Вход/Регистрация
Зачараваныя смерцю
вернуться

Алексиевич Светлана Александровна

Шрифт:

Нясцерпна баляць суставы… Але боль памагае, ён прымірае са смерцю, бо робіць цябе абыякавым. Застаецца адно жаданне: хутчэй бы ўсё скончылася, найперш пасля бяссоння, пасля пакутлівага і неадступнага катавання бяссоннем…

Я спрабаваў скончыць… Сам… Рамень на шыю… Завязваеш, як гальштук… Праўда, я ўжо даўно не насіў гальштука. Навошта ён мне дома, на кухні. Сярод людзей я бываю зрэдку, а зараз дык і ахвоты зусім няма, я нікога не ведаю ні ў сваім доме, ні на сваёй вуліцы. Апошні мой знаёмец з суседняга пад'езда памёр гадоў пяць назад. Я страціў столькіх блізкіх, што ў мяне там іх больш, чым тут. Гляджу на вуліцу, на жыццё праз акно, назіраю. У мяне — трэці паверх, нават твары магу разгледзець, прычоскі. Што я заўважыў: жанчыны зноў пачалі насіць доўгія валасы і скуранкі. Жанчын з доўгімі валасамі я спатыкаў толькі ў маленстве і ў кіно. Мая першая і мая другая жонкі насілі кароткія стрыжкі, тады ўсе насілі кароткія стрыжкі. Іх ужо даўно няма. Дзе яны? Але, пад старасць я зрабіўся ненадзейным атэістам. Я хацеў… Тады мне не далі памерці… Расплюшчыў вочы і ўцяміў, што зноўку жыву, мая грудная клетка падымалася, як сапсаваная помпа, але я дыхаў. Ля мяне стаялі дактары. Што яны могуць сказаць чалавеку, калі вяртаюць яго адтуль? Нібыта яны ведаюць, адкуль яны яго вяртаюць. Яны могуць паставіць кропельніцу, намацаць пульс. І ты чуеш, як у цябе ўліваецца жыццё, тады, калі ты хочаш памерці. Але я жывы толькі сярод мёртвых… Сярод жывых у мяне дзіўнае адчуванне, нібыта я ўжо не з імі, а пазіраю на іх і на сябе адкульсьці з іншага сумеру… Дзіўна, што вы штосьці пытаецеся ў мяне, нібыта я жывы, а не мумія. Быццам аднымі і тымі ж словамі карыстаемся, а сэнс у іх чуем розны. Як праз сцяну, з адной камеры ў другую перамаўляемся… Вось як мне вам давесці, што я ўсё жыццё любіў партыю?! Але, партыю, маё самае найдарожшае. Гэта была мая страсць, маё каханне. З такой палкасцю я змог упадабаць толькі думку аб смерці. Самотна паміраць ад хваробы, ад страшэннага болю ў суставах, ад бяссоння, калі моўчкі гамоніш і гамоніш сам з сабою. Ці з мёртвымі. Яны слаўныя сумоўцы, бо заўсёды маўчаць, толькі слухаюць. Сярод жывых у мяне амаль не засталося знаёмцаў. Думка пра смерць зноў далучыла мяне да чагосьці вышэйшага, як раней да партыі. Я — семдзесят гадоў у партыі. Навошта? Каму і што сёння да гэтага?

Я хачу прадоўжыць думку. Вельмі важна, каб вы зразумелі. Дзеля гэтага мне трэба ісці напрасткі, не збочваць і не вяртацца. Ісці адно да тае хвіліны… Калі я накінуў на сябе рамень…

