Вход/Регистрация
Зачараваныя смерцю
вернуться

Алексиевич Светлана Александровна

Шрифт:

Я імчалася па жыцці і не ўсё запомніла, цяпер выкопваю з памяці, збіраю асколкі…

…Ігарку тры-чатыры гадкі. Я яго пакупала, ён лёг, піжамка на ім:

— Мама, я люблю цябе, як царэўну чароўную.

Працы было шмат. Спачатку выкладала літаратуру ў школе, пасля — у інстытуце. Звычайняя хатняя карціна: я — над кніжкай, ён — у кухоннай шафцы… Пакуль выграбе з яе каструлі, скавародкі, лыжкі, відэльцы, я і падрыхтуюся да заўтрашніх заняткаў.

Тут я павінна запыніцца на адным моманце… На маім стаўленні да літаратуры, да паэзіі. Што б хто ні сказаў, з мяне тут жа выскокваў гатовы радок, куплет ці цэлы верш. Як у актрысы, якая і дома размаўляе чужымі рэплікамі, гатовым тэкстам сыграных п'ес. Я хацела, каб ён рос мужным, дужым, і падбірала яму вершы пра герояў, пра вайну, пра Радзіму. І аднойчы мая мама мне кажа:

— Вера, перастань чытаць яму ваенныя вершы. Ён гуляе толькі «ў вайну».

— Усе хлопчыкі любяць гуляць «у вайну».

— Але ж Ігар любіць, каб у яго стралялі, а ён падаў. Паміраў! Ён з такім жаданнем, захопленасцю падае, што мне бывае страшна. Заўсёды крычыць іншым хлопчыкам: «Вы страляйце, а я падаю». Ніколі — наадварот.

Ці паслухалася я мамы?

І зноў, як токам… Гэта бязмоўнае пытанне… Як жа пераступіў ён цераз нашу любоў да яго? Цераз сваю любоў да нас? Куды пайшоў? Да каго?

Хто яго паклікаў? Хто мог даць яму большую любоў, чым я!

Яго ўжо не было… Я доўга была ў стане слупняка. Сэрца замерла, душа замерла. «Вера», — кліча муж. Я не чую. «Вера», — падыходзіць ён бліжэй. А гук да мяне не прабіваецца… І знячэўку — істэрыка! Я як зараўла, як затупацела нагамі — на сваю маму, маю любую маму:

— Ты вырадак, вырадак-талстоўка! Такіх жа пачвар і нарадзіла! Твае дзеці ўсё жыццё былі пачварамі і вырадкамі, бо ты не вучыла нас жыць для сябе, для свайго жыцця. І Ігарка я выхавала гэткім жа. Чаму ты нас вучыла? Аддай! Усё, усю сябе Радзіме, вялікай ідэі! Вырадкі! Ты ж бачыш, што робіцца навакол! Ты ж не сляпая. Гэта ты вінавата ва ўсім! Ты!..

Мама скурчылася і стала раптам — маленькая-малюпасенькая. У мяне заныла, зашчэміла сэрца. Упершыню за многа дзён я адчула боль. Дагэтуль у тралейбусе паставілі неяк на ногі цяжкі чамадан, а я нічога не адчула. Уначы распухлі ўсе пальцы, і толькі тады я ўспомніла пра чамадан.

Тут трэба яшчэ раз прыпыніцца і распавесці пра маю маму.

Мая мама з таго пакалення нашых людзей, у якіх блішчэлі слёзы на вачах, калі ігралі «Інтэрнацыянал». Яны перажылі вайну і заўсёды памяталі, што яны перамаглі. Калі ўсчыналася гаворка пра тыя ці іншыя цяжкасці, мама ўсіх пераконвала: «Мы такую вайну перажылі!» Варта на нешта паскардзіцца, мы зноў чулі: «Наша краіна такую вайну выйграла!» Праз дзесяць-дваццаць гадоў яна працягвала жыць тымі ж меркамі і паняццямі, якімі жыла тады: локаць да локця, як у адным акопе, у адной зямлянцы. Льва Талстога яна любіла за «Вайну і мір», а яшчэ за тое, што граф хацеў раздаць усё бедным, каб уратаваць душу. Такой была не толькі мая мама, але і яе сябры, паслярэвалюцыйныя інтэлігенты, што ўзраслі на Чарнышэўскім, Дабралюбаве, Някрасаве…

