Калеснік Уладзімір
Шрифт:
Ужо асталося нас толькі сем чалавек — усіх павыпіхалі. У палу шчэлі вялікія. Я гэта прышла ды рукі ў шчэлі ўсадзіла, ды раз — падняла гэту памасніцу.
— Бабы, сюда, — гавару.
I сама ўжо ў яме. Етыя бабы ўсе і ўбеглі ў яму.
Прышоў немец па нас ужо, па астальных, а мы закрыліся, у яме ў гэтай. Па астальных прышоў, а нас ні аднае душы няма. Гэтыя дзеці ў яме… божа мілы, — нарабілі крыку там! Еты немец адкрыў яму і прыкладам:
— Вылазьце!
Не хочуць. Хто хоча пад пулю лезці? Крычаць.
— Вылазьце!
Не хочуць, ага. Ён гэтым прыкладам у галовы біць. Вот і сталі вылазіць. Каторая не можа выйсці на двор, дык тут, над гэтай ямай, і папрыстрэльвалі, гэтых бабаў.
А я і яшчэ тут адна — у Рудні яна, і цяпер жыве, ага. У яе была дзевачка, такая маленькая яшчэ, паўтара года. I мы ўзялі падлезлі далей сюды пад брус. Я ўжо ўся ў крыві была, у пяску была, твар — у пясок, каб нам не кашлянуць… Вот мы ляжым ужо, нам чуваць — яма адкрытая, а яны ўжо ўсунулі галовы сюды, паглядзелі, ці, можа, яшчэ хто ёсць. Не відна ўжо, цёмна. Толькі месяц свяціў — добра помню. Дык яны паглядзелі ды тады на звозчыкаў на гэтых гавораць:
— Бярэце салому, кладзеце касцёр.
Гэтыя звозчыкі — яны ж падчыняліся, ведаеце, са страху, — сюды наклалі саломы, і ў гэтае памяшканне, і ў тое. А тады:
— Выдзірайце вокны!
Яны выдзерлі, сталы, дзверы пакідалі на салому.
— Запальвайце! Ага, запалілі.
— Вярчыце вярчэ [4] !
Яны парабілі гэтыя вярчэ.
— Запальвайце і кідайце ў яму!
Ён думае, а мо там людзі е, каб ета яны ўжо там пазадыхаліся. Асмальваецца на тых вярчах салома, а дым да нас не заходзіць. З ямы ўсё на хату выходзіць. I вот яны запалілі гэты касцёр…
4
Вярчэ (дыял.) — жгуты.
Мы сядзім, сядзім усю ноч, а тут яны ракетамі свецяць — відна там у нас у яме, хоць іголкі збірай, такая відната. Што нам, бедным, рабіць? Божа мой мілы!.. Яны запалілі, і мы чуем, што страха ўпала. Але гэта не наша — гэта пажарная, а наш агонь узяў і патух…»
А побач, у пажарнай, адбывалася тое самае… У той пажарнай, і яшчэ ў двух дамах у Рудні, і яшчэ ў дзесятках, а потым у сотнях іншых вёсак Беларусі… Страшна перамнажаць такія лічбы, бо за кожнай з іх — чалавек і яго сям'я, яго маці, яго дзеці, браты, сёстры. Бо за кожнай — невымерны чалавечы жах, боль. Іх тысячы і тысячы — тых, хто ўжо ніколі не раскажа, за якіх расказваюць вось гэтыя людзі, вельмі і вельмі нямногія. А ў кожнага з тысяч загінуўшых было гэта, было так і яшчэ, магчыма, страшней, і ўжо не змогуць жывыя ўзяць на сябе хоць бы частачку тых пакут…
Пажарная стаяла недалёка ад калгаснай канцылярыі, дзе схавалася пад падлогу Тэкля Круглова, і вось што рабілася ў той пажарнай. Жыве ў новай, адбудаванай Рудні жанчына, якая і была там, у тыя страшныя гадзіны і хвіліны.
Ганна Іосіфаўна Гошка, пяцьдзесят гадоў.
«…Нас паставілі прама ў шарэнгу, на калхозным двары. Тады гэтых мужчын аддзельна. Тады за гэтых мужчын — раз, пагналі ад нас зусім, пагналі ў канюшню. А нас у пажарную набілі, бітком набілі. Пальца не ўсунуць туды. Загналі нас і паставілі немца над намі. Тых ужо мужчын ганяюць, бяруць па дзесятку і вядуць у другі сарай. З аднаго сарая ў другі вядуць… Немец сядзіць. I паставілі на лаўках пулямёт — прама сюды ў дзверы… Дык мы сядзім ужо ў гэтай самай… Там не сядзець — там не было як сядзець, там паздушваліся ўжо… А я на самых дзвярах. А са мной маленькая сястрычка. Я яе дзяржала з сабой на руках. Так сціснулі…
Праўда, я ўсё бачыла, як тых мужчынаў вадзілі. Тады мужчыны бачаць, што іх расстрэльваюць, і яны прама як выйдуць — дык і ў ход! Уцякаюць. Адзін у нас калека быў, кульгавы, дык немец, гэта, яго лупіць-лупіць!.. Каторых назад пазаганялі, а каторыя па полі пабеглі, уцяклі.
Тады жанчыны на гэтага немца:
— Пан, што гэта нас — будуць страляць?
Дык ён адразу махнуў. Нейкі немец быў, чорт яго… А потым:
— Не, матка, не, не, не!..
Ужо здагадаўся, мабыць, што людзі будуць уцякаць, ці чорт яго ведае…
А бабы гэтыя галосяць, крычаць. А гэтых мужчын ужо як пабілі, дык сталі там па вуглах чым-та ліць. I ўжо раптам загарэўся той сарай. Тады яны ўсе сюды, к нам. Падходзяць. Былі там, праўда, і паліцэйскія. Са Смыковіч тут у нас быў адзін такі, чорт яго… Дык адна жанчына ў яго пытаецца:
— Андрэечка, што гэта нам будзе?
— Нічога не будзе вам, — так гэты паліцэйскі. Праўда, ён за сваю матку, і той другі паліцэйскі таксама: забралі сваіх, з хлява, і з сабой павялі.
А нас, шасцярых дзевак і адну жанчыну, якая была ў нас дэпутатам, — павялі ў пустую хату. I іх прышло з намі тры немцы. Два, а трэці ззаду ішоў. Ну, мы ідзем туды… Ужо буду я гаварыць усё… Гаварылі, што яны здзекуюцца з дзяўчат. Ну, мы ідзем і пазгіналіся, каб не такімі маладымі здавацца. А той жанчыне, дэпутату, ён паказвае: «Садзіся!» Яна, праўда, не хоча садзіцца. Яна і сюды і туды, гэтая баба. А ўсе астатнія паўскаквалі: о божа, прашчаюцца са сваімі! А гэтай жанчыне як далі сюды ў затылак, так зразу яна і кончылася. А я ўзяла і ўпала зразу на падлогу.
Адстралялі нас і пайшлі абратна. Другіх прыгналі.
У трэцюю вочарадзь ужо я пачула — сястрычка мая ідзе. Яна ўжо так плача: відна ж ёй — я наверсе яшчэ. Яна прама мне сюды на ногі ўпала… Забілі ўжо ў трэцюю вочарадзь.
Тады я ўжо ляжала, чакала, не ведаю — чаго… I тут ужо столькі набілі! А потым — раз! — вокны павыбівалі і з кулямёта давай сюды біць. Ну, усё роўна мне нідзе не папала, толькі мне тут смальнула руку і рукаў прасмаліла. А людзі так ужо стогнуць! А я думаю, што мне рабіць, — ці мне вылазіць?