Алексиевич Светлана Александровна
Шрифт:
І ўвечары яна прынесла нам паліто, не старое, а новае. Яна нас не ведала, яна ўпершыню нас бачыла. І досыць было: мы — сябры партыі, і яна — сябра партыі. Мы былі як браты і сёстры. У нашым доме жыла сляпая дзяўчына, ад нараджэння сляпая, і яна плакала, калі мы не бралі яе на суботнік. Усе памерлі… Бальшавіцкае пакаленне ляжыць пад мармуровымі плітамі… І на плітах выбіта: сябра партыі бальшавікоў з такога вось года… Схадзіце на старыя могілкі ў нас у Ленінградзе (для мяне мой горад застанецца горадам Леніна, а не цара Пятра), у Маскве… З якога ты года ў партыі? Гэта было вельмі важна нават пасля смерці: якой ты веры.
Анекдот раптам прыгадаў. Тых гадоў анекдот… Чыгуначны вакзал. Людскі натоўп. Чалавек у скуранцы роспачна шукае кагосьці. Нарэшце знайшоў! Падыходзіць да другога чалавека ў скуранцы:
— Таварыш, ты партыйны ці беспартыйны?
— Партыйны.
Шэптам:
— Тады скажы: дзе тут сарцір?
Здаецца, я звар'яцеў… Што я расказваю? Я стаміўся… (Доўга маўчыць.)
…Першага бальшавіка я пачуў у сваёй вёсцы. Малады студэнт у салдацкім шынялі. Ён выступаў ля царквы, на плошчы:
— Цяпер адны ходзяць у ботах, другія — у лапцях, а як будзе Савецкая ўлада, усе будуць аднолькавыя.
— А што такое Савецкая ўлада? — крычаць вяскоўцы.
— А гэта будзе такі цудоўны час, калі вашы жонкі будуць насіць шаўковыя сукенкі і туфлікі на абцасах. Не будзе багатых і бедных. Усе будуць аднолькавыя. Усім будзе добра.
Мая мама апране шаўковую сукенку… Мая сястра будзе хадзіць у туфліках на абцасах… Хіба можна не палюбіць гэтую мару? За бальшавікамі пайшлі бедныя людзі, незаможныя. Іх было больш.
Вам гэта цікава? Тады слухайце далей.
Першага чырвонаармейца ўбачыў праз год. У васемнаццатым. У нашу вёску прыехаў харчаатрад, збіраць збожжа ў кулакоў. Кулакі збожжа не аддавалі, хавалі і палілі. Я ўжо быў камсамольцам. Мне сказалі: Чырвоная Армія галадае, Савецкая ўлада галадае, Ленін галадае, ты павінен памагчы. Мне пятнаццаць гадоў. Я паверыў! Уначы мы сачылі за тымі, хто багацейшы, пільнавалі. Ну, і я высачыў, што наш сусед, дзядзька Сымон, спаліў збожжа ў лесе. Раніцай знайшлі тое месца, яшчэ зямля цёплая… Зернем пражаным пахне… Прывялі дзядзьку Сымона… Камандзір кажа:
— Пад трыбунал!
Ніхто не ведаў гэтага слова. Растлумачылі: неадкладны суд. Харчовы трыбунал — суд за зламыснае ўкрывальніцтва збожжа ў цяжкі для Савецкай улады час. Прыгавор адзін — расстрэл. Увечары дзядзьку Сымона прывезлі на калёсах у лес і расстралялі. На тым самым месцы, дзе яшчэ пахла пражаным зернем…
Мне было страшна. Датуль я не бачыў, як расстрэльваюць людзей…
Але Чырвоная Армія галадае, Ленін галадае… Я быў хлапчуком…
Атрад паехаў, і бацька выгнаў мяне з хаты:
— Сыдзі! Каб я цябе ніколі не бачыў. Знікні з нашай вёскі. А то заб'юць! І нас усіх праз цябе заб'юць.
Я пакідаў вёску міма могілак, дзе ляжаў дзядзька Сымон… Сваю першую ахвяру, якую я прынёс у імя рэвалюцыі, я аплакваў дзіцячымі слязамі. Але мая мама апране шаўковую сукенку… Мая сястра будзе хадзіць у туфліках на абцасах… Не толькі яны, усе будуць шчаслівыя…
Пстрыкае…Пстрыкае… Часам мне здаецца, што мае мазгі лопаюцца. Ці там стужка парвалася. Раптам нічога не памятаю. Або пачынаю ўспамінаць тое, чаго ніколі не ўспамінаў. Не памятаў. Тады кадры круцяцца-круцяцца, як на старой стужцы. Нямы кінематограф. Безгалосы. Адны чалавечыя вочы і твары. Часцей за ўсё коні імчацца… Калі памерла мая другая жонка, я зразумеў, што ў мяне нікога не засталося, акрамя мяне самога. Я сам сабе сябра, я сам сабе суддзя, я сам сабе вораг.
Ну, верыў я! Верыў! Паверыў! Мы былі фанатыкамі рэвалюцыі — маё пакаленне. Маё слаўнае пакаленне! Толькі вось бяссонне начамі… Не, я захапляюся сваім пакаленнем, захапляюся яго фанатызмам. Хто можа памерці? Толькі той, хто гатовы памерці. І калі б не было нашага фанатызму, ці вытрымалі б мы? Стоп! Зрэдзь часу я лаўлю сябе на думцы, што не размаўляю з самім сабой, а пастаянна перад кімсьці выступаю, тады ціха сабе шапчу: «А ну, злезь з трыбуны!» Пэўна, мне цяпер таксама трэба злезці з трыбуны? Трэба?!
Не вымагайце ад мяне логікі. Я любіў рэвалюцыю. Якая захапляльная ідэя: усе будуць браты, усе будуць роўныя. Будзем разам працаваць, усё пароўну падзелім. Вечная ідэя! Несмяротная! Лепшага нічога ў свеце не прыдумана, як чалавек вылез са шкуры. Тое, што цяпер бэсцяць як сацыялізм, ніякіх адносін да сацыялістычнай ідэі не мае. Але людзі да яе не гатовы, яны яшчэ не дасягнулі дасканаласці. А мы былі ідэалістамі. Маё бяссонне… Задрамаў пад раніцу… Сон… Дзіця ўжо вялікае, цяжкае… Я нясу яго на руках… І мне добра… Гляджу яму ў твар блізка-блізка, як багародзіцы глядзяць на абразах у вочы сваім дзецям: я дзядзьку Сымона нясу… Здаецца, закрычаў… У сне заўсёды крычыш нема, як у баі… Перад боем… Сам сябе не чуеш… Я яшчэ шабляй ваяваў, у казака мёртвага забраў. А сёння — касмічны век, пра «зоркавыя войны» пішуць. І вы хочаце мяне зразумець? Калісьці Леў Мікалаевіч Талстой задумаў напісаць раман пра эпоху Пятра I. Але кінуў. І вытлумачыў гэта тым, што не можа зразумець душы людзей таго часу.