А раптам?.. Раптам у яго не было ўпэўненасці, што смерць — гэта канец? Спыненне? Я, яшчэ працуючы ў школе, заўважыла, што ў юнацтве вельмі трывожыць, хвалюе думка пра смерць. Дзяўчаткі не любяць гаворак пра яе, а вось у хлопчыкаў смерць выклікае цікаўнасць, прываблівае. Гэта я ўсё пасля аналізавала, калі ачуняла…

У цэнтры горада ў нас — старыя «вайсковыя» могілкі. Туды ходзяць, як у сквер, часцей за ўсё маладыя, смяюцца, цалуюцца. Іграюць на гітарах, магнітафон уключаць.

Вяртаецца ён неяк позна.

— Дзе быў?

— Шпацыраваў… Зайшоў на могілкі…

— Чаго гэта ты заблукаў на могілкі?

— Там прыгожа…

…Любімы наш месяц — жнівень. Едзем у лес: я бягу між дрэў і трапляю ў павуцінне, яно ахутвае маю галаву бязважкай чалмой. Потым я знайду сябе ў яго вершы… Як дзяўчынка ляціць, гушкаецца на павуціне… Мамачка-дзяўчынка…

Як ён мог ўпадабаць смерць? За што ён яе палюбіў? Бягу па нашых слядах…

На галінцы той залапанай Кроплі зорныя накапаны…

На стале ў яго, у кішэнях, пад канапай я знаходзіла лісткі з вершамі. Ён іх губляў, кідаў, забываў. Я нават не заўсёды верыла, што яны ягоныя:

— Няўжо гэта ты напісаў?

— А што там?

Ходзіць ў госці чалавек да чалавека, Гэтаксама ходзіць ў госці звер да звера…

— Ну, гэта старое. Я ўжо забыўся.

— А гэтыя радкі?

— Якія?

Хтось памёр. Недзе музыка граецца. Не мяне пад акном там нясуць? Не мая галава там гайдаецца Па дарозе на Страшны суд?

Маўчыць.

— Сынок, ты такі радасны, такі прыгожы. Чаму ты пра смерць пішаш?

Паціскае плячыма. Ён сам не мог растлумачыць, адкуль у яго гэтыя словы, гэтая туга.

Пасля знайшла ў Пастарнака… Як ён папярэджваў паэта, што трэба пазбягаць пісаць пра сваю смерць. Кожны напісаны радок у будучым рэалізуецца…

Я не ваш, аблокі серабрыстыя, Я не ваш, блакітныя снягі…

Але я нічога не дапускала, я, што ўсё жыццё выкладала літаратуру, не прадчувала аніякай небяспекі. Вершы ў нашым доме гучалі заўсёды, як гаворка: Ясенін, Пастарнак, Лорка, Мандэльштам… Вы ніколі не заўважалі, што мастацтва любіць смерць? Я таксама гэтага раней не заўважала… Мастацтва любіць смерць, але існуе французская камедыя. Правільна? Чаму ж у нас амаль няма камедый? Бо нам нецікава, сумна проста жыць, радавацца жыццю. Мы любім боль, любім глядзець на смерць. З асалодаю, з якойсьці генетычнай гатоўнасцю мы ідзем на ахвяры, на нягоды. Смерць героя, пакутніка — вось наш ідэал. Хрысціянскі, расейскі, савецкі… Нам даводзілі, што гітара з бантам на сцяне — мяшчанства; калі агонь, дык не ля каміна, а ля вогнішча — піянерскага ці ў чыстым полі, дзе «я знаю, горад будзе, знаю, садам цвісці». Смерць у баі, у палёце… Смерць, якая заўсёды вышэй за жыццё…

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: