Вход/Регистрация
Я з вогненнай вёскі...
вернуться

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

«…Дзве калоны ідзе ў нядзелю: адна калона, бальшушчая, з Капацэвіч, а другая — з Лучыц. Тая калона там, а тая — там, яны сышліся, згаварыліся пра ўсё і сталі ісці ў сяло. Паставілі пасты — проста на дзесяць метраў адзін ад аднаго. Усю дзярэўню абставілі. I тады ўжо сталі заходзіць у кожную хату.

I да нас зайшлі. Колькі нас было чалавек? У Мікіты дзве дзеўкі, у нас… Восем чалавек было ў хаце. I мы тады тыфам былі бальныя. Адзін толькі бацька палравіўся, так во, як і я, каля стала сядзеў. Яны ўжо як увайшлі, дык усе мы ляжалі покатам. Яны гавораць:

— Ціф? — Ды на старога… Як гэта? Ага: — Цурык! Адзявайся, выходзь!..

Яшчэ ён, бедны, сабраўся, пайшоў. Наша крайняя хата была. Бачым: суседка мая, Уладзімірава Каця, вынесла дзіцятка грудное, а ён ёй кажа, немец:

— Нясі назад дзіця.

Панясла яна ў калыску, а гэтыя дзеткі ўзяла з сабою. Большыя, каторыя маглі ісці.

I ўсё ідуць ды ідуць нашы людзі… I ўжо нікога няма людзей, а толькі паставыя стаяпь. А потым падводчыкі паявіліся.

Ідуць, адкрываюць хаты, забіраюць, што там засталося ў хаце.

А мы з жанчынай адной гаворым:

— Выйдзем за сяло, пабачым, куды гэтыя людзі падзеліся.

Мы толькі пачалі ісці, падняліся на горку, а ўжо людзі там крычаць і агонь паявіўся. Чалавек трох было ў партызанах з Хвойні. Дык мы думалі, што гэтых партызанскіх сямей паляць. Прайшлі мы далей — не! Сільны вельмі крык. Крычаць людзі так, што мы здагадаліся…

Прыбегла я ў хату і гавару:

— Спасаймася як хто можа! Бо людзей зністажаюць!..

Бегаем мы па хаце — хто хворы, а хто так прытварыўся, — а выйсці няма як, бо пост ужо кругом. Нікуды з хаты не дзенешся — стаіць пад самым акном. Бачым мы, што ўжо і падводчыкі скрыліся, і ідуць да нас чатыры мужчыны — высокія, і косці на іх проста нарысованы. Як ішлі — так у хату.

Свякроў мая, мужыкова маці, выбегла з хаты прасіцца:

— Ох, паночкі!..

Хацела папрасіцца, а яны яе перад акном і застрэлілі. З нагана. Мы пабачылі, што яе застрэлілі, так і пападалі ўсе сюды, у адну кучу. А было ў нас два чалавекі, што і не маглі ісці, з тыфу. Сільна бальныя тыфам, не маглі нават устаць. Мы ўсіх іх на адну падушку пасцягвалі.

А яны зайшлі ў хату:

— Ціф? Ціф?..

Тут жа адразу завярнулісь назад.

А тут ужо запалілі нас. Бутэлька нейкая чорная. I не падпальвалі — аблілі, і загарэлася. Закрылі дзверы, выбілі акно і давай сюды гранаты кідаць. Кінулі адну, другую, трэцюю… I гарыць маё цела ўсё. Цяпер пазажывала, а тада абгарэла я многа… Спачатку граната першая Мікіце ў галаву. Падушкі ляжалі, дык яго неяк падкінула — аж ногі ўгару! А мяне… Во асколкам тут ранена. Бачу я, што дзе хто, пабіла каго, раніла, дагарае ўжо… Госпадзі!.. Я падцягнула стол да акна, яго на стол усцягнула, а пасля вылезла сама праз акно. У хаце, у агні — пакуль ты дойдзеш!.. Я не то што, дарагія мае, — не думала, што буду жыць, я думала, што выцягну яго на двор — хутчэй нас даб'юць. Бо ўся ў агні, уся паабгарвала, раненая… I пападалі мы тут каля акна. А тады, як я яго выцягала, якраз выганялі худобу нашу. Сарай запалілі, а худобу не пабілі, усю выганялі. Адвязалі яны тую скаціну, ідуць, бачаць: старая ляжыць забіта і мы ляжым, паабгарвала нанас усё…

Яшчэ адна выскачыла, мужыкова сястра, раненая, з гарачкі выскачыла, і дайшла перад акном.

I ляжу я там, і не чуствую нічога, ужо і памяць пацярала. На некаторае ўрэмя я зусім адключылася. Пачалося ў нас у вёсцы ў дзесяць гадзін, да нас яны прышлі ў гадзіну, а прачнулася я аж на захадзе сонца. Помніла, што я жывая, паднялася, паварушылася, паглядзела, што і ён жывы. А суседка нашая як уцякала, дык выкінула клуначак. А маё ўсё пагарэла, усё пагарэла…

Адна дзеўка ў хаце засталася, а страха як згарэла, як асела ўсё, дык яна толькі: «Ы-ы-ы!» — стагнала там. Храпяне. I зноў храпяне… Доўга даходзіла… Бо яна не ранена была. Доўга храпла, яй-богу. Ужо ўся хата абгарэла, а яна ўсё храпла…

Ну, я паднялася, паглядзела, тут жа два крокі і — яе хата. Узяла я той суседчын клуначак, развязала. Ну, мы ж голыя. А я чуствую, што тут я ранена, тут у мяне вырвала. Развязала я той клуначак, знайшла яму штаны, з падцяжкі зрабіла вяроўку і падвязала іх, ручніка знайшла, перавязала яму тут. А яму граната ўпала вот тут пад коленкі: і вены, і ўсё яму тут паперарывала, ён ніяк не мог устаць. Дык я вазьму вось так на адну руку палажу і на другую і так яго цягла. Цягла я тры кілометры яго на сабе. Працягну, астанаўлюся, а патом і змаглася, не магла цягчы. I такія чуствы былі, хлопцы, і такія чуствы!.. Чуствавала я, што яны будуць ісці. Я ў хмызнячок яго, наламіла галля, зняла з сябе адзяяльца, я тое адзяяльца на два перарвала: палавіна сабе на галаву, а другую — яго накрыла. А потым я тую палавіну адзяяльца, што на мне, яшчэ раз напалавіну перарвала, падаслала яго, палажыла і пайшла.

«Ну, — думаю, — яшчэ кілометры два да атрада, дабяруся туды, там дадуць помач».

Камандзір атрада быў Міхайлоўскі…

Сані далі, запраглі каня. I Міхайлоўскі прыказаў мне:

— Сядзь. А калі будуць яны прадзвігацца сюды, немцы, дык ты тады з лошаддзю не ўцякай, кідай лошадзь, а сама — у лес, каб не злавілі цябе.

Я папрасіла, каб мне каго-небудзь далі — ехаць пад Хвойню.

— Ну, — кажуць, — калі ты ўжо данесла яго, то цяпер і давязеш.

Але паехалі мы, майго ўзялі. Сейчас жа яму і матрац з печы гарачай, і валёнкі. Я і сама голая была, абрываная ўся, кроў цячэ…

Мой нічым не ўладзеў. Не бачылі, дык думалі, што ён хоць што-небудзь памагаў мне ісці. Ён прыходзіў у памяць, прыходзіў, ну, а як на печку яго палажылі, дык там нейкае зярно ляжала. Бедны, так і сплыло тое зярно. Да грамачка кроў выскачыла, усе жылы парваліся. Дык ён усё прасіўся. Скажа два словы… Адключаўся ўсё ўрэмя. Прыходзіў у памяць, казаў:

— Хлопцы, спасайце мяне, я ваш брат буду.

Ну і што, ужо назаўтра партызанскі атрад далажыў, што дзвіжуцца немцы на гэтую дзярэўню. Куды мне? Мяне адправілі, далі мне партызаны падводу. Не далі, а проста прыказалі людзям адвезці мяне ў Курын. Там быў тожа атрад, і Лапцейка быў, урач. Штоб здзелаў майму перавязку, аказаў помач. Прывезлі мяне туды, ён паглядзеў, гаворыць:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: