Алексиевич Светлана Александровна
Шрифт:
«Самагубства, як з'ява індывідуальная, — пісаў у эсэ «Пра самагубства», выдадзеным у 1931 годзе ў Парыжы, М. Бярдзяеў, — існавала ва ўсе часы, але калі-нікалі яно рабілася з'явай сацыяльнай». Дададзім — палітычнай. Гэта і быў прадмет майго даследавання — людзі ідэі, што выраслі ў гэтым паветры, у гэтай культуры і не вынеслі яе крушэння, яе катастрофы.
На вачах тых, хто яго даводзіў да ладу і засяляў, знікае гіганцкі сацыялістычны мацярык. Застаюцца мёртвыя, застылыя кратэры, бесцялесны попел ахаладзелых страсцей і прымхаў. Усё гэта ўклалася ў адно чалавечае жыццё. І той, прыхаваны смугой шлях не проста пяцьдзесят-семдзесят гадоў, а чыясьці маладосць і «ўсцелены таварышамі бераг». Яны засталіся там: хто на грамадзянскай у 22-ім, хто ў ГУЛАГу — у 37-ым, хто пад Смаленскам — у 41-ым…
Ідэям не бывае балюча. Шкада людзей.
Але мы занадта спляліся, злучыліся са сваімі міфамі. Так злітна, што не ададраць.
Калі міфы чаго-небудзь баяцца, дык толькі не часу. Час уздзейнічае на іх, як вада на цэмент, ён надае ім нават нейкі гістарычны водар, самыя жахлівыя з іх робіць прывабнымі. Міфы баяцца аднаго — жывых чалавечых галасоў. Сведчанняў. Нават самых нясмелых…
Калі цяпер не хопіць мужнасці іх выслухаць, дык хоць бы збяром у запаснікі. Каб не знікла, не выпала з гісторыі наша звяно…
Бо мы, людзі з сацыялізму, падобныя і непадобныя на ўсіх астатніх. У нас свая мова, свае ўяўленні пра дабро і зло, пра грахі і пра пакутнікаў. Мы падобныя і непадобныя на людзей наогул, якраз гэтак жа, як чалавек, выпушчаны з турмы, што праседзеў там шмат гадоў, падобны і непадобны на астатніх у натоўпе. У турме ў яго быў ложак, заўсёды быў абед, няхай ячная каша з кількай, але абед быў, і станок, і дэталі, якія ён выточваў, ці дошкі і сталярны рыштунак. Ён ведаў, што ў належны час яму выдадуць новую куфайку, новую шапку, новую сарочку і новыя трусы. Прынясуць зубную шчотку, лыжку, відэлец… Усё да самых інтымных дробязей, да абсурду ўсё было прадумана, адладжана без ягонага ўдзелу. А на волі трэба думаць і адказваць за ўсё самому. Няўтульна. Збянтэжана. Гэты стан Э. Фром вызначыў як «уцёкі ад волі».
Мне здаецца, што я ведаю гэтага чалавека, ён мне добра знаёмы, я разам з ім жыву, бок у бок. У тых жа дамах, чэргах, на канцэртах. Ён — гэта я. Мы разам. Мы ўсе — сведкі. Сведкі і ўдзельнікі, каты і ахвяры ў адным абліччы — на руінах таго, што яшчэ нядаўна лічылася гіганцкай сацыялістычнай імперыяй, называлася сацыялізмам, сацыялістычным выбарам. І гэта яшчэ было проста жыццём, якім мы жылі. Гэта яшчэ было і нашым часам. І будзем шчырымі. Паспрабуем. Хоць і даецца нам цяжэй за ўсё. Мы хочам цяпер выдаваць ці лепшымі, чым мы ёсць, ці горшымі, чым мы ёсць сапраўды. Мы баімся быць самімі сабой. Ці не ўмеем, нам чамусьці то боязна, то сорамна, то няёмка. Кожны крычыць пра сваё, і ніхто не чуе адзін аднаго. Нават мінулае мы не прызнаём недатыкальнай, нязменнай рэальнасцю. Замахваемся і на яго. То нам здаецца, што нас падманула будучыня, то нам здаецца, што нас падманула мінулае. Страцілі і ніяк сябе не знойдзем, наіўна шукаем у поцемках гісторыі.