Сын у мяне нарадзіўся ў дваццаць сёмым годзе. Назвалі Акцябром. У гонар дзесятых угодкаў Вялікай рэвалюцыі. Гэта ж якія ідэалы былі! Чысцейшыя ідэалы! Светлыя. І людзі былі светлыя. Такіх людзей больш ніколі не будзе. Я нядаўна прачытаў у адной газеце, што мы, маё пакаленне, выпалі з гісторыі, нас як быццам не было. Дзірка ў часе. А мы былі! Былі! Былі! Знячэўку чамусьці прыгадаў, як на вяселле жонка пашыла белую сукенку з марлі… Я быў паранены і таксама ўвесь паперавязаны марляй, бінтамі. Усюды — голад, эпідэміі, тыф. Зваротны тыф, галаўны тыф… Ідзеш вуліцаю — ляжыць мёртвая жанчына, ля яе сядзіць малое дзіцянё і просіць: «Мамка, дай есці…» Горад Орск Арэнбургскай вобласці… Дваццаць першы год… А мы ўсё роўна шчаслівыя: жывём у вялікі час, служым рэвалюцыі! Гэтага не вынішчыць у маім сэрцы, у маёй галаве.

Ішла грамадзянская вайна… Я памятаю нават, якія абмоткі нам выдалі, чырвоныя зорачкі на шапкі. Шапак не было, але чырвоныя зорачкі нам уручылі. Што за Чырвоная Армія без чырвоных зорачак! Далі вінтоўкі. І мы адчувалі сябе абаронцамі рэвалюцыі. Памятаю нашых забітых таварышаў… На лбе і на грудзях у кожнага выразаны зоркі… Дзве чырвоныя зоркі… Гэта ж наша вера, гэта ж наша Біблія! Трыццаць гадоў назад, дваццаць гадоў назад, дзесяць гадоў назад. Пяць гадоў назад, яшчэ год таму назад… Я вам гэтага не расказаў бы. Мне здаецца, што я гэтага не памятаў… Дайце веры: я гэтага і праўда не памятаў… Як ляжаў белы афіцэр… Хлапчанё… Голы… Жывот распораты, а з яго пагоны тырчаць… Жывот набіты пагонамі… Раней бы я вам гэтага не расказаў… Штосьці і з маёй памяццю сталася… Пстрыкае там, пстрыкае… Як у фотаапараце… Я ўжо напярэдадні адыходу… Калі глядзіш развітальным паглядам, падмануцца ўжо нельга… Няма часу падманвацца…

Не! Наша жыццё — гэта быў палёт. Першыя гады рэвалюцыі… Мае лепшыя гады, мае слаўныя прыгожыя гады. Яшчэ жывы Ленін. Леніна я нікому не аддам, з Леніным у сэрцы памру. Усе верылі ў хуткую сусветную рэвалюцыю. Любімая песня: «І на гора ўсім буржуям усезямны пажар раздзьмуем». Ведама, было шмат наіўнага, смешнага. Танцы, прыкладам, мы хрысцілі мяшчанствам, ладзілі суды над танцамі, каралі тых камсамольцаў, што хадзілі на вечарынкі, танчылі. Я адноечы нават старшынёй суда быў над танцамі. Праз гэтае сваё марксісцкае перакананне не навучыўся танцаваць, пасля вельмі шкадаваў. Ніколі не мог патанчыць з прыгожай жанчынай. Пра што мы спрачаліся? Пра камуністычную будучыню, якой яна будзе і ці хутка. Праз сто гадоў абавязкова, ды нам такі тэрмін быў доўгі, вельмі доўгі. Хацелася, каб хутчэй. І пра каханне спрачаліся, асабліва пра кнігу Аляксандры Калантай «Каханне пчол рабочых», Аўтарка абараняла вольнае каханне, гэта значыць каханне без кахання, без пушкінскага «Я помню той дзівосны міг». Мы таксама адмаўлялі каханне як буржуазную выдумку, біялагічны інстынкт, які сапраўдны рэвалюцыянер павінен адолець у сабе. Любіць можна было толькі рэвалюцыю. Я памятаю (праз столькі гадоў!), што погляды падзяляліся: адны — за вольнае каханне, але з «чаромхай», гэта значыць з пачуццямі, іншыя — без усялякай «чаромхі». Я быў за тое, каб з «чаромхай», каб цалавацца. Як жа смешна — ліха на яго! — сёння пра тое ўспамінаць…

Вось вы кажаце, што мы служылі ўтопіі. Але мы шчыра верылі ў гэтую ўтопію, мы былі ёю загіпнатызаваныя, як маланкай, як паўночным ззяннем… Не магу знайсці адпаведнага параўнання… Шкада, што такі стары… Бачу адсюль, з канца, усё не так, як тады…

— Я яшчэ ўчора хацеў спытаць: няўжо вам і праўда цікава слухаць гэтага звар'яцелага старога, якому нават і хлеб ужо не пахне? Заўсёды хваляваў пах свежага хлеба, а зараз і ён без паху. Як вада. Я ўсіх перажыў… Я перажыў свайго сына… Мяне мучае бяссонне… І пстрыкае, пстрыкае ў мазгах… Але я павінен ісці напрасткі да той хвіліны… Не збочваць, не вяртацца…

Крыху раней, калі я яшчэ выходзіў на вуліцу, год назад… выбраўся, ведама, з кійком. Калісьці гэта было так блізка, усяго два кварталы, а тут цэлую гадзіну валокся. У трамвай лезці пабаяўся: там людзі, шмат людзей, а тут я адзін, ледзь што — можна прыхіліцца да сцяны, быццам ты задумаўся, пастаяць, перадыхнуць. Не люблю, калі мне нагадваюць пра старасць. А я страшэнна стары. Я хацеў пераканацца, што Ленін стаіць там, на плошчы, дзе ён стаяў заўсягды. Убачыў яго яшчэ здалёк, спачатку — паднятую руку, потым — усю постаць. Трыбуны побач ужо не было, а раней яна стаяла адразу ж за помнікам. Святочнымі днямі сюды прыносілі кветкі, развешвалі чырвоныя банты. Каля Леніна кветкі ляжалі заўсёды. Кветак я не знайшоў, нават ссохлых. Калі б быў дужэйшы, я прынёс бы Леніну кветкі. Але я не ведаю, дзе цяпер кветкавыя крамы, мне абавязкова патрэбны былі б чырвоныя гваздзікі. Сёння гэтак не любяць чырвоны колер, усё чырвонае, што я сумняваюся: ці вырошчваюць чырвоныя гваздзікі?

У мяне нічога, акрамя Леніна, няма. Калі вы адбераце ў мяне веру ў Леніна, што ў мяне застанецца? Што застанецца ад майго жыцця, ад майго юнацтва? Усё маё багацце — жалезны гэты ложак, які я купіў сорак гадоў назад, па-мойму, адразу пасля вайны, пісьмовы стол і кнігі. Зірніце: яны такія ж зношаныя, як і я. Я не запасіў рэчаў, мне нічога такога ў галаву не прыходзіла. Спачатку ваяваў за светлую будучыню, пасля яе будаваў. Хто абзаводзіцца лішнімі рэчамі ў ваеннай зямлянцы ці на будаўнічай пляцоўцы? Гэта было зусім іншае жыццё. Наша жыццё. Я разумею, што ў мяне няма аніякіх доказаў, акрамя ўспамінаў. Але яны не матэрыяльныя… Яны з галіны заклінанняў…

…Мы ўсе напаўгалодныя, напаўголыя. Але суботнікі ў нас — круглы год, і зімой таксама, у трыццаціградусны мароз. На маёй жонцы асенні палітончык. Мы грузім вугаль, цягаем тачкамі, мяхамі на сабе. Яна — цяжарная. Незнаёмая дзяўчына, што працавала побач з намі, пытаецца ў жонкі:

— У цябе такая лёгкая апратка. Цяплейшага чаго няма?

— Няма.

— Ведаеш што, а ў мяне два паліто. Было яшчэ добрае сваё, і ад Чырвонага Крыжа атрымала новае. Ты скажы мне свой адрас, я вечарам адно табе прынясу.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: