Крывічанін Лявон
Шрифт:
— Як бачыш, — адказаў яму А. Жураўскі. І абодва сябры няпрыкметна адышлі ад хаты, загадаўшы панятым разыходзіцца.
Грамада-ж не разыходзілася. Чакалі, за кім зараз будзе чарга на ўстаноўку электрычнай печы, якой нават і коміну ня трэба. Але начальства, нічога не гаворачы, ціха папаўзло дахаты.
Гнайчане так і не даведаліся, ці будуць электрычныя печы ва ўсёй вёсцы, ці толькі ў Адама. Усе разыходзіліся незадаволеныя.
Так цягнулася дзень і два, і тыдзень. Аб электрычных печах ніхто нічога не даведаўся, нават і «вучоны» штось замоўк.
Настрой вёскі быў паганы. Невядома ў што-б ён выліўся, каб на бліжэйшую нядзелю не заклікалі ў раён Адама Бабіча, Пятруся Жураўскага й яшчэ некалькіх грамадзян.
У раёне ўсё й выявілася.
— Чаму гэта вы раскінулі Бабічу комін? — запыталі ў раёне А. Жураўскага.
— Шукалі, - кажа.
— Чаго шукалі?
– Іголкі…
– Іголкі? Якой іголкі?
— Ды так, іголкі, - нехаця адказваў А. Жураўскі. — Ды гэта вось ён ведае.
— Ну, дык якой іголкі вы шукалі, - зьвярнуліся да П. Жураўскага.
— Чароўнай іголкі, - кажа.
— ??
— Ну, дык я ўжо вам усё па парадку. Судзіліся мы, значыць, з Бабічам, як і вам вядома, ужо два гады за дарогу. Ну, у раёне мне адмовілі, у акрузе таксама. Я сабе й думаю: чаму гэта так. Няйначай, тут нешта ё, падроблена, значыць. Ну, я да Лельчыцкай варажбіткі. Так і так, кажу.
Ну, яна й кажа: іголка ў яго ў коміне замуравана, вось чаму табе зь ім судзіцца цяжкаь вынь іголку — і суд будзе на тваім баку. Ну, а як вымеш іголку з чужога коміну? Я да члена сельсавету, каб па закону, значыцца. А член сельсавету й кажа: мы, як улада, возьмем панятых і выймем іголку, а тады ў суд на яго — няхай не падводзіць. Так і зрабілі.
— Так і было? — пытаюцца ў прадстаўніка нізавой улады, члена сельсавету А. Жураўскага.
— Ды яно-ж, мусіць, так.
— Як-жа гэта ты, таварыш, паверыў забабонам? Эх, братка, а яшчэ й кандыдат у партыю… эх-хо-хо!
На гэтым і скончылася. Вёска Гнойнае супакоілася, што болей ня будуць кратаць іх комінаў.
А больш усяго радаваліся кабеты.
— Падумаеш, — казалі яны, — амараканцы знайшліся, электрычныя печы ставіць будуць. А як-жа паранку худобе варыць? Параўняліся зь кім, з амараканцамі. Яны нам не раўня.
Бадай і праўду кажуць гнайчанскія кабеты, што амэрыканцы нам не раўня. Як вы думаеце, таварышы?
Васеньнія настроі. Зь дзёньніка «любителей покушать»
1917 год. На дварэ гразка, сыра, няпрыветна — нудна на дварэ. Нудна й у хаце. І есьці ня хочацца… кусок папярок горла становіцца.
І прырода супраць нас. Восень, а тут раптам — навальніца, гром, маланка, зямлю страсанула, і закруціла завіруха. Куды тут есьці будзеш. Выпіў-бы ды… Эх, лепш пачакаць, бо…
Дзе гэта калі хто бачыў? Ды нічога з гэтага ня будзе.
1918 год. Восень. Вой, есьці хочацца, а працаваць ня хочацца: у сабатаж запісаўся. Панясу штаны на рынак. Эх, выпіць! «Где ты, времечко?». Ну, ды нічога, бо…
Дзе гэта калі хто бачыў? Ды нічога з гэтага ня…
1919 год. Восень. «Ну и времена». Прадаў пінжак з бліскучымі гузікамі, а купіў тры фунты хлеба ды кусок цукру-рафінаду ў прыдачу. Трэба шукаць працу, пакуль што якое… Бо ўсё роўна…
Дзе гэта калі хто бачыў? Ды нічога з гэтага…
1920 год. Восень. Сыра, гразка. Вязу грамафон у вёску, памяняю на хлеб… Эх, ты, яблычка — ды краснабокае… Цьфу! Ну й што гэта за жыцьцё, ну й што гэта за праца?
Дзе гэта калі хто бачыў? Ды нічога…
1921 год. Восень. Холадна ў шынялі, а бацінкі арараўскія, трасца ім у бок, ня любяць нашага клімату. Грэюся ў сталоўцы. Разам з камісарам ем зацірку, гавару аб сусьветнай рэвалюцыі, і ўсё роўна есьці хочацца… Не, так далей нічога ня будзе. Займаю восем пасадаў, трэба яшчэ пару дастаць. Бо ўсё роўна…
Дзе гэта калі хто бачыў?
1922 год. Восень. Сыра, ды ня холадна. Новы вецер павеяў, трошкі мякчэйшы. Я нясу на рынак мяшок грошы, куплю хлеба, а можа й на фунт сала хопіць.
А ўсё-ж ткі цяжка: мяшок карак цісьне, хоць і мяккія грошы.
Дзе гэта калі хто?
1923 год. Восень. Холадна, але ня мне. Я сабе купіў новае паліто. Кажуць, нейкае сьвята йдзе, трэба есьці купіць хоць на чырвончык. Эх, выпіць-бы…
Дзе гэта калі?
1924 год. Восень. Сыра, а мне й мора па калені. І жывот у мяне — во! Дай бог кожнаму..