Вход/Регистрация
Я з вогненнай вёскі...
вернуться

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

А ў Хаценаве Смалявіцкага раёна яшчэ паіншаму зрабілі: прыйшлі, разбрыліся па вуліцы, але так, што каля кожнай хаты аказалася па тры карнікі. У вёску людзей пускалі, пакуль не набралася «даволі», «колькі трэба». Тады — дзве ракеты, і кожная тройка ўвайшла ў «сваю» хату і забіла «сваю» сям'ю.

«…На кожным двары паставілі па тры чалавекі — каб у гэты ж мамент выбіць людзей. Каля кожнай хаты. Столькі іх тады наехала! Скаціну яны ўжо выбралі, пагналі. Гэта ўжо другія, а яны далі дзве ракеты — у тым канцы і ў тым. А потым у хату ўваходзяць і выбіваюць дзяцей і ўсіх, якія там старухі… У мяне вот убілі матку, убілі жану, убілі трое дзяцей. Сын быў з трыццаць шостага, дачка з трыццаць восьмага і з саракавога адзін, маленькі быў. У кутку гэта… патроны там і ўсё… Усё там ляжала. Я прышоў потым і толькі трупы свае закапаў. Папалілі. Толькі каторыя не згарэўшы. Жонка, матка яшчэ… А дзяцей — адны косці пазбіралі.

Сто восемдзесят чалавек забілі».

(Іван Васільевіч Ліхтаровіч з Хаценава.)

У Засоўі на Лагойшчыне карнікі пераначавалі, наладзілі нават вечарынку пад губныя гармонікі, а раненька пайшлі па хатах: маці, жанчыны ўжо завіхаліся каля печы — іх першых стралялі, а затым заходзілі туды, дзе спалі дзеці…

Вось як расказвае пра гэта Сабіна Пятроўна Шупляцова:

«…Прышлі немцы ў нашу дзярэўню, і тут яны пераначавалі, а раненька — яшчэ некаторыя людзі і спалі — пачалі біць. А ўвечары яны нікому нічога не казалі. Білі па хатах і ў тых людзей, у каго начавалі, таксама пабілі, — пайшло заадно. Я была ў суседзяй. I гаварылі, што ў Германію будуць браць, а хто з маладзёжы ўцячэць, то паб'юць старыкоў. Не хацелася, каб гэта пастрадалі нашы старыкі. Ну вот, я да адной дзяўчыны пайшла: калі ўжо ў Германію прыдзецца ехаць, дык каб ужо ўдваіх. Толькі мы трохі пабылі ў іх, ажно ідуць немцы. Ужо біць. Ідуць утраіх к ім у хату, а адзін немец стаяў на вуліцы. Я ішла, а ён папытаўся ў мяне толькі, дзе мой дом. А я кажу: «Вунь».

Пытанне: — А на якой мове ён пытаўся?

— Ну, гаварыў-то ён па-нашаму, але відаць было, што немец, гаворка яго не такая. Я пайшла дамоў, а яны гэту бабу пагналі і забілі там. Глядзім — гарыць сяло. Давай жа мы будзем ужо ўцякаць. I вот мы бяжым вуліцай. А там немец увілзеў, што мы бяжым, — за хатай ён хаваўся — пулямёт укапаны быў. Мы гэта немца ўвідзелі і другой дарогай пабеглі. Дабеглі да пуні. Там рэчачка. Тады два хлопцы кажуць на маю ўжо матку:

— Цётачка, давайце будзем тапіцца.

Там рэчачка невялічкая была. А мая маці кажа:

— Дзеткі, будзем прасіцца, а можа, як адпросімся. Немец выстраліў па нас і вярнуўся. А тады ж ужо з пулямёта як сталі страляць па нас!

Мяне ранілі былі. Ну, і мы паляцелі ў балота…

Хлопцы яшчэ былі малыя. I рэчка невялічкая была — цяпер яе ўжо зусім няма».

У Студзёнцы Быхаўскага раёна — акружылі раненька, праехалі па вёсцы на машынах, нават з гарматамі, да паўдня пабылі каля ветрака наводшыбе, а тады ўжо строем пайшлі па вуліцы. Па два, па тры адлучаліся ад калоны, ішлі ў двары.

— Заходзьу хату! Лажыся!..

Забіўшы паўтысячы жыхароў Студзёнкі, пераехалі ў суседні пасёлачак Студзянец. Пакуль мылі каля студні рукі, садзіліся піць-есці, працавала авіяцыя: Студзёнку палілі з самалётаў, якім карнікі перад гэтым далі сігнал з гарматы.

Карнікі, вядома, маглі і самі запаліць, як звычайна і рабілася. Але захацелася вось так. Праверыць, што больш эфектыўна. Ды і псіхалагічны момант — паказаць тэхніку, моц. Паказалі і вярнуліся ў Студзёнку, дапальваць тое, што ад авіятэхнікі не згарэла.

* * *

У Быхаўскім раёне ёсць вялікая вёска з прыгожай назвай — Красніца. Мы туды прыехалі ў сонечны ліпеньскі дзень 1972 года — праз трыццаць год пасля таго, як вёску гэтую забілі. Красніца жыве, як жыве сёння і Хірасіма. Але жыве і памяць — аб уласнай смерці памяць. I дзень той для ацалелых жыхароў Красніцы — успышка жудасці, пакуты, перад якімі астатнія месяцы і гады ваеннага ліхалецця нават губляюцца. «Да» і «пасля», а над усім — той ліпеньскі дзень 1942 года.

«…Яны ішлі цераз дзярэўню, не трогалі нікаго. З таго вунь канца цераз кладбішча. Толькі адзін пабег уцякаць, дык яго ўлавілі:

— Ты парцізан?

— Не.

Ну, яго і пусцілі. З такой паліцікай, каб ета ўспакоіць людзей было. Да. Ну, заселі яны. З'ездзілі яшчэ ў Быхаў узнаць, каторую Красніцу — Первую ці Утарую — біць. У Быхаве ўтачнілі, прыязджаюць, ацапілі ўсю дзярэўню. З вінтоўкамі, з кулямётамі ўстанавілі немцаў. А ў дзярэўні былі і паліцаі. Бо калі заганялі ў хату, дык яны па-руску:

— Ану, у хату захадзіце!

Ну што, нездагадлівы народ быў. Ідуць, і ўсё. Пытанне: — А яшчэ не было блізка такіх выпадкаў, каб забівалі?

— Раньша не было яшчэ. Да гэтага дажа не слышна было.

Да. I сталі ў хаты заганяць. Заганяюць і далей ідуць, а ўслед ужо запальвалі. Хаты гэтыя з народам. Гараць хаты. I з лугу людзі ідуць, сена вязуць, а немцы смяюцца гэтыя, каторыя там ахраняюць, часавыя гэтыя. Смяюцца толькі, што самі ідуць на гібель. А людзі ж не знаюць. Адзін з адным гавораць, што «гэта з парцізанамі б'юцца, давай быстрэй уцякаць, а то будзе і тута…» А калі немцы толькі прыехалі, камендант аб'ясніў, каб на полі ні ската, ні саміх, нікаго штоб не было. Ні ў лясу, ні на полі. Таму што з парцізанамі будзе бой і будуць усіх убіваць. А ў дзярэўні не будуць трогаць. Ну, усе і кідаліся ў дзярэўню.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 129
  • 130
  • 131
  • 132
  • 133
  • 134
  • 135
  • 136
  • 137
  • 138
  • 139
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: