Калеснік Уладзімір
Шрифт:
Пытанне: — А многа тых паліцэйскіх было, што спалілі?
— А чалавек дзесяць было іх тут…»
Вось так забівалі, забілі самую вялізную з беларускіх Хатыняў — больш за 1800 жанчын, дзяцей, мужчын вёскі Боркі Кіраўскія.
Пасля нападу на Савецкі Саюз галоўнае ўпраўленне імперскай бяспекі ўзялося за распрацоўку «генеральнага плана «Ост», палажыўшы ў аснову «ўказанні», «ідэі» верхаводаў фашысцкага рэйха — Гітлера, Гімлера, Розенберга і іншых.
Сам план «Ост» не знойдзены: ён, відавочна, знішчаны. Захаваліся дакументы, якія каменціруюць, дапаўняюць, ацэньваюць гэты план.
Вось вытрымкі з аднаго такога дакумента, які выходзіў з «Усходняга міністэрства»:
«1/214, дзяржаўнай важнасці
Зусім сакрэтна! Дзяржаўнай важнасці!
Берлін. 27.4.1942.
Заўвагі і меркаванні па «Генеральнаму плану «Ост» рэйхсфюрэра войскаў СС.
Яшчэ ў лістападзе мне стала вядома, што галоўнае ўпраўленне імперскай бяспекі працуе над Генеральным планам «Ост». Адказны супрацоўнік галоўнага ўпраўлення імперскай бяспекі штандартэнфюрэр Эліх назваў мне ўжо тады прадугледжаную ў плане лічбу — 31 млн. чалавек ненямецкага паходжання, якія будуць пераселены…»
«Усходняе міністэрства» ў асобе начальніка аддзела каланізацыі доктара Ветцэля, падлічыўшы і пералічыўшы палякаў, украінцаў, насельніцтва Прыбалтыйскіх савецкіх рэспублік і назваўшы тэрыторыі, якія трэба неадкладна каланізаваць, дае «сустрэчную лічбу». Апетыт канібалаў расце — 31 млн. ужо мала.
«Такім чынам, агульная лічба насельніцтва пералічаных абласцей (якія мяркуецца адразу ж засяліць нямецкімі каланістамі. —Аўт.) складае 51 млн. Колькасць людзей, якія згодна з планам будуць выселены, павінна быць у сапраўднасці значна вышэйшай, чым прадугледжана. Толькі калі ўлічыць, што прыкладна 5–6 млн. яўрэяў, што жывуць на гэтай тэрыторыі, будуць ліквідаваны яшчэ да правядзення высялення, можна згадзіцца з названай у плане лічбай — 45 млн. мясцовых жыхароў ненямецкага паходжання. Аднак з плана відно, што ў названыя 45 млн. чалавек уключаны і яўрэі. З гэтага, такім чынам, выцякае, што план зыходзіць з яўна недакладнага падліку лічбы насельніцтва.
…Калі ўлічыць, што на тэрыторыях, якія разглядаюцца, застанецца 14 млн. мясцовых жыхароў, як прадугледжваў план, дык трэба выселіць 46–51 млн. чалавек».
У гэтую лічбу не ўваходзяць рускія і беларусы, а з імі, — можна ўявіць, якія Асвенцімы і Хатыні меліся наўвазе!..
У прыведзеным дакуменце ёсць спасылка на аднаго з супрацоўнікаў ведамства Розенберга, прафесара доктара Абеля. «Абель бачыў толькі наступныя магчымасці вырашэння праблемы: або поўнае знішчэнне рускага народа, або анямечванне той яго часткі, якая мае выразныя адзнакі нардыцкай расы. Гэтыя вельмі сур'ёзныя палажэнні Абеля заслугоўваюць вялікай увагі. Справа не толькі ў разгроме дзяржавы з цэнтрам у Маскве. Дасягненне гэтай гістарычнай мэты ніколі не азначала б поўнага вырашэння праблемы. Справа заключаецца хутчэй у тым, каб разграміць рускіх як народ»…
Ёсць у гэтым дакуменце і раздзел «Да пытання пра беларусаў»:
«Згодна з планам прадугледжваецца высяленне 75 працэнтаў беларускага насельніцтва з займаемай тэрыторыі. Значыцца, 25 працэнтаў беларусаў, па плану галоўнага ўпраўлення імперскай бяспекі, павінна быць анямечана».
Што азяачае гэтае «высяленне» — Беларусь пазнала на вопыце сотняў сваіх Хатыняў. Гэта ж чакала і тыя 31 і 51 млн. чалавек, а затым і новыя сотні мільёнаў людзей, якіх падлічвалі і пералічвалі акуратныя чыноўнікі крыважэрнага германскага імперыялізму.
Па «Генеральнаму плану Ост», па гітлераўскіх планах «канчатковага ўрэгулявання ў Еўропе», згодна з фашысцкай дактрынай «барацьбы за жыццёвую прастору на Усходзе», — ды ці мала варыянтаў было таго стратэгічнага, імперыялістычнага, людаедскага «плана». З яго ж вынікалі, да яго прымыкалі і розныя канкрэтныя, «тактычныя» планы барацьбы з «актыўнымі элементамі», з непазбежным супраціўленнем савецкіх людзей акупацыі, рабункам, знішчэнню. Гэтыя канкрэтныя діланы павінны былі служыць і служылі ўсё таму ж галоўнаму плану: пад выглядам барацьбы з партызанамі — знішчаць, знішчаць, знішчаць насельніцтва. Каб на потым меней працы засталося…
У вёсцы Баканіха на Віцебшчыне, калі жыхароў сагналі ў хату, да іх зайшоў афіцэр. Трохі памарадзёрнічаў: забраў у каго што лепшае з адзення, выкінуў за дзверы. А пасля і яшчэ пра нешта ўспомніў. Стары Архіп Жыгачоў так расказвае: «Тагда афіцэр гэты ўзяў і папрашчаўся з намі. Гаворыць:
— Да свідання. Давайце спасіба сваім гэтым партызанам!»
Мабыць жа, з крыўдай сказаў, з упэўненасцю, што гэта перад ім, эсэсаўцам, вінаваты нехта — тыя дзеці, жанчыны! У іх, можа, браты, бацькі, мужы — партызаны. А як жа: ехаў праз цёмны, густы лес, праз балота прабіваўся, надрыжаўся пад сваім мундзірам з грознымі эмблемамі смерці, увесь час азіраючыся, чакаючы партызанскай засады. I для яго той агульны «план», што ішоў зверху: рабіць так, каб на ўсходніх землях дзяцей, жанчын, мужчын стала менш на столькі або столькі працэнтаў, той расісцкі план у мазгаўні і пад мундзірам такога вось карніка набываў афарбоўку нават ужо самаабароны. Ён ад партызан ратуецца!..
I камандаванне, выдаючы свае жорсткія загады, і яно, бачыце, ратуе сваіх салдат, свае камунікацыі… Урэшце і вышэйшыя фюрэры, тыя таксама пачыналі крыўдаваць на насельніцтва Беларусі і іншых акупаваных тэрыторый. Як жа, вунь сам бог, сам творца накіроўвае волю, інтуіцыю, руку фюрэра, указвае яму, што і як трэба рабіць:
«Само прадвызначэнне як бы хацела паказаць нам туды дарогу… Агромністая імперыя на ўсходзе даспела ўжо да распаду».
«Творца ўсклаў на нас абавязак гістарычнай рэвізіі яшчэ нябачаных маштабаў…»