І трэба прызнаць, хоць боязна, што закрэсліваюцца вераванні некалькіх пакаленняў, што доўга, занадта доўга намі валодала ідэя, якую інакш, чым танаталогіяй, навукай пра смерць, не назавеш. Нас вучылі паміраць. Мы добра навучыліся паміраць. Куды лепш, чым жыць. І развучыліся адрозніваць вайну ад міру, быт ад быцця, жыццё ад смерці. Боль ад крыку. Волю ад рабства.
Гэта словы, а словы сёння бяссільныя. Хай гавораць лёсы…
Я безнадзейна ўлюбёная ў рэальнасць. Але гэта самае жахлівае — сабрацца з духам і кінуцца ў бездань бясконцых пакут іншага чалавека. Я не паспяваю накідваць партрэты. Занадта хутка яны мяняюцца, занадта рухомыя і няўстойлівыя рысы нашай новай гісторыі. Я раблю звычайныя здымкі. Імгненныя здымкі. І заўсёды памятаю, што ў адной фатаграфіі адлюстроўваецца ўсяго толькі адна сотая секунды. Спяшаюся. Але ўсё-такі спадзяюся, што гэта не толькі фатаграфіі і дакумент, але і вобраз майго часу, якім я яго бачу.
Вы не задумваліся, чаму гэтак хвалююць звычайныя сямейныя альбомы? Яны цнатліва простыя і бессмяротныя. Напэўна, саграшу, але ўсё-такі асмелюся: мастацтва мне нагадвае, сведчыць пра Бога, а сямейныя альбомы распавядаюць пра маленькае бясконцае чалавечае жыццё… Зірнуць бы цяпер на звычайную фатаграфію звычайнай дзяўчынкі, напрыклад, старажытнай Грэцыі ці Рыма… Вось яна — з бабуляй… Альбо — вось яна — нявеста… Аб чым і якімі словамі прызнаваліся ёй у каханні? Аб чым шчабятала з сяброўкамі? Уваскрэс бы час. Жывы час, калі простае робіцца вялікім.
І чым больш слухаю і занатоўваю, тым больш пераконваюся, што мастацтва пра многае ў чалавеку і не здагадваецца. Не ўсё выказваюць словы, не ўсё могуць фарбы, не ўсё дадзена гукам, не ўсё прыхавана ў малітвах…
Дзеля чагосьці ж кожнаму з нас дадзена сваё жыццё. І свой шлях.
Адыходзіць час… Час вялікіх падманаў… Паслухаем яго сведкаў. Сумленных сведкаў. Прадузятых. Яны забівалі сябе, каб жылі здані…
Д'яблу трэба паказваць люстэрка. Каб ён не думаў, што невідочны.
Вось і адказ на пытанне: навошта гэтая кніга. Прычына — у зданях. Калі мы не адкінем іх, яны даканаюць нас…
Гісторыя з абмоткамі, чырвонымі зорачкамі і чацвёртым сном Веры Паўлаўны. Васіль Пятровіч Н. — сябра Камуністычнай партыі з 1920 года, 87 гадоў
— Я падумаў: добры дзянёк, каб памерці. Чыста. Сняжок. Нехта пачне ўсё з самага пачатку. Жыццё — тэатр, у кожнага — свая роля. Мой тэатр закрыўся. Людзі, якія былі калісьці маімі сябрамі, з якімі ў мяне была адна памяць, адзін час, ужо апынуліся ва ўспамінах, у тумане; я не магу адрозніць, дзе яны, а дзе сон. Дзе начное трызненне. Адна пара канчаецца, пачынаецца іншая. Мне амаль дзевяноста. Я страшэнна стары. Агарнуў бы старэчы маразм, гэта — паратунак. Робішся вольным, як дзіця, няма памяці ні аб чым… Не, усё бачу выразна, як на світанні…