў акалот, к двору, то быў нямала зьдзіўлены. На страсе яго ўласнае хаты стаяла некалькі вяскоўцаў і моўчкі па цаглінцы разьбіралі яго комін.
І што больш усяго было незразумелым і дзіўным для Бабіча: грамадзяне ня толькі не раскідалі цэглы, а наадварот, нават дробныя кавалачкі гліны й пылу з сажай акуратна зграбалі ў торбачкі, зносілі ўніз і рассыпалі на разасланую на сьнезе посьцілку. Некалькі вясковых панятых, пад непасрэдным наглядам члена сельсавету А. Жураўскага, поўзалі па посьцілцы й чагось пароліся ў шуме.
Тут-жа стаяў і ўважліва сачыў за працай Пятро Жураўскі, найзласьнейшы вораг Адама Бабіча, зь якім ён судзіцца за дарогу вось ужо два гады.
«Што за трасца, — разважаў Бабіч, — шукаюць нечага ў коміне… Зваржяцелі, ці што?».
І неяк троху баючыся, ён падышоў да хаты..
— Па якому праву? — зьвярнуўся ён да члена сельсавету.
Жураўскі павярнуў да яго запылены сажай твар.
— Па якому такому, пытаюся, праву разьбіваеце мне комін?
— Улада ведае, што робіць.
— Улада? Дурань ты, а ня ўлада. Ці-ж улада коміны разьбівае?
— А вось за гэтыя словы я пратакол састаўлю, за зьнявагу ўрадавай асобы пры выкананьні службовых абавязкаў. Ёсьць такі пункт.
— Састаўляй, а ўсё роўна жаліцца буду.
— Жаліцца? Вось мы табе пакажам жаліцца, як знойдзем нешта, тады пазнаеш, як супраць улады выступаць, наш пралетарскі суд падводзіць.
Бабіч вылаяўся і адышоў убок. Больш ён у справу не мяшаўся.
А тым часам комін разабралі да страхі й пралезьлі на гару.
Гнайчане, якія к гэтаму часу, бадай, ужо ўсёй вёскай сабраліся ля бабічавай хаты, горача дыскутавалі на тэму аб разбурваньні коміну. Сапраўднай прычыны ніхто ня ведаў, і таму дыскусія мела самы разнастайны характар і часамі прымала даволі фантастычны ўхіл.
— Золата, — казалі адны, — замураваў у коміне, а нехта даказаў, каб узяць у банк.
— Ды ня золата, — папраўлялі другія, а нейкія дужа ўжо дарагія паперы…
Знайшліся й такія, што ўжо нешта «чулі» й нешта «бачылі». Суседка Агата, якая вось ужо тры гады ня можа забыцца, што Бабічавы дзеці падбілі ёй курчанё, з поваду чаго яна ўсе гэтыя тры гады дзень у дзень калоціцца з Адаміхай, у гуртку баб клялася:
— Далібог-жа, як ня хлушу… Выйшла я гэта ўначы на двор, за патрэбай, значыцца, аж чую — нейкі грукат над Адамавай хатай. Я ўверх, значыцца, зірк, гляджу, аж нешта чырвонае з коміну як шасьне, ды ўверх, ды ўверх. Я ўскочыла, перажагналася тры разы, а яно й зьнікла. Далібог…
У другім гуртку сівы дзед апавядаў, як у яго, дзеда, таксама нешта ў коміне вурчэла, і як прыяжджаў поп сьвяньціць комін:
— Поп, — кажа, — сьвеньціць, а яно вурчыць, поп сьвеньціць, а яно ўсё вурчыць. Так і ня даў рады. А як разьбілі комін ды злажылі новы, дык і вурчэць перастала.
Гутаркі было шмат, варажылі па-рознаму, але ніхто дакладна ня мог сказаць, што такое «завурчэла» ў коміне Адама, каб аж улада ўзялася за гэтую справу.
Калі ўжо комін быў разбураны амаль увесь, да грамады падышоў самы разумны ў вёсцы чалавек, «вучоны», як яго звалі вясковыя.
Вядома, тут усе да яго:
— Чаму гэта такое? Ты-ж мусіш ведаць…
— А вы ня ведаеце? — зьдзівіўся вясковы «вучоны».
— Не, — адказваюць, — людзі рознае варожаць, але…
— Варожаць? — тут не варажба, а факт. Усім гэта будзе.
— Як гэта ўсім? — зьдзівіліся людзі. — Завошта?
— Ды не завошта, а для вашай-жа карысьці, дурні… Печы электрычныя ставіць будуць.
— Электрычныя печы?
— Ну, але… а комін там рэч зусім лішняя, вось і разьбіраюць.
— Ай, божачка, — загаласілі бабы, — што-ж гэта будзе, пагінем… Як-жа паранку будзем варыць?
— Паранку! Эх, някультурнасьць… Вунь у Амэрыцы на гэткіх печах ня тое, што паранку, кавы розныя вараць, а яны — паранку! Эх!..
«Вучоны» са смакам плюнуў на вясковую някультурнасьць і пайшоў да начальства.
Грамада прыціхла, чакаючы чагось страшнага, невядомага, што можа перакуліць дагары нагамі ўсё іх жыцьцё.
Тым часам комін ужо разабралі, панятыя з членам сельсавету на чале яшчэ раз апоўзалі посьцілку з шумай і, запыленыя, запэцканыя сажай, падняліся на ногі.
— Няма? — зьдзівіўся П. Жураўскі.